Намесьнік кіраўніка ураду Беларусі Андрэй Кабякоў, вітаючы польскую дэлегацыю, заявіў, што беларускі бок зацікаўлены разьвіваць інвэстыцыйнае супрацоўніцтва з Польшчай і залучаць польскі капітал у беларускую эканоміку.
Кабякоў нагадаў, што Беларусь праводзіць лібэралізацыю сваёй эканомікі і да канца 2010 году хоча прыватызаваць 500 дзяржаўных прадпрыемстваў. У часе гэтай кампаніі афіцыйны Менск разьлічвае на выкарыстаньне польскага досьведу і тэхнічнай дапамогі ў галіне прыватызацыі.
Вальдэмар Паўляк у сваю чаргу зьвярнуў увагу на супрацоўніцтва дзьвюх краінаў у галіне энэргетыкі. Ён заявіў, што ў цяперашніх крызісных умовах важныя перш за ўсё кантакты прадпрымальнікаў. Паўляк дадаў, што разьлічвае на пашырэньне такіх кантактаў.
Таваразварот паміж Беларусьсю і Польшчай у 2008 годзе склаў каля трох мільярдаў даляраў. Польшча зьяўляецца пятай, паводле памераў таваразвароту, гандлёвай партнэркай Беларусі ў сьвеце.