Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшава выставіла ўльтыматум Менску


Зьмест ультыматуму польскага МЗС да беларускага кіраўніцтва будзе абмяркоўвацца сёньня ў Брусэлі і Празе, піша polskaweb.eu.

У патрабаваньнях Варшавы гаворыцца, што “прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня можа быць запрошаны на саміт ЭЗ у Прагу, калі ня будуць забясьпечаныя правы польскай меншасьці ў гэтай краіне”. Размова ідзе пра апошнія правакацыі супраць лідэра непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс, перашкоды на шляху правядзеньня ў сярэдзіне сакавіка зьезду гэтай арганізацыі і кантактаў сябраў CПБ з Варшавай.

Як заявіў у размове з польскім выданьнем Wprost намесьнік міністра польскага МЗС Ян Баркоўскі, далейшае стаўленьне Менску да зьезду СПБ “будзе мець уплыў і на нашу пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі на форуме Эўразьвязу”.

Паводле Wprost, ультыматум быў перададзены ў Беларусь дыпляматычнымі каналамі.

Польскае выданьне таксама цытуе з гэтай нагоды словы намесьніка старшыні камітэту па замежных справах польскага сэйму Робэрта Тышкевіча. Ён заявіў, што менавіта “мірнае правядзеньне зьезду СПБ ды спыненьне рэпрэсіяў супраць яго актывістаў павінна стаць адной з умоваў для далейшага дыялёгу зь Менскам.”

У Беларусі пражываюць 390 тысяч этнічных палякаў, зь іх 25 тысяч належыць да CПБ. Паводле афіцыйнага Менску, гэта кіраваная з Варшавы арганізацыя, якая “падбухторвае” польскую нацыянальную меншасьць да розных хваляваньняў. Беларускае кіраўніцтва заяўляла, што Варшава зь яе эгаістычнымі амбіцыямі праводзіць ад імя ЭЗ вельмі сумнеўную палітыку, накіраваную на тэрытарыяльнае пашырэньне Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG