Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца Эўразьвязу дэмакратызаваць Беларусь зьверху?


Аляксандар Стуб і Сяргей Мартынаў (справа)
Аляксандар Стуб і Сяргей Мартынаў (справа)

Чаму Захад працягвае руку афіцыйнаму Менску? Ці ня можа Аляксандр Лукашэнка ўспрыняць гэта як дазвол на любыя дзеяньні ўнутры краіны?


“Час перагарнуць старонку ў адносінах Беларусі і Эўропы”, — заявіў у Менску старшыня АБСЭ, кіраўнік МЗС Фінляндыі Аляксандар Стуб. Чаму, нягледзячы на недэмакратычныя парлямэнцкія выбары, Захад працягвае руку афіцыйнаму Менску? Ці ня можа Аляксандр Лукашэнка ўспрыняць гэта як дазвол на любыя дзеяньні ўнутры краіны? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае старшыня Шуманаўскага таварыства палітоляг Ігар Лялькоў.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Настаў час паглядзець з новага пункту гледжаньня на ролю Беларусі ў міжнароднай і эўрапейскай супольнасьці”, — заявіў Аляксандар Стуб. Ці сапраўды настаў час для гэтага і чаму пасьля выбараў мы ўжо неаднаразова чуем такія заявы заходніх палітыкаў?

Ігар Лялькоў
Лялькоў: “Ужо перад выбарамі Захад артыкуляваў тое, што ён гатовы перагледзець свае стасункі зь Беларусьсю. Аднак пры гэтым называлася ўмова — дэмакратычнае правядзеньне выбараў. Умова гэтая выкананая не была. Але палітыка Захаду ўсё роўна пераглядаецца.

Я думаю, гэта тлумачыцца тым, што Захад вырашыў, што ўсе папярэднія спробы, папярэднія шляхі, якія былі прапанаваныя для дэмакратызацыі Беларусі, не спрацавалі. І была выпрацаваная нейкая новая стратэгія — хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе дэмакратызаваць Беларусь зьверху, праз паступовую лібэралізацыю самога рэжыму.

І другі чыньнік — гэта зьмены ў стасунках паміж Масквою і Эўропай, якія відавочна пагаршаюцца. Таму ёсьць жаданьне мець краіну-пасярэдніка. Магчыма, гэтую ролю меў на ўвазе Стуб, гаворачы пра важную ролю Беларусі ў міжнародных адносінах”.

Цыганкоў: “Але крытыкі гэтага новага падыходу могуць сказаць — Беларусь правяла недэмакратычныя выбары, а Захад працягвае руку. Ці ня можа Менск гэта ўспрыняць як карт-блянш да любых дзеяньняў ва ўнутранай палітыцы?”

Лялькоў: “Наколькі мне вядома, Мартынаву ў Люксэмбургу будзе сказана, што Захад чакае ад Беларусі спыненьня рэпрэсіяў па палітычных матываў. Вядома, што былі вызваленыя палітзьняволеныя, новых не зьявілася. Больш за тое, частка тых фігур у кіраўніцтве Беларусі, якія непрымальныя для Захаду, і якія мелі самае непасрэднае дачыненьне да рэпрэсіяў, пакінулі свае пасады. Апошні прыклад — спадар Паўлючэнка.

Таму, я думаю, тут ёсьць пэўная дамова аб спыненьні ўнутраных рэпрэсіяў па палітычных матывах. Ці будзе Менск прытрымлівацца гэтай дамовы — сказаць вельмі цяжка, хаця досьвед падказвае, што дагэтуль Менск асабліва ніякіх дамоваў не прытрымліваўся. Можа быць, цяпер будзе па-іншаму — думаю, на гэта Захад і разьлічвае”


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG