Месцам для правядзеньня пікетаў абраны пляц каля полацкага Дому гандлю. Актывіст “Маладой Беларусі” Алесь Круткін патлумачыў, што гэта невыпадкова, бо Аляксандар Баразенка абвінавачаны за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая праходзіла ў Менску 10 студзеня гэтага году:
“Ідэя рабіць акцыю ў падтрымку Аляксандра Баразенкі прыйшла ўжо даўно. На першай такой акцыі я быў у канцы кастрычніка ў Менску, некалькі разоў браў удзел у акцыях каля “Валадаркі”, потым была акцыя ў Кіеве каля беларускай амбасады. Потым я вырашыў арганізаваць шэраг акцыяў і ў Полацку. Мэта гэтых акцыяў, па-першае, — распавядаць беларускім грамадзянам пра тое, што ў нас усё яшчэ ёсьць палітзьняволеныя, а па-другое, — зьвярнуць на гэта ўвагу міжнароднай супольнасьці”.
Самымі першымі, аднак, зьвярнулі ўвагу на моладзевую ініцыятыву полацкія міліцыянты. 2 сьнежня, калі актывісты “Маладой Беларусі” рыхтаваліся выйсьці ў цэнтар гораду з партрэтамі Аляксандра Баразенкі ўпершыню, міліцыянты затрымалі Алеся Круткіна і двух ягоных сяброў. Хлопцаў на некалькі гадзін завезьлі ў пастарунак нібыта для высьвятленьня асобаў, і першая акцыя была сарваная.
Учора ўвечары міліцыянты толькі назіралі, як сямёра мясцовых актывістаў стаялі ўздоўж вуліцы з партрэтамі Аляксандра Баразенкі.
Паводле Алеся Круткіна, такія акцыі павінны праходзіць альбо штодня, альбо прынамсі кожны другі дзень.
Нагадаем, што праводзіць акцыі ў падтрымку Аляксандра Баразенкі, арыштаванага 27 кастрычніка, прапанавалі актывісты грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь”. У Менску з партрэтамі Аляксандра Баразенкі людзі выходзяць да будынку СІЗА, што на вуліцы Валадарскага, дзе цяпер утрымліваецца арыштаваны дэмакратычны актывіст.