Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэру не даюць давучыцца


Станіслаў Сенакосаў
Станіслаў Сенакосаў

18-гадовага актывіста Станіслава Сенакосава адлічылі з Магілёўскага прафэсійнага ліцэю № 2.


Актывіст цьвердзіць, што нагодай для адлічэньня сталася яго грамадзкая дзейнасьць. У адміністрацыі ліцэю сьцьвярджаюць, што хлопец груба парушыў дысцыпліну.

Станіслава Сенакосава неаднойчы затрымлівала магілёўская міліцыя падчас моладзевых акцыяў у горадзе. Ён зазначае, што пра яго грамадзкую дзейнасьць і затрыманьні адміністрацыя ліцэю ведала.

“Я зьвязваю сваё адлічэньне з тым, што займаюся грамадзкай дзейнасьцю. Са мной размаўляла кіраўніцтва. Казалі, калі я не спыню гэтага, у мяне будуць праблемы з навучаньнем. Калі мне споўніцца васямнаццаць год, мяне адлічаць папросту. Тады я не надаў гэтаму вялікага значэньня. Вось мне нядаўна споўнілася васямнаццаць год, я прапусьціў адзін занятак, і ў сувязі з гэтым мне падпісалі загад аб адлічэньні. Там напісалі, што я парушыў унутраны расклад”.

Пасьля адлічэньня хлопец пайшоў вучыцца ў вячэрнюю школу, а потым мяркуе працаваць на заводзе. Грамадзкай дзейнасьці ён не зьбіраецца кідаць. Сам ён ацэньвае свае посьпехі ў навучаньні як сярэднія. У ліцэі яму заставалася вучыцца крыху болей за паўгода.

Кіраўніцтва ліцэю адмаўляе, што Сенакосава адлічылі за грамадзкую дзейнасьць. Яно цьвердзіць, што нагодай для адлічэньня сталася грубае парушэньне дысцыпліны: ён нібыта абразіў гардэробшчыцу.

“Мы яго ня выкінулі на вуліцу. Калі ласка, ёсьць цэнтар занятасьці, там вячэрняя школа. Затое ў нас цяпер ёсьць нейкі мэтад, рычаг, з дапамогай якога мы зможам іншым на гэтым прыкладзе паказаць: глядзіце, хлопцы, так рабіць нельга”, — паведамілі ў адміністрацыі ліцэю.

Адлічэньне магілёўца Станіслава Сенакосава камэнтуе жыхар Салігорску Ўладзімер Шыла, бацька адлічанага са школы актывіста Івана Шылы.

Іван Шыла
“Гэта ўзорнае адлічэньне для таго, каб суцішыць астатніх навучэнцаў, каб яны ведалі, што цяперашнім часам іх могуць таксама адлічыць. Калі мы абмяркоўвалі сытуацыю, то з Іванам пагадзіліся, што калі б ягоная кляса, усе зрабілі б вусную заяву, што мы ня пойдзем на экзамэн, пакуль Іван ня будзе здаваць — яна б усё ж і адміністрацыю, і ўладу напалохала, і яны б тады далі Івану здаць той экзамэн. Аднак гэтага не адбылося”.

Выпадак са Станіславам Сенакосавым — трэці ў Магілёве. У верасьні зь дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова адлічылі рэгіянальную каардынатарку арганізацыйнага камітэту дзеля стварэньня аб’яднаньня “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Тацяну Шамбалаву ды маладафронтаўца Расьціслава Панкратава. Прычынай стала нібыта дрэнная вучоба. Самі ж яны цьвердзяць, што адлічылі іх за грамадзкую дзейнасьць.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG