Блогі / Кастусь Бандарук

Свабода і адказнасьць

23.01.2008 16:27

Тры гады калёніі строгага рэжыму для Аляксандра Зьдзьвіжкова за ранейшы перадрук карыкатураў на прарока Мухамада (Мір Яму) выклікаў у Беларусі і па-за яе межамі зьдзіўленьне і абурэньне жорсткасьцю прысуду і падазрэньні ў яго палітычнай падаплёцы.


Для мяне, акрамя зразумелага спачуваньня для пакаранага чалавека, гэта падстава, каб яшчэ раз зьвярнуць увагу на тое, што не бывае поўнай свабоды выказваньня і што свабоду нельга блытаць з уседазволенасьцю.

Памятаю верасень 2005 году. Сьпярша дацкая газэта Jyllands Posten зьмясьціла побач з артыкуламі пра свабоду слова 12 карыкатураў на Прарока Мухамада (Мір Яму). На адным з рысункаў Прарок быў паказаны ў выглядзе тэрарыста: турбан на ягонай галаве меў выгляд бомбы з запаленым кнотам. На пачатку лютага 2006 году з боку мусульманаў паднялася хваля бурных пратэстаў, гучэлі пагрозы фізычнай расправы, адбыліся бурныя дэманстрацыі, гарэлі амбасады і сьцягі Даніі і заходніх краін. У знак салідарнасьці з дацкай газэтай карыкатуры перадрукавалі газэты ў шэрагу краінаў сьвету, у тым ліку і ў Беларусі. Праўда, пасьля галоўныя рэдактары каяліся за публікацыі, тлумачыліся, што яны “нікога не хацелі абражаць, а ўсяго толькі выказалі свой пратэст супраць аспрэчваньня асноўнага прынцыпу свабоднага сьвету – права на свабоду выказваньня”.

У чым жа тады такая гнеўная рэакцыя з боку мусульманаў? Справа ў тым, што паводле хадысаў (выслоўяў Прарока Мухамада - Мір Яму) у ісламе забароненыя ня толькі выявы самога Алаха (Хвала Яму, бо Вялікі Ён) але і прарокаў, такіх як Мухамад (Мір Яму) альбо Аўраам ды Ісус (Іса) ( хай Імёны Іхныя будуць блаславёныя). Ад зьнішчэньня ідалаў, “якія кідаюць цень на зямлі”, пачаўся пераможны паход ісламу. У ісламе, як мінімум ад 800 году, забароенае выяўленчае мастацтва, недапушчальныя выявы жывых істотаў, бо маляваць – гэта як бы “ствараць”, а “ствараць можа толькі Творца, а не чалавек”. Адсутнасьць выяваў павінна была ўсьцерагчы вернікаў ад ідалапаклонства, шанаваньня прадметаў заміж самога Алаха (хвала Яму, бо Вялікі Ён). Такой забароны, замацаванай ў Сьвятым Пісьме, прытрымліваюцца таксама юдэі. (Хрысьціяне пайшлі па іншым шляху, але гэта патрабуе больш абшырнага тлумачэньня). Кіраўнік Рады мусульманаў Францыі Даліл Бубакер дадаў, што тут справа ня толькі ў свабодзе слова, але і ў праўдзе. “Калі ты журналіст, ты маеш права пісаць што заўгодна, аднак толькі тады, калі ты пішаш сумленна і пішаш праўду. Казаць, што Прарок Мухамад (Мір Яму) – тэрарыст – гэта няпраўда. Ты ня маеш права казаць, што Прарок (Мір Яму), якога мы ўслаўляем у кожную хвіліну кожнага дня – гэта заснавальнік тэрарыстычнай рэлігіі”.

Сярод палітыкаў, тэолягаў і людзей культуры разгарэлася неверагодна ажыўленая і эмацыйная дыскусія на тэму межаў свабоды слова і абразы рэлігійных пачуцьцяў. Прэс-сакратарыят Ватыкану у адмысловай заяве адзначыў, што “права на свабоду думкі і выказваньня, замацаванае ў Дэклярацыі правоў чалавека, ня можа пашырацца на свабоду абразы рэлігійных пачуцьцяў вернікаў любой рэлігіі. Таксама гвалтоўныя акцыі пратэсту вартыя шкадаваньня, бо неталерантнасьць фізычная ці слоўная, незалежна ад таго, хто яе выяўляе, як акцыя ці як рэакцыя на нешта, уяўляе сабою пагрозу міру”. “Некаторыя людзі забываюць пра тое, што ня можа быць абсалютнай свабоды, што свабода аднаго чалавека канчаецца там, дзе пачынаюцца правы іншага чалавека, у прыватнасьці права на павагу да таго, што ён лічыць сьвятым” – заявіў адзін зь біскупаў (Станіслаў Вельгус) а іншы (Сігітас Тамкявічус) дадаў, што “свабодай нельга прыкрываць зьдзек з чалавека і рэлігіі. Нельга высьмейваць рэлігійныя сымбалі і тое, што сьвятое ў іншай рэлігіі”.

Справа Зьдзьвіжкова прыгадала тое прызабытае, вельмі далікатнае пытаньне, зь якім здаўна ня могуць справіцца ні юрысты, ні грамадзкая думка. У такім выпадку, як гэта адбываецца з карыкатурамі на прарока Мухамада (Мір Яму), узьнікае шэраг пытаньняў кшталту: што такое рэлігійныя пачуцьці? Ці можна і якім чынам можна іх абразіць? Дзе канчаецца свабода слова і выказваньняў, а пачынаецца блюзьнерства? Ці поп-культура, Мадона, мастакі, рэжысэры Скарсэзэ і Форман, а таксама паўсюдная і назойлівая рэкляма могуць беспакарана і неабмежавана карыстацца рэлігійнай атрыбутыкай, якая для іншых зьяўляецца аб'ектам шанаваньня?

Не падлягае сумневу, што ў юрыдычнай практыцы заходняга сьвету прынцып свабоды слова бярэ верх, а паняцьце паклёпу, абразы гонару і годнасьці, (асабліва ў выпадку публічных асобаў) альбо рэлігійных пачуцьцяў абмінаецца і неахвотаа ўздымаецца з прычыны іх расплывістасьці і няяснасьці. Праўда, з дапамогай добрага адваката можна даказаць, што непраўдзівымі выказваньнямі нехта нас пакрыўдзіў, падарваў наш аўтарытэт, папсаваў рэпутацыю, бо была нанесеная канкрэтная шкода канкрэтнаму, жывому чалавеку. Аднак у выпадку абразы рэлігійных пачуцьцяў мы маем дачыненьне з заганнымі выказваньнямі і паводзінамі не на наш адрас, але на адрас “аб'екту рэлігійнага культу”, якім можа быць сам Бог (Хвала Яму, бо вялікі Ён) але таксама Ісус Хрыстос, Буда альбо Крышна (Мір Ім), Божая Маці, рэліквіі, іконы, альбо крыж. У ЗША вялікай, ледзь не містычнай і рэлігійнай пашанай карыстаецца нацыянальны сьцяг, аднак пасьля гучнай справы аб публічным спаленьні сьцягу судзьдзя Вярхоўнага суду Вільям Брэнан заявіў: “Ніхто пры здаровым розуме ня можа палічыць публічнае спаленьне сьцягу за сваю асабістую зьнявагу”.

Вось таму Дырэктыва Эўрапейскай камісіі правоў чалавека з 1997 году адназначна сьцьвярджае, што “сябры рэлігійнай грамады мусяць цярпець непрызнаваньне іншымі іхных перакананьняў, нават уключна з распаўсюджваньнем ідэяў, варожых іхнай веры”. Праўда, у крымінальных кодэксах шэрагу краінаў існуюць артыкулы прыблізна такога зьместу: “Хто наўмысна абражае рэлігійныя пачуцьці іншых людзей у выглядзе зьневажаньня месца, прызначанага для рэлігійных абрадаў, альбо прадметаў рэлігійнага шанаваньня, той падлягае штрафу альбо абмежаваньню волі тэрмінам да....” Насамрэч, законы датычныя абразы рэлігійных пачуцьцяў – мёртвыя, цалкам скасаваныя альбо на практыцы не выконваюцца. Таксама хрысьціяне вельмі слаба, як бы сарамліва рэагуюць на зьнявагі на свой адрас. Ці тое, што ў адрозьненьне ад мусульманаў хрысьціяне ня ўмеюць і ня хочуць абараняць сваіх каштоўнасьцяў і адстойваць іх – добра ці дрэнна – мяркуйце самі.

Напэўна няма поўнай свабоды, як не бывае бязьмежнага шчасьця. Мы маглі б шмат што сказаць і шмат што зрабіць, але заўсёды нас нешта стрымлівае і абмяжоўвае, ці то журналісцкая этыка, ці пачуцьцё адказнасьці за слова, ці начальнік, ці сумленьне, ці закон, ці прыняты звычай. Няма таксама поўнай “незалежнасьці”, бо мы можам быць толькі незалежныя ад нечага канкрэтнага, але не ад “усяго”.

