Блогі / Віталь Цыганкоў

Джон Маккейн – «наш» кандыдат

17.01.2008 12:07

Ня ведаю, як вы, а я назіраю за амэрыканскімі прэзыдэнцкімі «праймэрыз» са зьмешаным пачуцьцём захапленьня і зайздрасьці. Так і цягне вымавіць сакрамэнтальную фразу “Жывуць жа людзі!” – маюць кандыдататаў, праграмы, дыскусіі, барацьбу, непрадказальнасьць.


І хай сабе многія скажуць – «дый гэта ўсё шоў», у адказ думаеш – «нам бы такое шоў».

У Беларусі выбараў няма даўно, цэлае пакаленьне ня ведае, што гэта такое. Цяпер выбараў няма ўжо і ў суседняй Расеі, палітыкі якой у Беларусі былі больш вядомыя, чым свае, бо большасьць беларусаў звыкліся глядзець у сьвет праз расейскае тэлевізійнае акно.

І таму, нават калі вы не фінансавы геній Уол-Стрыту і ў вас няма ніякай матэрыяльнай зацікаўленасьці ў тым, хто пераможа ў ЗША, вы ня можаце застацца абыякавым да гэтай захапляльнай гонкі. Дый увогуле ў нашых людзей шырокі кругагляд -- памятаю, як гаравала адна пэнсіянэрка з-за таго, што французы выбралі «праамэрыканскага», як яна сказала, Сарказі.

Які ж канкрэтны інтарэс беларусам у амэрыканскіх выбарах? Традыцыйна лічылася, што дэмакраты больш ідэалістычныя ў зьнешняй палітыцы, рэспубліканцы больш прагматычныя, схільныя да “рэальпалітык”. Самы яркі прыклад з блізкага да нас часу – рэспубліканец Рычард Ніксан, які ў пачатку 70-х пайшоў на разрадку ў адносінах з СССР і наладзіў стасункі з камуністычным Кітаем.

Але цяперашні прэзыдэнт ЗША рэспубліканец Джордж Буш, здаецца, паводле ступені ідэалягізаванасьці пераўзыйшоў усіх папярэднікаў. Знакаміты гісторык Артур Шлезінгер адзначыў, што Джордж Буш-малодшы – першы амэрыканскі прэзыдэнт, які ў сьвецкіх рашэньнях кіруецца рэлігійнымі матывамі.

Той самы Шлезінгер у сваёй галоўнай працы -- кнізе «Цыклы амэрыканскай гісторыі» -- аналізуе зьмену палітычных пэрыядаў у гісторыі ЗША і адзначае, што, як правіла, кансэрватыўны цыкль цягнецца даўжэй чым цыкль пераменаў – адпаведна рэспубліканцы, якія ўвасабляюць кансэрватызм, кіруюць у сярэднім у два разы часьцей, чым дэмакраты. Ага, кажа ўважлівы чытач, -- значыць пасьля двух тэрмінаў дэмакрата Клінтана і двух тэрмінаў рэспубліканца Буша цяпер зноў мусіць быць рэспубліканец.

Тэарэтычна гэта так, і я асабіста думаю, што на гэтых выбарах зноў перамогуць рэспубліканцы. Але… але ці можна адназначна 8 гадоў прэзыдэнцтва Буша назваць кансэрватыўным цыклем? Калі часопіс Time ў 2004 годзе назваў Буша чалавекам году, то артыкул пра амэрыканскага прэзыдэнта (як і сёлетні артыкул пра “чалавека году” Уладзімера Пуціна), быў хутчэй крытычным, чым апалягетычным. А заканчваўся ён наступнымі словамі – “Буш, сапраўдны рэвалюцыянэр”. Тут і крыецца загадка наступнага прэзыдэнтства – якія ідэі запатрабуе грамадзтва, ці захоча яно адпачыць, агледзецца вакол, заняцца сабой, ці ўжо гатовае рвануць наперад, да новых грамадзкіх вяршыняў?

Варта адзначыць, што амаль кожны з існуючых кандыдатаў – ня толькі дэмакраты, але і рэспубліканцы – гаворыць пра перамены, гэта слова адно з самых распаўсюджаных сярод выбарчых слоганаў. Аднак ці настолькі амэрыканцы прагнуць пераменаў, што гатовыя прагаласаваць за чарнаскурага Барака Абаму (дарэчы, калі тата ў яго чорны, а мама белая – чаму ўсе называюць яго чарнаскурым? З тым жа правам -- 50 на 50 -- мы можам называць яго белым)? Варта нагадаць, што афраамэрыканцы і так на ўсіх апошніх выбарах традыцыйна працэнтаў на 90 галасуюць за дэмакратаў – фактычна незалежна ад таго, якую кандыдатуру тыя выстаўляюць. Так што ў гэтым сэнсе Абама дэмакратам галасоў не дадасьць. Ці гатовае амэрыканскае грамадзтва прагаласаваць за жанчыну, незалежна ад яе палітычных і чалавечых якасьцяў? Калі ж гаварыць пра канкрэтную Гілары Клінтан, то ў яе, паводле апытаньняў, адмоўны рэйтынг перавышае станоўчы.

А зь іншага, рэспубліканскага, боку? Джуліяні? Італьянец і -- былы мэр Нью-Ёрку?? Няўжо раптам амэрыканская глыбінка палюбіла Нью-Ёрк? Мармон Мітт Ромні? Are you kidding?

Так і хочацца жартаўліва спытаць -- дзе яны, слаўныя WASPы (White Anglo-Saxon Protestant), якія заўсёды кіравалі Амэрыкай? Ёсьць такія сярод галоўных прэтэндэнтаў! Гэта былы губэрнатар Арканзасу Майк Гакабі і 71-гадовы сэнатар Джон Маккейн.

Маккейн -- магчыма, адзіны з кандыдатаў, які даўно ўжо ведае, як вымаўляецца Belarus і дзе яна знаходзіцца на мапе. Дастаткова ўзгадаць гістарычную канфэрэнцыю ў Вашынгтоне ў лістападзе 2002 году пад назваю "Вось зла: Беларусь - прапушчанае зьвяно", шэраг заяваў, сустрэчаў зь беларускай апазыцыяй і падтрымкай законапраектаў. Так што дэмакратычным беларусам, здаецца, не застаецца выбару, за каго аддаваць свае сымпатыі. Джон Маккейн – наш кандыдат!

 
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-8 (з 8)
Імя:: czalex
17.01.2008 13:20

Безумоўна і цалкам згодны наконт МакКейна


Імя:: Кася
17.01.2008 21:19

Макейн - гэта ваш кандыдат. Ен нiчым не адрознiваецца ад Буша, якi ужо усiм надаеу, таму i не будзе абраны. Вiталь, цяпер пра жывуць жа людзi. Хлопчык мой, ну ты ж не манi людзям: да галасавання дапушчаны толькi члены партыi, а не усе грамадзяне ЗША.


Імя:: Васiль
18.01.2008 06:19

Вiталь, расстроили. После достаточно глубоких анализов отечественных проблем выдать такого "плоскача". Обама - черный, Ромни - мармон, Джулиани - итальянец, а кто же наш? Маккейн! Пишу не потому, что с вашим выбором не согласен. Не избиратель. Хочу, раз тема затронута, но не раскрыта, поделиться субъективными представлениями о кандидатах, которые по текущим опросам сохраняют шансы. Демократы. Обама - умница, внимателен к различным точкам зрения, наверное, лучший, если бы ситуация в штатах и мире была идеальна. Клинтон - амбициозна, опытна, где-то, Маргарет Течер. Республиканцы. Маккейн - честный дядька с военным бэкграундом. Хакаби - даже более набожный, чем Буш. Ромни - бывший губернатор, проводил Олимпиаду, сверхгибкий организатор. Может победить, если пара ближайших недель обозначат реальность экономического кризиса. Вероятное отношение к Беларуси. Обама может пытаться вести диалог по примеру Европы, но как романтик, не циник. Хилари, мне кажется, про нас понимает лучше всех, и способна призвать европейцев, и, возможно, русских, на единую к нам позицию. Про Маккейна мне нечего добавить к тому, что сказал Вiталь. Ромни тоже может быть неплохим вариантом, если у него дойдут руки до понимания, как здесь переплетаются экономика с политикой.


Імя:: Кастусь Горад:: Прага
18.01.2008 06:54

Пераканаўчы тэкст, але лёгіка ўсё-ж падказвае, што амэрыканцы абяруць чалавека, які замест выпраўляць увесь сьвет спрабуе выправіць сытуацыю ў сваёй краіне. Здаецца пераможа той, хто наймацней загаворыць пра прыярытэт унутранай палітыкі.


Імя:: Цыганкоў
18.01.2008 10:36

Касі. Дзяўчынка мая, я ні ў чым не маніў людзям. Паўтаруся: “Жывуць жа людзі!” – маюць кандыдататаў, праграмы, дыскусіі, барацьбу, непрадказальнасьць. Дзе мана? І дарэчы, у некаторых штатах галасаваць на праймэрыз могуць усе ахвотныя, усе, хто прыйдзе ў гэты дзень на "участкі". У іншых сапраўды -- толькі зарэгістраваныя сябры партыяў. Але працэдура гэтай рэгістрацыі надзвычай простая, наколькі я ведаю -- прайшоў, заявіў, распісаўся


Імя:: Цыганкоў
18.01.2008 11:04

Васілю. Па-першае, дзякуй за высокую ацэнку папярэдніх блогаў. Па-другое -- можа я занадта завысіў плянку? Ну сапраўды, кожны тыдзень пра "Нацыянальную ідэю ўлады" пісаць не магчыма. Таму я наўмысна абраў даволі лёгкі, вясёлы і нават павярхоўны стыль напісаньня пра амэрыканскія выбары. Глыбокі аналіз тут заняў бы зашмат месца, ды магчыма, я і ня вузкі спэцыяліст для такой справы -- хаця тэму гэтую люблю, сачу паводле амэрыканскіх СМІ. Ды й шырокаму колу чытачоў "Свабоды" надта паглыбляцца тут можа і не цікава было. Дарэчы, ваш кароткі аналіз мне вельмі спадабаўся


Імя:: drakakhrust
18.01.2008 14:43

Зараз некаторыя жартам кажуць, што ўплыў ЗША на падзеі ў сьвеце такі вялікі, што прэзыдэнта гэтай краіны варта было б выбіраць усім чалавецтвам. Віталь, пішучы, што Маккейн - "наш" кандыдат, пад "намі" мае на ўвазе пэўнае, ня надта шырокае кола. А цікава, за каго б сапраўды прагаласавалі беларусы, калі б мелі такую магчымасьць? За каго, зразумела, з існага амэрыканскага набору.


Імя:: Сіліцкі
18.01.2008 15:08

Калі дакладна, то ў 21 штаце з 50 праймэрыз альбо адкрытыя (галасуй хоць у двух праймэрыз) ці паўадкрытыя (галасуй у адным, але выбяры загадзя, у якім, незалежна ад партыйнай рэгістрацыі). Яшчэ ў некалькіх штатах паўзакрытыя (толькі незалежныя выбаршчыкі маюць выбар у якім праймэрыз удзельнічаць), і прыкладна ў палове штатаў праймэрыз цалкам закрытыя (дзевачкі, то бок дэмакраты - налева, мальчыкі, то бок рэспубліканцы, направа)

Камэнтары 1-8 (з 8)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks