Блогі / Пятро Садоўскі

Пераднавагоднія трывогі

27.12.2007 15:43
Пятро Садоўскі

Мой большы ўнук, якому вось-вось будзе 18, называе ягаднае і фруктовае варэньне “сочыва”. Гэтае слова ён пераняў ад маці, якая прынесла гэтую назву з “Майстроўні”, калі яшчэ была студэнткай БДУ і хварэла на патрыятычны лексычны пурызм: каб толькі не было падобна на расейскае!


Я кажу яму: гэта ўсё ж-такі страва для Сьвятога вечару. Гэта можа быць крупяная каша, “прыкінутая” сокам (“малаком”) зь сямян: ільну, арэхаў, маку, каноплі, міндалю - у каго што ёсьць. І ядуць яе пасьля зьяўленьня першай зоркі на небе. Гэтая посная страва мае свой жыцьцёвы знак, адводзіць чалавека ад жарсьцяў, хіліць да роздуму пра дабро і шчасьце… Унук па-філязофску іранічна адказвае: “А я хачу шчасьця штодня, таму і ем штораніцы і штовечара сочыва…”

У гэтых хлапечых, нецярплівых і франдзёрскіх словах ёсьць свой мэтафарычны сэнс. Чалавек народжаны для чыну дабра і шчасьця. Малады хоча шчасьця тут і зараз. Старэйшы, магчыма, знаходзе сапраўднае шчасьце ў добрым чыне…

***

У гэтым годзе ў Беларусі ў калядна-навагоднія дні думкі пра вечнае і добрае раз-пораз прыцямняюцца трывожнай штодзённай смугой нават у тых, для каго Каляды – сьвята для душы, а ня “праздная” мітусьня. Штодзень пагрозьліва нагадвае пра сябе.

У сераду 26-га еду рэйсавым аўтобусам па Менску з аднаго канца горада ў другі. Мая суседка – дагледжаная дама, чытае часопіс “Главный бухгалтер”. У праходзе разнамасная публіка. Амаль увесь шлях у аўтобусе для Мінску незвычайна ажыўлена.

Падпіты мужчына да дамы з часопісам: “Ну што там прэзыдэнт пра зарплату піша?”.
Голас побач: “Падарункі робіць прэзыдэнт! Вунь “Водаканал” 20% -ыя зьніжкі на ваду адмяніў, а гэта ж былі ня льготы, а кампэнсацыя за лічыльнікі. Мы ж самі іх куплялі!”.
-- “Што лічыльнікі, -- мой унук цяпер во штодня дзьве чатырыста за праезд у тэхнікум плоціць. Ды на перакуску пяцёркі мала. А маці з бацькам у месяц разам 700 маюць”.
– “Кажуць, што зьніжку на лічыльнікі вернуць, памылка выйшла, прэзыдэнт ураду клізму за гэта ўставіў…”
– “Ды кіньце вы! Гэта ў іх усё як па нотах! У адну дудку дуюць…”
– “Вунь у Шэймана грудзі па пуп у медалях, як у Жукава, а за кожны мядаль – грошы!”
– “Ды не даюць за гэта грошы!”.
– “Во Расея паўтара мільярда дала, а чаго гэта Лукашэнка пятлю закінуў ды душыць?”
– “Ды яшчэ два абяцала…”.
– “Дык гэта ж аддаваць трэба. Будзем на кручку. Вунь, кажуць, расейцам ужо палову лесу прадалі, а кітайцам агратурызм…”
– “Кітайцы ўсё падчысьцяць, зьядуць усё, што поўзае.”
– “А кітайцы так ня п’юць, як нашы. У цілівазары паказвалі, расейскія бабы за кітайцаў замуж ідуць і задаволеныя…”
– “Паплача Расея з гэтымі кітайцамі! Хай лепш немцам зямлю ў Сібіры даюць, дык парадак будзе.”
– “Новы прэзыдэнт у Расеі парадак навядзе, гэты, як яго, малы ды галавасты? Во-во, Мядзьведзеў…”
– “Што Мядзьведзеў, сьмех: яны з Пуцінам, як два нанайцы барукаюцца. Ты мяне выстаўляеш і хваліш. А я цябе. Аж сьвет трасецца ад сьмеху… Во Гаварухін, той што “Варашылаўскага стралка” ставіў”, кажа: “Зрабілі новую КПСС!”.
– “Сталіна на вас няма! Падумаеш, білет падаражэў на 300 рублёў, мы вунь сталінскія аблігацыі на танкі куплялі, каб немцаў разьбіць!”.
– “Дык цяпер жа не вайна! Вунь у Шклове лядовы палац пабудавалі, а ён пусты стаіць! Грошы ўбухалі, а з нас скуру дзяруць. Настаўнікам толькі 24 дні адпачынку аплочваць будуць, астатняе за свой кошт…”
– “Кажуць, з сакавіка пенсіянерам, якія працуюць, скажуць: або пенсія, або зарплата!”…
– “А-я-я. людцы. Што ж гэта робіцца…?”
– “Вы што нічога добрага ня бачыце? Вунь дамы пачалі ўцяпляць тэрмафутрам, як у Эўропе, менш цяпла будзем траціць, квартплата панізіцца…”
– Ой, дзяржыце мяне, -- якое тэрмафутра? Гэта ж прэзэрватыў! Цагляныя дамы ў блокавыя перарабляюць, летам захліпнесься. Пенапласт ня дыхае! Дадуць сваім блатным фірмам зарабіць, а праз год аддзіраць будуць. Во асфальт скрозь на плітку мяняюць, гэта ж блатны завод робіць. Кажуць, там сынок вялікага начальніка камандуе. Капіталізм, а мы, дурныя, маўчым!”.

