Заходнія унівэрсытэты заахвочваюць сваіх студэнтаў да грамадзкай актыўнасьці самага рознага кшталту. Можна абіраць нешта блізкае да будучай спэцыяльнасьці -- гэта дапаможа будучай пасьпяховай прафэсійнай самарэалізацыі і кар''еры. Альбо можна займацца сацыяльнай, дабрачыннай працай. Гэтак, да прыкладу, і робяць беларускія студэнты ЗША, Нямеччыны, Літвы. А яшчэ грамадзкая дзейнасьць беларускіх студэнтаў за мяжой скіраваная на беларускія справы і праблемы. Якую дзейнасьць студэнты абіраюць і чаму? Як і навошта злучаюць сваю вучобу і навуковыя дасьледаваньні зь Беларусьсю?
Аўгіевы стайні
Пра ўсё гэта я размаўляла з Веранікай Выгоўскай у яе пакоі ў студэнцкім інтэрнаце ў Вільні. Я пазнаёмілася з Веранікай на адным зь пікетаў перад амбасадай Беларусі ў Літве ў сакавіку летась, а цяпер мы сустрэліся таму, што беларускія студэнты тут вырашылі зарэгістраваць арганізацыю „Над бар''ерам“ для абароны правоў усіх зьняволеных у Беларусі – ня толькі палітвязьняў, але – як проста мне патлумачылі – „ўсіх беларускіх зэкаў“.
Вераніка – сябра арганізацыйнага камітэту. У Літве яна ўжо два гады, вывучае тут журналістыку і візуальныя мэдыі, некалькі эўрапейскіх моваў. Так чаму з усяго спэктру магчымай грамадзкай дзейнасьці менавіта – беларускія турмы, пакараныя злачынцы?
„Калі ёсьць аўгіевы стайні, то знойдзецца і Геракл. Напэўна цяпер такі крытычны парог, такі ком несправядлівасьцяў, і так атрымалася, што я апынулася блізка да гэтага – глядзець проста на гэта ўсё ці што? Ну і вось так... -- кажа Вераніка. -- Пра „зэкаўскія“ умовы я ведаю, за „палітыку“ мой бацька быў у турме пра Саветах“.
Іншыя
Вераніка і яе сябры будуць рабіць тое, чым дасюль ніхто не займаўся:
"Мы не адмаўляем аўтарытэта старых праваабарончых арганізацыяў, але ў нас іншыя мэты. Мы не канцэнтруемся толькі на палітычных справах. Парушаюцца правы ня толькі палітычных вязьняў, але і ўсіх іншых. І вось мы абараняем правы звычайных „зэкаў“. Мы маем канкрэтную інфармацыю пра парушэньні, пра гэта варта з Цімафеем Дранчуком пагаварыць, калі падрабязнасьці цікавяць“.
Цімафей Дранчук, былы палітвязень, моладзевы актывіст, ініцыяваў Беларускі камітэт ў абарону зьняволеных – усіх, незалежна ад статусу і меры пакараньня. Ён, як і Вераніка, вывучае журналістыку ў Літве ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, толькі завочна. Цімафей быў у зьняволеньні больш як 10 месяцаў. Сам ён кажа, што, як палітычны вязень, меў сапраўды значную дапамогу ад праваабарончых арганізацыяў: „Гэтую дапамогу можна назваць каласальнай“.
„Пакараныя за эканамічныя злачынствы – фактычна палітвязьні“
І менавіта таму, тлумачыць Цімафей, ён адчуў, наколькі неабароненыя іншыя вязьні, бо ў Беларусі безьліч парушэньняў нават існуючага заканадаўства. Але, магчыма, на цяперашні момант гэта занадта вялікая раскоша, – каб моладзевыя актывісты абаранялі правы пакараных злачынцаў, калі столькі парушэньняў правоў сумленных грамадзянаў?
"Менавіта таму што гэта зmяўляецца такой раскошай для нашай краіны, мы і вырашылі сваімі сіламі распачаць гэтую працу, -- кажа Цімафей. – Менавіта распачаць, бо гэта вельмі шырокая сфэра і мы ня зможам дапамагчы ўсім зьняволеным, іх у Беларусі больш за 60 тысяч.
Вялікая колькасьць пакараных за г.зв. эканамічныя злачынствы. У іх ліку – шмат прадпрымальнікаў, якія пачыналі з нуля, законна пачалі зарабляць грошы і на нейкім этапе „не падзяліліся“ з чыноўнікамі, таму апынуліся за кратамі. Фактычна, многія такія зьняволеныя – палітычныя вязьні, таму што сядзяць яны не за злачынствы, а з-за тых умоваў, якія існуюць для дзейнасьці прадпрымальнікаў у краіне з дыктатарскім рэжымам.
Я быў у зьняволеньні ў трох розных месцах, зусім розных па кантынгенту, і адчуў, што гэтыя вязьні вельмі чакаюць дапамогі ў абароне іх правоў".
"Вымагаюць хабар"
"Галоўнае – зрабіць першы крок", -- кажа Цімафей Дранчук. Ні ён, ні яго калегі не заяўляюць, што хутка карэнным чынам іх дзейнасьць зьменіць ўсю сыстэму.
"Зразумела, што гэта працэс доўгі і цяжкі, -- кажа Цімафей. -- Але, калі пачаць прыцягваць грамадзкую ўвагу да праблемы, сытуацыя пачне зьмяняцца. Аргкамітэт толькі пачаў дзейнасьць па стварэньні арганізацыі, а паведамленьні пра канкрэтныя выпадкі парушэньняў і карупцыі ўжо прыходзяць.
Нядаўна мы распаўсюдзілі інфармацыю пра зьняволенага Дзьмітрыя Каралёва, які адбывае пакараньне у калёніі нумар адзін у Менску, якога не выпускаюць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне толькі таму, што ён адмовіўся даць 2000 даляраў хабару. Такіх прыкладаў -- сотні па ўсёй краіне“.
"Мы жывем у сапраўдных рэаліях“
"У нас ёсьць сталая сувязь з большасьцю месцаў зьняволеньня ў Беларусі і мы маем магчымасьць „у жывым рэжыме“ атрымліваць інфармацыю пра актуальныя парушэньні, -- кажа Цімафей. -- Пакуль пра выпадкі парушэньняў, карупцыі ведаюць толькі вязьні і іх блізкія, мясцовае турэмнае начальства адчувае сябе ў бясьпецы.
Кожны начальнік калёніі – нібы кароль у сваім валадарстве, ён зарабляе на гэтым вялізарныя грошы. Але калі мы будзем прыцягваць грамадзкую ўвагу, прэсу да канкрэтных выпадкаў, сытуацыя пачне зьмяняцца. Для мясцовай турэмнай адміністрацыі самае страшнае – шырокае паведамленьне пра парушэньні. Улічваючы тое, што ўлады дэкляруюць барацьбу з карупцыяй, сілавыя структуры павінны будуць рэагаваць“.
Вераніка Выгоўская тлумачыць: „З чаго пачынаецца дэмакратыя? З таго, што абараняюцца правы кожнага. Зьвернуцца да нас палітычныя – мы таксама будзем гэтым займацца. Мы не будзем рабіць мяжы. Мы жывем у сапраўдных рэаліях, і калі парушаюцца правы, яны парушаюцца ва ўсіх сфэрах жыцьця“.
Замежныя грамадзяне ў беларускіх турмах
Цімафей Дранчук, калі сам быў у зьняволеньні, сутыкаўся з рознымі выпадкамі парушэньняў правоў адносна замежных грамадзянаў у беларускіх турмах. Ён сустракаў літоўскіх і расейскіх грамадзянаў, якіх беспадстаўна не выпускаюць адбываць пакараньне ў сваёй краіне, хаця заканадаўства дае ім на гэта права. Некаторыя зь іх апынуліся за кратамі не за злачынства, а за намер – напрыклад, грамадзяніна Літвы трымаюць у турме ў Беларусі толькі за тое, што ён сказаў, што можа прывезьці наркотыкі.
