Сваё рашэньне Рада аргумэнтавала тым, што названыя дыпляматы актыўна цікавяцца літаратурай краіны, у якой знаходзяцца, і дзеля таго, каб чытаць яе ў арыгінале, вывучылі беларускую мову. Але самае галоўнае, што яны сталі прапагандыстамі беларускай літаратуры ў сваіх краінах. Спадары Зэеў Бен Ар’е і Стэфан Эрыксан пачалі перакладаць з арыгіналу творы беларускіх пісьменьнікаў на свае родныя мовы.
Дзякуючы Зэеву Бен Ар’е ўпершыню загучалі на мове іўрыт творы Васіля Быкава, адзін зь якіх — апавяданьне “Бедныя людзі” — ужо надрукаваны ва ўплывовым ізраільскім часопісе “Дах”.
На швэдзкую мову творы Васіля Быкава перакладаліся за савецкім часам, але то былі пераклады з расейскай. Стэфан Эрыксан упершыню пераклаў некалькі апавяданьняў Васіля Быкава непасрэдна з мовы арыгіналу.