Усё, што я напісаў, - так і было. Толькі на больш-менш літаратурную беларускую мову пераклаў і нецэнзурныя словы выкінуў. Адна рэпліка мая. Не скажу, якая.

***

Трывожна. Мы і праўду маўчым. Аналітыкі гадаюць: пра што гэта Лукашэнка з Пуціным так доўга гаварылі? Беларускія дзяржаўныя тэлегаваруны радасна і бадзёра агучылі інфармацыю пра апошнія перамовы беларускага і расейскага прэм’ераў: эканамічнае абмеркаваньне ў заключнай частцы перарасло ў палітычны фармат. Расея, як частка “саюзнай дзяржавы” заявіла пратэст ЗША за санкцыі супраць Беларусі. Яшчэ адна нагода для аналітыкаў: раней такога фармату не было, каб так на эканамічным пасяджэньні палітыкавалася. Мы так прывыклі, што нас мала пра што пытаюцца. Як з той тэрмашубай для ўцяпленьня: адлічайце людцы грошы на капітальны рамонт, а мы вас абуем у што захочам. Пасьля можаце пратэставаць.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-6 (з 6)
Імя:: Michal Zaleski Горад:: Mensk
27.12.2007 19:05

Гэта чуваць ва ўсіх людных месцах апошнія семь тысячаў гадоў.


Імя:: Kipa Горад:: Mensk
27.12.2007 22:27

Канешне, з прадвеку людзі лаяць урад: "Яны там зьверху...!". Але чаму сем тысячаў гадоў? Можа, першыя дзяржавы былі раней?


Імя:: drakakhrust
28.12.2007 02:13

Фройд пісаў, што людзі спрадвеку сьмяюцца з нагоды толькі трох рэчаў: сэксу, дэфэкацыі і ўраду. А лаяць - толькі апошняе.


