Сябры ТБМ яшчэ ў 2003-м годзе прапанавалі ўшанаваць памяць Васіля Быкава на Віцебшчыне – ягонай малой радзіме. Прапановы былі пададзены ў аблвыканкам, і ў 2004-м годзе некаторыя зь іх былі зацьверджаныя на афіцыйным узроўні. У прыватнасьці, і прапанова ўсталяваць мэмарыяльную дошку на будынку, дзе зараз месьціцца мастацкая школа, а раней быў мастацкі тэхнікум. Але ўшанаваць памяць славутага пісьменьніка віцебскія ўлады сабраліся толькі цяпер, прымеркаваўшы адкрыцьцё дошкі да агульнагарадзкой акцыі “Мы -- беларусы!”. Такім чынам, гэтая імпрэза пройдзе ў адным шэрагу са спартовымі спаборніцтвамі, канцэртамі мастацкай самадзейнасьці і выступамі беларускіх эстрадных “зорак” у Летнім амфітэатры.
Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Іосіф Навумчык, даведаўся, што на адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі не запрасілі бліжэйшых сваякоў Быкава, і ў прыватнасьці, ягоную ўдаву Ірыну Міхайлаўну. Каб вырашыць гэтае пытаньне, ён скіраваўся ў гарвыканкам да намесьніка старшыні па ідэалягічнай працы Паўла Лосіча. Але спадара Навумчыка чыноўнік ня толькі не прыняў, але нават выклікаў міліцыянта, каб прымусіць 70-гадовага грамадзкага актывіста пакінуць памяшканьне.
“Я вырашыў усё ж сказаць Паўлу Іванавічу Лосічу, што будзе вельмі не пачціва не запрасіць Ірыну Міхайлаўну Быкаву. Я чакаў яго каля гадзіны, потым зазірнуў у кабінэт. Ён там быў, размаўляў з чалавекам – як высьветлілася потым, з дэпутатам Парлямэнту і кандыдатам у дэпутаты Сяргеем Сямашкам. Я стаў чакаць зноў, і тут раптам да мяне падышоў міліцыянт. Я запытаўся, ці я нешта парушыў. А міліцыянт, нічога не патлумачыўшы, загадаў мне пакінуць памяшканьне, прычым у вельмі катэгарычнай форме. Мне нічога не заставалася, як адчыніць дзьверы ды падзякаваць Паўлу Іванавічу за цёплы прыём. Такога хамскага, абразьлівага стаўленьня да сябе я за ўсё сваё дагэтуль ня меў!”, -- распавёў Іосіф Навумчык.
Як яму стала вядома пазьней, на запрашэньні Ірыны Міхайлаўны Быкавай настойвалі і аўтары дошкі, скульптары Мікалай Гвозьдзікаў і Валеры Магучы. Да іхняй прапановы ў гарвыканкаме таксама не прыслухаліся.
А тут ужо гэтыя ўлады будуць самі сабе рабіць, што хочуць. Во як! Нават не запрасілі, нічога! Божа ж мой божа, што робіцца
“Во нават і ня чула нічога! Але ж каб хацелі б, дык патэлефанавалі б, дзе , калі і што. Мне нават з Украіны запрашэньне прысылалі, калі там Васілёў музэй адчынялі. Зрабілі там пакойчык у школе, самі абставілі… А тут ужо гэтыя ўлады будуць самі сабе рабіць, што хочуць. Во як! Нават не запрасілі, нічога! Божа ж мой божа, што робіцца!”
Не запрасілі на імпрэзу і пісьменьнікаў, дакладней, тую частку, якая належыць да арганізацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, пра што паведаміў кіраўнік віцебскай філіі Франц Сіўко. Прадстаўнікі Саюзу пісьменьнікаў Беларусі запрошаныя, і будуць браць удзел ва ўрачыстасьці.
Ірына Міхайлаўна Быкава, паводле спадара Навумчыка, паведаміла яму па тэлефоне, што прыедзе ў Віцебск іншым разам – каб ускласьці кветкі да мэмарыяльнай дошкі ў спакойнай абстаноўцы, без усялякага афіцыёзу. Сястра пісьменьніка, спадарыня Валянціна, таксама хацела б паглядзець на дошку ў гонар брата, але для гэтага трэба прасіць кагосьці са знаёмых, каб прывезьлі на машыне. А Валянціна Уладзіміраўна кажа, што ня хоча абцяжарваць кагосьці сваімі просьбамі і толькі плача ад крыўды.
З усіх колішніх прапаноў ТБМ Віцебскі аблвыканкам ажыцьцявіў толькі некалькі: адноўленая сядзіба Васіля Быкава на ягонай радзіме, у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну, дзе цяпер мэмарыяльны музэй пісьменьніка, створаны школьны музэй у вёсцы Кублічы, дзе вучыўся Быкаў, і ягонае імя нададзена Кубліцкай дзіцячай бібліятэцы.