10 год таму набор у Міжнарнодную школу бізнэсу БДУ (магістраў бізнэс-адміністраваньня, MBA) складаў 15-20 чалавек – гэта ўсяго адна група. А сёлета ахвотных навучыцца бізнэс-тэхналёгіям было каля сотні. Кошт двухгадовай праграмы ў залежнасьці ад мовы навучаньня складае ад 5 да 5,5 тысяч умоўных адзінак. Хто і за якую адукацыю гатовы плаціць такія грошы?
Ад агульнага – да прыватнага
Адна з выпускніц менскай Школы МВА (магістраў бізнэс-адміністраваньня) Ірына Тарасік – сёньня дырэктарка менскага прадпрыемства “Макрапрынт”. Яна кажа, што 2 гады заняткаў у бізнэс-школе далі ёй шырокае разуменьне законаў бізнэсу ў Беларусі і тэхналёгіяў яго разьвіцьця:
“Прыходзяць кліенты зь іншых бізнэсаў – але я дакладна разумею іх патрэбы, таму што разумею бізнэс наагул, ня толькі сваю сфэру... І гэта цікава, страшна цікава...”
10 год таму набор у Школу МВА складаў 15-20 чалавек – гэта ўсяго адна група. А сёлета ахвотных навучыцца бізнэс-тэхналёгіям было каля сотні. Сур’ёзнае разуменьне, наколькі важная бізнэс-адукацыя, наперадзе, лічыць эканаміст Ірына Ракава:
“Ва Ўкраіне, Расеі МВА ўжо заняў годнае месца. Гэтая адукацыя – адно з патрабаваньняў для топ-мэнэджараў. А ў нас бізнэс сярэдні, нават дробны – таму МВА патрабуюць толькі ў вялікіх замежных кампаніях – гэтым і тлумачацца такія нізкія лічбы”.
У нас бізнэс сярэдні, нават дробны – таму МВА патрабуюць толькі ў вялікіх замежных кампаніях. Гэтым і тлумачацца нізкія лічбы.
Паводле апошніх досьледаў, МВА-адукацыю маюць каля 8% супрацоўнікаў беларускага бізнэсу.
Стрыжань бізнэс-праграм – развіцьцё самаацэнкі
Цэнтар крэатыўных тэхналёгіяў “Квадратны апэльсін” (kv-apelsin.com) існуе ўжо 3 гады. Трэнінгі актыўных продажаў, трэнінгі асабовага росту, праграмы для фармаваньня карпаратыўнага духу і шмат што іншае – у кампэтэнцыі цэнтру. Але, на погляд дырэктара цэнтру Васіля Проня, галоўны стрыжань усіх праграм – выпрацоўка ў чалавеку ўпэўненасьці ў сабе і ўласных магчымасьцях. А трэнінгі асабовага росту – падмурак посьпехаў ва ўсіх сфэрах жыцьця чалавека.
“Асабовыя праграмы даюць эфэкт і для працоўнай сфэры, і для астатніх – у асабістым жыцьці, сяброўстве, сям’і, стасунках наагул, – расказвае Васіль Пронь. – Немалаважны фактар – самаацэнка чалавека, упэўненасьць яго ў сабе і ўласных сілах. Гэта не камунікацыя, але тое, што праяўляецца праз камунікацыі. Мы робім акцэнт на гэтых праграмах, таму што ў іх ёсьць патрэба і зацікаўленасьць”.
Здаровыя амбіцыі – шлях да посьпеху ў бізнэсе
Прыкладны партрэт студэнта Міжнароднай школы бізнэсу MBA БДУ: каля 30 гадоў, лідэрскія рысы характару, наяўнасьць здаровых амбіцыяў. Гэта людзі, якія імкнуцца дасягнуць большага і лічаць патрэбным інвэставаць ва ўласнае разьвіцьцё. Кошт двухгадовай праграмы ў залежнасьці ад мовы навучаньня складае ад 5 да 5,5 тысяч умоўных адзінак.
Расказвае былая дырэктарка і выкладчыца Школы MBA Ірына Мамонава:
Большая частка – прыкладна 90% – плацяць за сябе самі, і гэта інвэстыцыі ў сябе.
“Большая частка – прыкладна 90% – плацяць за сябе самі, і гэта інвэстыцыі ў сябе. Пакуль у нас няшмат кампаніяў, якія гатовыя інвэставаць настолькі сур’ёзна ў сваіх супрацоўнікаў. Ёсьць тэндэнцыі, калі нашыя выпускнікі праз клюб МВА запрашаюць у свае кампаніі менавіта эмбіэеўцаў. Таму што разумеюць, гавораць на адной мове”.
III Тыдзень нефармальнай адукацыі і асьветы: “Беларусь эўрапейская”
На мінулым тыдні прайшоў III Тыдзень нефармальнай адукацыі і асьветы. Мэтаю арганізатараў – нефармальнай сеткі арганізацыяў грамадзянскай адукацыі (АГА) – было залучэньне ўвагі да ролі нефармальнай адукацыі ў разьвіцьці чалавечага, грамадзкага, нацыянальнага і міжкультурнага патэнцыялу краіны. Тэма тыдня, які праходзіў у краіне трэці год запар, – “Беларусь эўрапейская”.
Адна з арганізатарак тыдня, сябра ГА “Адукацыя бязь межаў” Галіна Верамейчык тлумачыць, што слова “нефармальная” ў кантэксьце адукацыі зусім ня значыць збор нефармалаў з экстравагантным іміджам. Нефармальная – значыць не зацьверджаная фармальным дакумэнтам, напрыклад дыплёмам. І гэткія адукацыйныя праграмы сёньня – больш чым запатрабаваныя, гаворыць спадарыня Верамейчык:
“Адукацыйныя праграмы, якія ладзіць трэці сэктар, можна падзяліць на некалькі групаў. І сярод іх будуць як простыя, скіраваныя на пашырэньне новых ідэяў, новых падыходаў, гэтак і вельмі прагматычныя праекты, мэта якіх – даць удзельнікам магчымасьць займець новую кампэтэнцыю ў чымсьці, падвысіць ровень так званай функцыянальнай пісьменнасьці. Калі прааналізаваць усе праекты трэцяга сэктару, то вызначыцца, што большасьць зь іх – адукацыйныя”.
Дзяржаўны і недзяржаўныя сэктары: разам на карысьць асьветы
Адным з дасягненьняў тыдня нефармальнай адукацыі і асьветы Галіна Верамейчык называе адкрыцьцё выставы ў Навукова-пэдагагічнай бібліятэцы Менску пад назвай “Нефармальная адукацыя: тэмы, формы, мэтады. Выданьні грамадзкіх аб’яднаньняў”. Выстава гэтая разьлічаная на настаўніка з прафэсіі.
Верамейчык: “Яна адкрылася 13 сьнежня і будзе працаваць да канца сьнежня, а пасьля выданьні з выставы пойдуць у фонд бібліятэкі. Гэткім чынам мы імкнемся фармаваць мэтадалягічны літаратурны фонд, папулярызаваць паняцьце нефармальнай адукацыі”.