Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз вырашыў аднавіць кантакты зь беларускімі ўладамі


Эўразьвяз сёньня правёў першую з 2004 году сустрэчу з прадстаўніком афіцыйнага Менску — міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.


Сёньня ў Люксэмбургу Рада Эўразьвязу замарозіла на паўгода візавыя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ 35 беларускіх чыноўнікаў. Такім чынам, яны могуць атрымаць шэнгенскія візы. Санкцыі былі ўведзеныя ў красавіку 2006 году пасьля несумленных прэзыдэнцкіх выбараў і разгону маніфэстацыяў апазыцыі ў Менску. Тым часам фінансавыя санкцыі Эўразьвязу супраць 41 беларускага чыноўніка застаюцца ў сіле. Сёньня ж пасьля сустрэчы “тройкі” Эўразьвязу зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым Рада Эўразьвязу вырашыла аднавіць кантакты зь беларускімі ўладамі, якія былі абмежаваныя 22—23 лістапада 2004 году.

Найбольш актыўна за зьняцьцё санкцыяў зь беларускага кіраўніцтва выступалі суседзі Беларусі — Польшча і Літва. Супраць — Галяндыя, якая спасылалася на тое, што мінулыя парлямэнцкія выбары ў Беларусі былі далёкімі ад дэмакратычных стандартаў. Швэцыя і Партугалія выступалі супраць таго, каб санкцыі былі зьнятыя асабіста з Лукашэнкі.

Але большасьць міністраў замежных спраў Эўразьвязу, якія сабраліся на пасяджэньне ў Люксэмбургу, вырашыла, што Лукашэнка зможа падарожнічаць па Эўропе, як і яшчэ 35 беларускіх чыноўнікаў.

Неўязнымі ў Эўразьвяз надалей застаюцца 4 асобы, якіх падазраюць у арганізацыі зьнікненьняў апанэнтаў беларускага рэжыму ў 1999—2000 гадах, — Віктар Шэйман, Уладзімер Навумаў, Дзьмітры Паўлічэнка, Юры Сівакоў, а таксама старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Апошняя засталася ў сьпісе з-за неадпаведных дэмакратычным стандартам АБСЭ парлямэнцкіх выбараў 28 верасьня. Менавіта такім чынам былі ацэненыя мінулыя выбары ў першым пункце “Высноваў” Рады Эўразьвязу.

Прыпыненьне візавых санкцыяў павінна паспрыяць дэмакратызацыі ў Беларусі, перакананая эўракамісар па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр:

“Калі мы віталі вызваленьне палітзьняволеных, мы не адказалі на гэта адчувальнымі пазытыўнымі захадамі. Што мы тады зрабілі, — гэта сказалі, што гэта добры крок наперад, але нейкі рэальных канкрэтных захадаў не было. Таму, думаю, мы не павінны больш адкладаць наш адказ, бо я баюся, што інакш мы страцім магчымасьць мець рычагі палітычнага ўплыву на Беларусь”.

Бэніта Фэрэра-Вальднэр пасьля сустрэчы зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым заявіла, што цяпер беларускі народ стаіць перад гістарычным выбарам: рухацца ў кірунку дэмакратыі і незалежнасьці альбо ў кірунку палітычнай стагнацыі.

Эўразьвяз пакідае за сабою права аднавіць санкцыі ў поўным аб'ёме, калі сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагоршыцца.

У высновах Рады Эўразьвязу зазначаецца, што праз паўгоду Брусэль зьбіраецца праверыць, які прагрэс дасягнуты беларускімі ўладамі ў галіне рэфармаваньня выбарчага заканадаўства, падзелу ўладаў, выкананьня правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў, у тым ліку свабоды выказваньня і друку, свабоды аб’яднаньняў.

Эўразьвяз сёньня правёў першую з 2004 году, калі была ўведзеная забарона на кантакты з вышэйшым беларускім кіраўніцтвам, сустрэчу з прадстаўніком афіцыйнага Менску — міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. Паводле спадарыні Фэрэра-Вальднэр, з боку ЭЗ гэта рэакцыя на вызваленьне палітвязьняў.

Пасьля гэтай сустрэчы Рада Эўразьвязу вырашыла аднавіць кантакты зь беларускімі ўладамі, якія былі абмежаваныя 22—23 лістапада 2004 году.

Тым часам фінансавыя санкцыі Эўразьвязу супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягоных бліжэйшых чыноўнікаў застаюцца ў сіле. У 2006 годзе Эўразьвяз пастанавіў замарозіць рахункі і маёмасьць Лукашэнкі і некалькіх дзясяткаў чыноўнікаў зь ягонага атачэньня на тэрыторыі ўсіх краін Эўразьвязу.

***

Эўразьвяз меў праблемы ў адносінах зь Беларусьсю фактычна ад пачатку кіраваньня Лукашэнкі.

У 1997 годзе Эўразьвяз вырашыў абмежаваць дапамогу Беларусі, не скіраваную на гуманітарныя патрэбы альбо дэмакратызацыю краіны.

У 2002 годзе, пасьля пасьля спыненьня ўладамі Беларусі працы Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі, калі афіцыйны Менск адмовіў у візах усім яе супрацоўнікам, Эўразьвяз у адказ увёў забарону на выдачу візаў 8 беларускім чыноўнікам, уключна з Лукашэнкам. Забарона была зьнятая ў 2004 годзе, калі ўлады Беларусі дазволілі адкрыць новы офіс АБСЭ ў Менску.

Але ў красавіку 2006 году пасьля несумленных прэзыдэнцкіх выбараў і разгону масавых дэманстрацыяў у Менску Эўразьвяз зноў увёў забарону на выдачу візаў Лукашэнку і яшчэ прыблізна тром дзясяткам беларускіх чыноўнікаў, адказных за зьнікненьне чатырох апанэнтаў улады, фальсыфікацыю выбараў і атакі на мірных дэманстрантаў.

У траўні 2006 года Эўразьвяз ухваліў рашэньне аб замарожваньні рахункаў і маёмасьці найважнейшых фігур беларускага рэжыму на тэрыторыі краін Эўразьвязу. Сьпіс быў пашыраны ў 2006 годзе.

Усяго фінансавыя санкцыі дзейнічаюць супраць 41 беларускага чыноўніка, уключна з А. Лукашэнкам.

Зь лістапада 2004 году дзейнічала забарона на кантакты ў рамках Эўразьвязу зь Беларусьсю на найвышэйшым і высокім узроўні.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG