Палітыка

Прысуд журналісту Зьдзьвіжкову: водгукі

18.01.2008 16:51

Былы намесьнік рэдактара газэты “Згода” Аляксандар Зьдзьвіжкоў прызнаны вінаватым у распальваньні рэлігійнай варожасьці. Менскі гарадзкі суд пакараў Зьдзьвіжкова трыма гадамі зьняволеньня.


Абу-Бэкір Шабановіч, муфтый мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Рэспубліцы Беларусь, цьвердзіць, што беларускія мусульмане не патрабавалі такога строгага пакараньня Аляксандра Зьдзьвіжкова:

“Мне шкада чалавека. Ён зрабіў памылку. І вельмі шкада, што ён гэтай памылкі так і не прызнаў.

Мы не заклікаем да таго, каб было “зуб — за зуб, вока — за вока, кроў — за кроў”. Наша рэлігія — самая мірная. І мы не патрабавалі, каб яго пасадзілі. Мне здаецца, можа б, і штрафу хапіла. Дый газэту закрылі, гэта таксама страты.

Але ж я не магу дыктаваць нашаму заканадаўству. Яно абараняе правы грамадзянаў.

Мая думка такая — мы ўсе адкажам перад Усявышнім. І ён, і я, і ўсе. У судны дзень адкажам за ўсё, зробленае намі”.

Сяргей Луканін, юрысконсульт царквы “Новае жыцьцё”, лічыць прысуд журналісту палітычнай справай:

“Я думаю, што насамрэч гэта справа больш палітычная. Тут дакладна існуе палітычны падмурак. А калі глядзець на рэлігійны аспэкт? Вядома, публікацыі ў мэдыях, якія зьневажаюць рэлігійныя пачуцьці вернікаў розных рэлігіяў, гэта, на маю думку, недапушчальна. Аднак караць за гэта падобным прысудам — тут таксама назіраецца перабор.

А што да канкрэтнай справы спадара Зьдзьвіжкова, дык тут, я думаю, ёсьць 100% палітычны падмурак. І толькі з-за палітычнага падтэксту асудзілі гэтага чалавека”.

Уладзімер Ламека, намесьнік упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, кажа, што дагэтуль ня можа зразумець, чым кіраваўся Аляксандар Зьдзьвіжкоў:

“Мабыць, выхаваньне ў яго такое? А можа, недаўсьвядоміў? Тады ж увесь сьвет шумеў, Эўропа хвалявалася, мусульмане казалі, што абражаецца іхняя годнасьць. Дык трэба ж было зарыентавацца. Навошта нам спатрэбіліся гэтыя камэнтары? Вось і атрымалася так.

А можа, гэта і палітычны заказ, паколькі ў нашай апазыцыйнай прэсе ўсё бывае. Навошта было друкаваць? Нашай дзяржаве гэта аўтарытэту не дадало, атрымаўся толькі непатрэбны скандал. Абражаецца годнасьць вернікаў, а мусульмане ж і ў нашай краіне ёсьць. Гэта абраза годнасьці ўсіх мусульманаў. Таму і нашы не маўчалі”.

Сяргей Няроўны, рэдактар незалежнай газэты “Вольны горад”, лічыць, што ўсе журналісты павінны аб’яднацца, каб дапамагчы калегу:

“Пасьля такога прысуду журналісты павінны праявіць салідарнасьць. Трэба дамагчыся, каб гэты прысуд (а Зьдзьвіжкоў абскарджвае прысуд) быў адменены. Калі мы сьцярпім гэта, дык улада пачне хапаць і садзіць за любую крытыку. Будуць чапляцца, шукаць самыя дробныя памылкі, якія робяць журналісты ўва ўсім сьвеце. І саджаць, саджаць, саджаць. Каб зьбіць дух свабоды”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-3 (з 3)
Імя:: watslaw
18.01.2008 18:12

“Пасьля такога прысуду журналісты павінны праявіць салідарнасьць."(Сяргей Няроўны)---гэта гучыць больш чым абсурдна, якая салідарнасьць?салідарнасьць-каб здзеквацца над верай?" дык улада пачне хапаць і садзіць за любую крытыку"-і гэта вы лічыце крытыкай?крытыкай каго?бога?


Імя:: janka
22.01.2008 19:18

Pavazhany Watslaw, Ci upeuneny vy, shto geta byli zdekvanni nad veraj? Vy chytali sam artykul? I shto tam byu za kantekst?Raju taksama paznajemicca sa slovami liderau "belaruskih musulman" - akazvaecca, spadarstva, jakoe tak "abradzanna artykulam i nepakoicca pra musulmanskija svjatyni" navat NE VEDAE ("ne pamatue, bo heta bylo dauno"), chym skonchylasja historyja z karekatyrami u Danii. Jak vam fakt?


Імя:: З боку
22.01.2008 19:48

“Пасьля зачытваньня прысуду Зьдзьвіжкоў сказаў: "З намі Бог і Хрыстовая сіла"...” - выглядае, што ён надрукаваў карыкатуры не з-за салідарнасьці з калегамі-журналістамі і не з-за прыхільнасьці да свабоды слова. Гэта было хутчэй у рамках рэлігійнай барацьбы - працяг Крыжовых паходаў. Дзіўна толькі, што засудзілі яго якраз прыхільнікі той самай таталітарнай сэкты - РПЦ.

Камэнтары 1-3 (з 3)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks