Сімпатызуючы абодвум спрэчнікам, дазволю сабе даць кароткі камэнтар. Яшчэ ў савецкі час мне давялося шмат перакладаць тэхнічнай дакумэнтацыі для вырабаў, што йшлі на экспарт (інструкцыі, тэхнічныя пашпарты, гарантыйныя сэртыфікаты і г. д.). Калі ў тэкстах сустракаліся тэхнічныя савецкія жарганізмы, мы звычайна зьвязваліся з заказчыкам і прасілі замяніць іх на стандартныя. Калі б я тады перакладаў, напрыклад, разьдзел “Тэхнічныя парамэтры радыёпрыймача”, я параіў бы замяніць “сьціснуты” тэхнічны слэнг на дакладны. Тут я на баку “Генадзя”. Думаю, пачынаючы працоўны дзень, радыйнікам лепш гаварыць “поўным стылем”: “Нашыя перадачы вы можаце слухаць на ультракароткіх хвалях …” Падчас жывой трансьляцыі мадэратар лёгкай перадачы можа дазволіць сабе пэўныя “эліпсы” і сьцяжэньні кшталту эф-эм-дыяпазону, маючы на ўвазе, што гэта “эф-эмавы” дыяпазон. (выраз “Лінгвістычна зацікаўленага”). Я тут на баку апошняга. Сапраўды, карыстаючыся прыймачом, слухач бачыць на панэлі 9 расьцягнутых кароткахвалевых (SW) палосаў і справа яшчэ тры: LW, MW і FM. Тут 11 сімвалаў (зьлева направа) – аднародныя, апошні справа – належыць да іншай групы паняткаў. “Вінаватае” ў гэтым нашае вока. Яно штурхае нас да абугульненьня тыпу “Пафарбаваць траву ад панядзелку да казармы”. Але штодзённая вусная мова гэта прымае і пасьпяхова “страўляе”. Не хварэючы на прымітыўны моўны крэтынізм, мы нават разумеем дзікаватую рэкляму зь ейнай “супэрцаной”, разумеючы, што гутарка йдзе пра “супэрвыгадную” цану, а не пра супэрвысокую.
Закончыць камэнтар я хацеў бы больш вясёлымі і зразумелымі прыкладамі з так званымі крылатымі выразамі, дзе паводле таго ж прынцыпу эканоміі часта ўжываныя выразы нярэдка трацяць сувязь зь першакрыніцай, “абсякаюцца”, вандруюць у іншы бок ці нават пераасэнсоўваюцца. Гадоў 30 таму, працуючы ў АН БССР, я праводзіў апытаньне сярод беларускіх вучоных-гуманітарыяў (усе з вучонымі ступенямі) ды іхных калегаў з Інстытуту мовазнаўства і літаратуры ў Маскве, як яны ўжываюць шырока вядомыя выслоўі антычных і сучасных мысьляроў. Мая задача была выявіць не ступень эрудыцыі правінцыялаў і сталічных, а ступень схільнасьці “спрамляць” ды спрошчваць сэнс першакрыніцы ў залежнасьці ад “аддаленасьці” да яе. Большасьць нашых інтэлектуалаў усё ж пакуль пазнаюць Шэксьпіра ды Плятона праз расейскую мову і Дастаеўскага чытаюць па-расейску.
Я прапанаваў дзясяткі тры крылатых выразаў і прасіў даць адно найбольш адэкватнае тлумачэньне адносна арыгіналу (выбару варыянтаў не прапаноўвалася) або пазначыць няслушны варыянт ужываньня. Чысьціня экспэрымэнту патрабавала даваць матэрыял па-расейску і ў папулярна замацаванай форме. Зь вядомых выслоўяў я даваў, напрыклад, такія:
• Красота спасёт мир (звычайна кажуць: як сказаў Дастаеўскі…); у Дастаеўскага : “Прыгажосьць Хрыстовага подзьвігу выратуе сьвет”.
• Малінавы звон (азначэньне паходзіць ад французскай назвы Maline бэльгійскага горада Mechelen, дзе патомныя майстры-сямейнікі Кальдэрманс выраблялі званы з адмысловым гучаньнем).
• Здаровы дух у здаровым целе (У Ювэнала: “Трэба маліць багоў, каб далі здаровы розум у здаровым целе”. Няма “прычынна-выніковага” акцэнту).
• Из дальних странствий возвратясь ( Першы радок з байкі Крылова “Лжец”, дзе падарожнік-ілгун пляце несянесіцу).
• О доблестях, о подвигах, о славе (Першы радок з блокаўскага вершу, дзе лірычны герой забывае на доблесьці, подзьвігі і славу, калі глядзіць на фота каханай, што аддала свой лёс другому).
• На сон грядущим (-щий) (Назва малітвы, якую трэба чытаць вернікам перад сном (“тым, што адыходзяць да сну”) і г. д.
Ацэнка адказаў праводзілася з улікам тлумачэньняў з аўтарытэтных даведнікаў розных гадоў выданьня. Вынікі былі даволі нечаканыя. Маскоўскія эрудыты, дэманструючы трошкі лепшыя веды арыгіналаў у параўнаньні зь менчукамі былі больш цярпімыя да вульгарызацыі і зьмены першапачатковых сэнсаў.
Мова – знакавая сыстэма, дзе графічны выгляд слова і гучаньне не зьвязаныя са значэньнем. Усё вырашае “грамадзкая дамова”. Выключэньняў няшмат. Напрыклад, гукапераймальныя словы. Дый тут не абыходзіцца без “грамадзкай дамовы” (маўляў, мы так чуем). Пры аднолькавых спэктраграмах сьпеваў пеўня, наш певень сьпявае “ку-ка-рэ-ку”, а нямецкі – “кі-кі-рэ-кі”.
Тут я падышоў і да адказу на пытаньне чытача блогаў пра словы “сусьветны”, “усясьветны” і “сьвятовы”. Нарматыўныя афіцыйныя слоўнікі часьцей даюць прыметнік “сусьветны” для азначэньня таго, што мае дачыненьне да ўсяго “сьвету”, усёй Зямлі. Канешне ж “су-сьветны” марфэмна-этымалягічна больш нагадвае панятак “касьмічны”. Добра ж гучыць: чалавек, Зямля, Сусьвет. Гаворачы пра нашу зямлю, мы кажам: увесь сьвет. Увесь сьвет у гутарковай мове яшчэ значыць – усе. Увесь сьвет сьмяецца! Так, дарэчы, і ў шмат якіх іншых мовах. Некалі яшчэ ў дапрэзыдэнцкім ЛІМ’е я прачытаў жартаўлівыя тосты Васіля Шаранговіча на сваім юбілеі: За беларускіх кніжных графікаў, лепшых у СНД! За нашых графікаў, лепшых у Эўропе! За лепшых у сьвеце! За лепшых у Сусьвеце!
Дык усё ж ці пахне малінавы звон? Пахне, калі вельмі захочацца! Ніхто ж нікому не забароніць, чуючы малінавы перазвон, узгадаць, як ён малы зьбіраў разам з маці на лядах маліны і адчуць малінавы пах. Але вось праводзячы ў Халопенічах конкурс “Міс Халопенічы”, ня варта цытаваць “як-бы-Дастаеўскага”, бо ягоны літаратурны герой, крылата выслаўляючыся, думаў пра Хрыста, а не пра цялесныя вабнасьці.