"Яго не выпускаюць на радзіму таму, што ў Літве яго прызналі б невінаватым і Беларусі давялося б адказваць за незаконнае зьняволеньне, якое беларускія праваахоўныя ворганы арганізавалі дзеля галачкі, каб палепшыць паказьнікі ў змаганьні з наркаманіяй“, -- кажа Цімафей, які чытаў судовую справу гэтага літоўца. Цімафей адзначыў, што толькі ў „адзінцы“ ён сустракаў як найменей 10 літоўскіх грамадзянаў. „Замежныя грамадзяне ў месцах зьняволеньня ў параўнаньні з беларускімі яшчэ менш абароненыя. Мы будзем абараняць і беларускіх, і замежных грамадзянаў, якія трымаюцца ў Беларусі за кратамі“.
"Мы пачнем будаваць сваю краіну са справядлівых справаў"
Ад маладых беларусаў, якія вучацца і ў розных краінах Эўропы, і ў Амэрыцы, я ня раз чула падобныя словы: „Незалежна ад таго, вучымся мы ці працуем за мяжой, мы нікому не аддадзім нашу краіну“.
"Я лічу нашую справу справядлівай і пэрспэктыўнай, таму што ўсім зразумела, што гэта апошні тэрмін Лукашэнкі, -- сказала мне Вераніка. -- Але незразумела, што будзе далей. І пачынаць будаваць дэмакратычную краіну трэба са справядлівых нармальных справаў".
"Мы ж не сэмінары зьбіраемся ладзіць..."
Адна з такіх справаў, -- кажа Вераніка – і ёсьць абарона ўсіх тых, хто апынуўся калючым дротам. Актывісты плянуюць зарэгістраваць Камітэт у Літве і акрэдытаваць яго пасьля ў Беларусі. А як з фінансаваньнем?
„Грошы ніколі не перашкаджаюць, але ж грошы – гэта не галоўнае. Бо галоўнае – гэта людзі, мэты і справы. Вось калі будуць рабіцца канкрэтныя справы, -- а яны ўжо зараз робяцца, -- пад нармальныя, канкрэтныя справы заўсёды знойдуцца грошы. Калі справа такая незразумелая, то грошы не дадуць. Мы ж не сэмінары зьбіраемся ладзіць,а рабіць нармальныя рэчы. Калі будзе канкрэтная справа, адразу зьявяцца грошы. Я так лічу. Так заўсёды бывае“, -- кажа Вераніка Выгоўская.
"Беларускія СМІ – гэта цікава і для Беларусі, і для Амэрыкі"
Зразумела, што ўсе актывісты будуць працаваць дабрачынна – гэта звычайная практыка для беларускіх грамадзкіх арганізацыяў за мяжой самага рознага кшталту. Такой дзейнасьцю займаюцца не для заробку – і пра гэта я чула ня раз ад беларусаў з розных краінаў.
Іншы беларускі студэнт, таксама будучы журналіст, які як раз цяпер абараніў сваю магістарскую працу ва Унівэрсытэце Паўночнай Караліны ў ЗША, Андрэй Храпавіцкі адзначае: „Я сам ніколі не адрываўся ад беларускай сытуацыі. У Беларусі я быў сябрам розных няўрадавых арганізацыяў. Калі атрымліваеш адукацыю ў Амэрыцы, часьцяком сустракаеш такіх людзей, якія працуюць для сваёй Бацькаўшчыны. Гэта сапраўды ўражвае, і людзі сапраўды дбаюць пра тое, што адбываецца на Бацькаўшчыне.
Я шмат пішу на тэмы Беларусі ў навуковых працах. Мне падаецца, што такіх працаў не стае ў Амэрыцы".
Каб высновы былі пачаткам дзеяньня
З Веранікай Выгоўскай, актывісткай аргкамітэту для абароны зьняволеных, якая вучыцца ў Літве, я таксама размаўляла пра яе дасьледаваньні ў часе вучобы.
Вераніка распавяла: „Я параўноўвала СМІ ў Беларусі і дэмакратычнай Эўропе, і я зрабіла высновы, якія зьяўляюцца для мяне штуршком, каб дзейнічаць.
Я не магу толькі тэарэтычныя выкладкі рабіць, для мяне гэта справа ўнутранай этыкі – каб мае тэарэтычныя высновы пераўтвараліся ў справы. Галоўная выснова – існуе такі тыпаж у Беларусі, звыклы да рафінаванай інфармацыі, да таўталёгіі, -- гэта калі мэдыі даюць інфармацыю такім чынам: добрае – гэта добра, дрэннае – гэта дрэнна, а Лукашэнка – гэта за Беларусь...
Вось гэтую звычку трэба зьмяняць. У мяне да гэтых людзей вялікае спачуваньне -- да тых, хто ня можа рабіць высновы. Яны ў сытуацыі, калі ўсё за іх вырашаюць, -- гэта сытуацыя поўнай несвабоды. Я лічу, што гэта крыўдна для чалавечай істоты“.
"Хачу, каб у беларускіх СМІ зьявіўся сапраўдны аўтар"
У сваім студэнцкім пакоі Вераніка частуе мяне кавай і паказвае свае працы. Яна прыдумала „мульцікі“ пра гэтага традыцыйнага спажыўца дзяржаўнай прапаганды – цётку Таню, якая ўсяму верыць. Напрыканцы размовы я запыталася Вераніку, якой яна ўяўляе сваю будучыню.
Вераніка сьмяецца: „Ну, я думаю, праз два гады я апынуся ў Беларусі – як раз на барыкадах“. І працягвае сур''ёзна: „Вось так уяўляю. А пасьля, спадзяюся, буду браць удзел у станаўленьні новых беларускіх СМІ. Гэта вялікая доўгая справа, не на год-два, бо трэба давесьці людзям, звыклым да рафінаванай інфармацыі, што сусьвет шматгранны, шматколерны.
Пасьля падзеньня рэжыму я хачу прынесьці шматграннасьць у беларускія СМІ, і гэта справа жыцьця. Хачу, каб у беларускіх СМІ зьявіўся свой сапраўдны аўтар, якога б усе паважалі, і адчувалі б, што гэты чалавек не будзе хлусіць, як гэта робіць БТ“.
"Нам не трэба ўлады"
І таксама Вераніка сказала не толькі пра сябе, але і пра сваіх сяброў і калегаў: “Звычайна я сябе адчуваю нейкім дыназаўрам. Але ёсьць кола людзей, якія мяне падтрымліваюць, натхняюць, напрыклад на стварэньне такой арганізацыі, на пазытыўныя рэчы дзеля перамены сытуацыі у Беларусі.
Насамрэч мы ж вельмі хочам перамяніць сытуацыю ў Беларусі. Нам не патрэбна ўлада. Нам трэба, каб чалавек у Беларусі адчуваў сябе абароненым ад cамавольства той улады, якая цяпер існуе. Чалавек можа трапіць у турму, вызваліцца ды ізноў адчуваць сябе чалавекам, а не зьнявечанай істотай. Вось гэта будзе нашай галоўнай узнагародай і гэта мяне натхняе больш за ўсё.
З намі можна скантактавацца па электроннай пошце: nad.barierom@gmail.com. Тэлефон Цімафея Дранчука ў Беларусі 8 636 50 76, а мой тэлефон у Літве: + 370 673 98 223. Па ўсіх справах непаразуменьня з карнымі ворганамі, з уладай, калі ласка, зьвяртайцеся, бо для нас гэта важна для таго і створаны аргкамітэта "Над бар''ерам" па абароне правоў зэкаў".