У кожным разе, не азіраючыся на законы, трэба любіць сваё і паважаць чужое. І нарэшце “не рабіць другому таго, што нам самым нямілае”.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-5 (з 5)
Імя:: drakakhrust
23.01.2008 17:03

Кастусь, так здаецца, што гэты казус ніяк не атрымліваецца вырашыць ва ўнівэрсальных катэгорыях. Як, скажам, з пункту гледжаньня твайго падыходу трэба ацаніць вядомыя словы Папа Бэнэдыкта XVI, сказаныя у лекцыі ў Рэгэнсбурскім унівэрсытэце? http://catholic.by/port/news/apostolicum/2006-09-14t.htm Пакрыўдзіў ён рэлігійныя пачуцьці мусульманаў ці не? З пункту гледжаньня многіх зь іх - так. А які тут аб'ектыўны крытэрый? Тут есць яшчэ таксама праблема талерантнасьці да неталерантных поглядаў. Скажам, у Савудаўскай Арабіі за пропаведзь хрысьціянства і пераход у его прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Сказаць, што такі падыход супярэчыць тым выдатным маральным прынцыпам, якія ты выклаў - гэта будзе крыўдай рэлігійных пачуцьцяў мусульманаў ці не? Твае падыходы да гэтай праблемы by default (а можа і наўпрост) грунтуюцца на тваёй веры. А іх падыходы - на іх веры. І гэтыя падыходы заслугоўваюць роўнай павагі?


Імя:: Стась
23.01.2008 19:11

Можна дыскутаваць колькі заўгодна. Асабіста мне ў гэтае сітуацыі вельмі не хапае сьветлае памяці Ібрагіма Канапацкага. Выглядае так, што ўжо ніколі не пабачым мы бел-чыпвона-белага сьцягу зь чырвоным паўмесяцам.


Імя:: Рашэд Чоудхуры Горад:: Манрэаль
24.01.2008 07:20

Дзякуй Вам, сп. Бандарук, за сумленны і добра абдуманы артыкул. Ня ведаю, ці памятаеце, але мы з Вамі знаёмыя: мяне прадставіў Вам сп. Сяргей Шупа ў Празе ў 2001 г. Некалькі камэнтароў, калі дазволіце: Ня ўсе мусульмане згодны з рэлігійнай абаснаванасьцю забароны на маляваньне людзей і жывёлаў: многія лічаць, што іх маляваць можна, з умоваю, што ўсім зразумела, што маліцца трэба на Бога, а не на выявы. Таму на сьценах мячэцей і г.д. ні ў якім разе не малююць людзей ці жывёлаў. У выпадку Прарока Мухаммада (няхай блаславіць яго Бог і дасьць яму мір) абсалютная бальшыня мусульманаў робіць выключэньне і не малюе яго ўвогуле, каб яго выявы не ператварыліся ў "сьвятыя" абразы-іконы. Галоўная праблема з карыкатурамі на Прарока была ў тым, што яны былі не абы-якімі малюнкамі, а менавіта карыкатурамі. Адна зь іх, якую Вы ўзгадалі, выдавала Прарока Мухаммада за тэрарыста-сьмяротніка з бомбаю ў чалме. Вялікая колькасьць мусульманаў зьбянтэжылася і пакрыўдзілася колькі з-за тых карыкатур, столькі жа (калі ня больш) першапачатковаю адмоваю дацкага Прэм'ер-Міністра Андэрса Фо Расмусэна выбачыцца перад мусульманамі -- асабліва дацкімі -- за дзеяньні газэты "Jyllands-Posten". Але рэакцыя шумнай меншыні сярод мусульманаў у некалькіх гарадах сьвету -- рэакцыя, якая запоўніла тэлевізійныя экраны паўсюль -- зьбянтэжыла і абурыла вялікую частку астатніх мусульманаў таксама. Іншыя мусульмане пратэставалі зусім інакш. Напрыклад, тут у Манрэалі, шматлікія мячэці арганізавалі дні адчыненых дзвярэй, каб паказаць і растлумачыць немусульманам, што Прарок Мухаммад -- не тэрарыст і што бальшыня мусульман не падтрымлівае тых, хто падпальвае консульствы ў знак пратэсту. Разам з жонкаю (амэрыканскаю мусульманкаю) і сябрамі я арганізаваў сустрэчу, дзе сабраліся 90 жыхароў Манрэаля розных рэлігій і разам абмеркавалі такія пытаньні, як свабода слова, талерантнасьць, сьвецкасьць і ўзаемная павага ў мультыкультурным грамадзтве. Вось гэта быў наш пратэст супраць тых карыкатур і, адначасова, супраць экстрэмізму. Шчыра спадзаюся, што пратэст гэты быў канструктыўным. Я згодны, што пакараньне сп. Зьдзьвіжкова занадта суровае, але трэба адзначыць, як Вы тое й зрабілі, што ягоны пратэст канструктыўным ня быў. А сп. "drakakhrust", прычым тут Саудаўская Арабія? Яе (як дзяржаву) і ў мусульманскім сьвеце лічаць дзіўным краем з экстрэмальнай інтэрпрэтацыяй ісламу. Лепш паглядзіце на Бангладэш, дза жыве значна больш мусульманаў, чым у Саудаўскай Арабіі, і дзе хрысьціянства лічыцца адной з чатырох нацыянальных рэлігій, прытым, што хрысьціяне складаюць менш за 0,05% насельніцтва. Раство Хрыстова (мір яму) ў Бангладэш -- дзяржаўнае сьвята. Таксама Вялікдзень. А як наконт двух мусульманскіх Ідаў (Байрамаў) на Беларусі? Я таксама магу казаць "І гэтыя падыходы заслугоўваюць роўнай павагі?", але навошта так ставіцца адзін да аднаго? За нашу свабоду й вашу! http://notesonreligion.blogspot.com/


Імя:: Бандарук Горад:: Прага
24.01.2008 12:50

Так. Вельмі, вельмі шкада, што няма сярод жывых незабыўнага, тактоўнага, разумнага Ібрагіма Канапацкага. Нашы размовы зь ім і ягоны ўдзел у рэлігійных перадачах-асалода, якую не магу забыць да сёньняшняга дня. А што тычыцца ўзьнятага маім шаноўным Калегам пытаньня " талерантнасьці да неталерантных поглядаў", дык так яно ў ёсьць. Папа ( які калі і абразіў іслам, дык ўсяго толькі цытуючы візантыйскага імпэратара, які вінаваціў іслам у ваяўнічсасьці) і Патрыярх Варфаламей дарэмна пераконваюць, хаця б Савудаўскага караля альбо Анкару, каб тыя далі у сябе хрысьціянам хаця б гэтулькі правоў, колькі хрысьціяне даюць ў сябе мусульманам. Усё дарэмна. Не выконваецца нават той мінімальны і цалкам зразумелы прынцып "ўзаемнасьці". Шкада, але не магу сказаць, што на зло трэба адказваць адэкватна. Наадварот, у выпадку нападу прыходзіцца падставіць для удару і другую шчаку, а на зло ( зноў-жа паводле "маёй веры") нельга адказваць злом, але " зло трэба перамагаць дабром"


Імя:: Рашэд Чоудхуры Горад:: Манрэаль
26.01.2008 02:28

Шаноўны сп. Бандарук! Дзякуй Вам за адказ. Так, у Саудаўскай Арабіі хрысьціяне ня маюць тых праў, якія маюць мусульмане ў шматлікіх хрысьціянскіх краінах. Але я большую частку свайго жыцьця пражыў у дзьвюх мусульманскіх краінах: Бангладэш і Кувэйце. Там хрысьціяне вольна ходзяць у касьцёлы і цэрквы, прычым у Бангладэш яны гэта робяць ужо некалькі стагодзьдзяў. У Бангладэш хрысьціяне таксама публічна прапаведуюць свю веру: свабодна прадаюцца Бібліі; па дзяржаўным тэлебачаньні штотыднёва паказваюць хрысьціянскую пропаведзь; перад Калядамі паказваюць доўгія хрысьціянскія перадачы; у газэтах публікуюцца віншаваньні хрысьціян с Раством (гл. напрыклад http://www.thedailystar.net/2005/12/25/d51225060666.htm). Хачу нагадаць, што ў Бангладэш жыве 125 мільёнаў мусульман (са 150 м. чалавек), у той час, як у Саудаўскай Арабіі ўсё насельніцтва складае 28 мільёнаў. Таму ня думайце, калі ласка, што Бангладэш ёсьць нейкай пэрыфэрыяй у ісламскім сьвеце. Увогуле, тыя цёплыя адносіны, якія існуюць паміж мусульманамі і хрысьціянамі у Бангладэш, гэта не выключеньне, а вынік мусульманскіх вучэньняў. Напрыклад, у лісьце да хрысьціянскіх манахаў Манастыра св. Кацярыны ў Егіпце (напісанае ў 628 г.), Прарок Мухаммад (няхай блаславіць яго Бог і дасьць яму мір) сказаў: "Сапраўды я... і мае прыхільнікі ахоўваем іх, бо хрысьціяне -- мае грамадзяне; і клянуся Богам, я супраць любой рэчы, якая ім не падабаецца. Хай ня будзе ніякага прымусу супраць іх.... Іхныя цэрквы будуць паважацца." (поўны тэкст гл. тут: http://darvish.wordpress.com/2006/10/20/the-prophets-letters-to-christians/). Таму няварта рабіць з сёньняшняй Саудаўскай Арабіі прыклад таго, што думаюць ці робяць мусульмане ўвогуле.

Камэнтары 1-5 (з 5)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks