Цыганкоў: “У праекце рэзалюцыі прапануецца прыпыніць візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгоду — з тым, каб за гэты час быў перагледжаны нядаўні дыскрымінацыйны закон аб СМІ ў Рэспубліцы Беларусь. Прапанова прыпыніць візавыя санкцыі не закранае асоб, якія арганізоўвалі парлямэнцкія выбары. У праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнту гэтыя выбары прапанавана не прызнаваць свабоднымі і дэмакратычнымі. Як вы ацэніце такі праект рэзалюцыі, наколькі ён адлюстроўвае новае стаўленьне Эўропы да сытуацыі ў Беларусі?”
Фёдараў: “Наколькі мне падаецца, даволі дакладна адлюстроўвае. Гаворка пра часовае прыпыненьне візавых санкцый гучала ўжо некалькі дзён таму, і тое, што гэтая прапанова ўвайшла ў праект рэзалюцыі і, найхутчэй, будзе прынятая — сьведчыць, што Брусэль, нягледзячы на хібы выбарчай кампаніі, па-ранейшаму зацікаўлены ў дыялёгу зь Беларусьсю і дае гэта яшчэ раз зразумець. Тое, што прапануецца не прызнаваць дэмакратычнымі парлямэнцкія выбары, падаецца лягічным — сапраўды, парушэньняў было занадта шмат. Адпаведна, лічу нармальным падыходам тое, што санкцыі будуць зьнятыя з тых асобаў, якія ня ўдзельнічалі ў арганізацыі выбараў.
Можна нагадаць, што гэта ўжо прыблізна 20-ая рэзалюцыя ў справах Беларусі.
Цыганкоў: “На сайце Свабоды вёўся онлайн-рэпартаж пра дыскусію ў беларускім пытаньні. Як вы ацэніце тыя выказваньні й прапановы, што гучалі падчас абмеркаваньня? Дэпутаты там вельмі розныя — і правыя, і левыя. Ці дэманстравалі яны аднолькавасьць у стратэгічных падыходах да Беларусі?”
Фёдараў: “Я не заўважыў там значных разыходжаньняў паміж пазыцыямі розных фракцыяў — хутчэй наадварот. Большая частка прапановаў былі вельмі слушныя — напрыклад, пра зьніжэньне кошту шэнгенскіх візаў. Магчыма, яны і ўвойдуць у рэзалюцыю, але ня трэба забываць, што гэтыя дакумэнты маюць рэкамэндацыйны характар. Эўракамісія ды іншыя выканаўчыя структуры Эўразьвязу не абавязаныя іх выконваць.
Можна нагадаць, што гэта ўжо прыблізна 20-ая рэзалюцыя ў справах Беларусі. Нельга казаць, што яны нічога не зрабілі — калі б іх не было, сытуацыя магла б пагаршацца. Але сьцьвярджаць, што яны неяк паспрыялі паляпшэньню сытуацыі ў Беларусі — таксама не даводзіцца”.