Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая выстава забытага мастака з Заходняй Беларусі


29 студзеня ў Менску ў фальварку “Добрыя мысьлі” адчынілася экспазыцыя твораў Паўлы Южыка. Мастак жыў, працаваў і тварыў у вёсках, мястэчках і гарадах Заходняй Беларусі пры канцы 19-га і ў першай палове 20-га стагодзьдзяў, аднак пэрсанальную выставу займеў толькі праз шэсьцьдзесят пяць гадоў пасьля сьмерці.

У экспазыцыі — дваццаць сем твораў. Гэта, на думку арганізатараў выставы, — прыкладна траціна таго, што ўдалося выявіць і адрэстаўраваць з творчай спадчыны забытага мастака. Частка карцін захавалася ў прыватных зборах жыхароў вёскі Вётхава, што на Смаргоншчыне, дзе ў 1874 годзе нарадзіўся мастак і дзе правёў апошнія гады свайго жыцьця. Некалькі дзясяткаў твораў знаходзяцца ў сховах Смаргонскага краязнаўчага музэю, куды іх перадала ўдава Паўлы Южыка Марыя Аляксееўна. Гаворыць мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская:

“Нарэшце мы адкрываем для сябе гэтае цудоўнае мастацтва. Яно хоць і рэалістычнае, але для нас яно — сакральнае, бо гэта мастацтва душы беларускай”.

Адкрыў жа мастацтвазнаўцам імя Паўлы Южыка доктар філялёгіі Арсень Ліс. Ён — зямляк мастака, які да таго ж хрысьціў бацьку спадара Ліса.

“Я яго памятаю хлапчуком — з бацькам мы хадзілі да яго. Пасьля таго як ён выйшаў на пэнсію пасьля працы ў Віленскай беларускай гімназіі, ён вярнуўся на сваю малую радзіму — гэта залескія ваколіцы, ваколіцы Агінскага. Дарэчы, вось на гэтых краявідах намаляваныя гэтыя ваколіцы. Ён пабудаваў добры дамок з майстэрняй, пасадзіў выдатны сад, яблыневы і сьлівавы, на які мы, хлапчукі, так ласа пазіралі”.


З прыватнай калекцыі Арсеня Ліса на выставе экспануецца некалькі краявідаў і партрэтаў Паўлы Южыка. Адзін зь іх — партрэт бацькі мастака — самы раньні з выяўленых яго твораў. Ён датуецца 1898 годам. Бацька Паўлы Южыка Тамаш быў, дарэчы, апошнім садоўнікам у маёнтку Агінскіх у Залесьсі.

Партрэты жыхароў Смаргоншчыны ў экспазыцыі выставы асабліва ўразілі мастацтвазнаўцаў. Тацяна Гаранская працягвае:

“Вобразы, якія прадстаўленыя на партрэтах, хаця яны пісаныя ў вёсках, але ў гэтых тварах, у паставах гэтых асобаў я бачу той дух, тую культуру, якая панавала ў Вільні ў 20—30-х гадах мінулага стагодзьдзя. Тую энэргетыку, якая была закладзеная ў віленскую культуру таго часу, я адчуваю і ў мастацкім почырку гэтага творцы”.

Забытым Павал Южык, як і іншыя мастакі таго краю, стаў не выпадкова. Тацяна Гаранская назвала мастацтва Заходняй Беларусі рэпрэсаваным і выказала прапанову прысутным дамагацца стварэньня Музэю заходнебеларускага мастацтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG