"Беларусістан"? Ну тут Вы ўжо, пане, загнулі. Ці можаце Вы казаць, палажыўшы руку на сэрца, што рэлігійная меншыня, якая складае менш за 1% ад насельніцтва Беларусі, якімсьці невядомым чынам захопіць у краіне ўладу? Ці верыце Вы самі у гэтую "актуальную пагрозу"? Хопіць народ пужаць. Я ўжо шмат гадоў чытаю Вашыя артыкулы, сп. Дракахруст, і дасюль ставіўся да іх з зацікаўленасьцю й павагаю. Але цяпер, як мусульманін і як беларус (так, беларус, з вялікай колькасьцю праваслаўных сваякоў і продкаў), я расчараваны. Ня думаеце Вы, што нашая вера заслугоўвае павагі, дык ня думайце. Вас ніхто не прымушае. Але чаму ж маляваць беларускіх мусульманаў як нешта чужое, што пагражае, калі мусульмане жывуць спакойна на Беларусі з часоў Вітаўта? А тут, з Вашых словаў выходзіць, што ад беларускіх мусульманаў астатнім беларусам трэба абараняцца?! Так, нядобра выказаўся сп. Шабановіч. Але пры чым тут "неэўрапейскія этнасы", якія Вы згадваеце? Хіба сам Шабановіч, чые продкі жывуць у нашай з Вамі (і ягонай!) краіне мабыць ужо некалькі стагодзьдзяў -- не эўрапеец? Калі ён не эўрапеец, дык прабачце: Вы таксама -- не, бо ў такім выпадку цэлая Беларусь па-за Эўропай. Усе грамадзяне Беларусі ёсьць адным народам і калі Вы гэта не прызнаеце, дык дзе ж Вашыя эўрапейскія каштоўнасьці? Вы кажаце, што "зьнявагі чужога не абароняць свайго". Тут я з Вамі згодны. Але куды лепш не дзяліцца на сваіх і чужых. За нашу свабоду й вашу! http://notesonreligion.blogspot.com/