Імя:: Шнюрбард
28.12.2007 06:20

Грюс Гот, як кажуць... Вельмі слушныя засьцярогі, спадар Пётра: У Беларусі – закатываюцца пад асфальт ня толькі этнічныя прыкметы беларусаў, але і любыя праявы паспалітага грамадства. У Расеі – мяняецца структура кіраваньня грамадствам і г.д. Зьявіўся свой “Аўтадор”, будынкі перадаюцца ў цэнтралізаванае ўпраўленьне і культурніцкія ўстановы выкідваюць на вуліцу. Стан рэчаў і сістэмы кіраваньня ў Беларусі і Расеі імкліва зьбліжаюцца. Калі адкінуць балбатню “гаваруноў ”, то на гэтае “эўраазійскае прасторы” будуецца дзяржава на грунце рускага нацыянал-сацыялізму. Дакладней гэта нейкае новае ўтварэньне: ад дзяржавы засталася толькі зьнешняя форма, сутнасць жа – у пабудове новых эканоміка-палітычных механізмаў, якія вымагаюць “новага тыпу грамадства”. Ядро і матор гэтага – парэшткі ваена-прамысловага комплексу СССР, што абсарбіраваны і кіруецца “акопным Брацтвам КГБ-ФСБ” туды ж дадаецца РПЦ, усё гэта ў сукупнасці можна назваць праектам “Сьвятая Русь”. Гэта вельмі нагадвае новую “Узыходзячую Атлянтыду”. Яшчэ за савецкім часам гэтыя “хлопчыкі“ паслалі Маркса зь Дравіным і Энштэйнам куды далей (пакінуўшы ўсё гэта шырокае публіцы) і займаліся дасьледваньнямі Сусьвету, як ён ёсьць: ад магіі зь астралёгіяю да біялёгіі, сацяльнае экангомікі, астраноміі і астрафізікі (Нават “вечны рухавік” будавалі. архівы “Ананербе” таксама ў Маскве)... Вынікі “новае сацыяльнае інжынэрыі” былі апрабаваныя ў Беларусі, а зарас пашыраюцца на ўсю даступную ім сацыяльна-палітычную прастору. Новая “дзяржава” разгядаецца гэтаю групоўкаю як машына для атрыманьня глябальнае ўлады. Падаецца, што цыкл “лабаляторных дасьледваньняў” у Беларусі скончаны і ўсё будзе вырашацца цягам бліжэйшага часу (год - два) празь знешне-палітычны расклад. Прынамсі Караганаў сказаў, што празь 1,5 – 2 гады адносіны зь ЗША ў іх стабілізуюцца і будуць “нармалёва-халоднымі”, на гэты ж час прыпадае і 2-хмільярдны крэдыт (Ксіялёў у праграме “Власть” наўпрост выказаў мяркаваньне, што гэта “адступныя” грошы для Лукашэнкі). Практычна ўся “думаючая” Расея (уключна зь “Эхом Масквы” і г.д.) за аншлюс Беларусі. Галоўная трывога: стварыўшы “вертыкаль улады”, нашыя “стратэгі” не вынайшлі аніякіх механізмаў для абароны дзяржавы ад зьнешніх уплываў “па гарызанталі“. Насамрэч яны не ў стане рэальна кіраваць дзяржаваю (выглядае, што і ня вельмі хочуць). Напрыклад “лімона-рне-шнікі” болей уплываюць на моладзь, чымся БРСМ, пранікненье расейскага бізнесу і г.д. Празь гэта іх кірваньне зводзіцца да выкананья паліцэйскіх функцыяў на падпарадкаванае тэрыторыіі ну і ўласнага бізнесу, зразумела. Гэта марудна, але няўхільна ўцягвае ў Расею. Расея ж мае толькі чатыры плцдармы на Захадзе: Сербія, Прыднястроўе, Беларусь і Кёнігсберггебіт (Калінінград). Ад расейскае зьнешнепалітычнае валтузьні, што зарас пачынаецца, і залежыць нашая будучыня, на жаль. Вы ж ведаеце, што “Іскандэр” (назоў тактычнага ракетнага комплексу) – гэта Аляксандр. “Імяная зброя”, так бы мовіць. PS.: Дзякуй Вам за мой першы вопыт нямецкае мовы. Шкада, забыў я песьню пра германцаў на Рэйне.


Імя:: СШ
28.12.2007 09:08

Шнюрбарду: Es saßen die alten Germanen zu beiden Ufern des Rheins...


Імя:: Viola
29.12.2007 19:38

Сапраўды трывожна. Жывем, як у цёмным пакоі - невядома на што напорышся, калі паварушышся. Улада ня бачыць сэнсу інфармаваць народ, бо ўжо не залежыць ад народу. Ёй ня трэба ні электарат, ні выбары. Вось толькі як запаліць лямпачку, каб ўбачыць што робіцца і для чаго?

Камэнтары 1-6 (з 6)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks