Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энцыкляпэдыя творчасьці Васіля Быкава


Рыхтуецца да друку вялікае дакумэнтальнае дасьледаваньне, прысьвечанае жыцьцю і творчасьці Васіля Быкава. Яго аўтар — журналіст Сяргей Шапран. Ужо два гады кніга фрагмэнтарна друкуецца ў часопісе “Дзеяслоў”.


Ужо гатовая ў рукапісе кніга ахоплівае пэрыяд ад самага пачатку жыцьцёвага шляху народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава і да апошніх дзён. Аўтар дасьледаваньня — журналіст Сяргей Шапран. Прадмову да будучай кнігі яшчэ ў 2006 годзе напісаў блізкі сябра Васіля Ўладзімеравіча народны паэт Рыгор Барадулін. Навуковы рэдактар кнігі — доктар філялягічных навук, літаратуразнаўца Міхась Тычына. На якім матэрыяле грунтуецца кніга? Расказвае Сяргей Шапран:

“Яна называецца “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах”. Таму можна казаць, што яна дакумэнтальная. Там сабрана практычна ўсё. Перадусім яна грунтуецца на публікацыях самога Васіля Ўладзімеравіча ў прэсе, а таксама на тым, што пісалі пра Быкава, пра яго творы. Прычым калі ў 1960-я творы Быкава крытыкавалі і лаялі, то ёсьць і гэта. А калі потым пра гэтыя ж творы празь дзесяцігодзьдзі пісалі добра, то гэта таксама там адлюстравана. Шмат архіўных матэрыялаў з фондаў беларускіх дзяржаўных музэяў і з асабістых архіваў. Біяграфія Васіля Ўладзімеравіча прасочваецца і ў лістах, і ва ўспамінах пра яго. Прычым як ужо друкаваных раней, так і незнаёмых шырокаму колу чытачоў, якія не друкаваліся ніколі”.

Сярод невядомых дагэтуль уражаньняў пра клясыка беларускай літаратуры — успаміны першага і апошняга прэзыдэнта СССР, нобэлеўскага ляўрэата Міхаіла Гарбачова. Тут жа ўспаміны-гутаркі вядомых расейскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, для якіх Быкаў быў і застаецца ўзорам служэньня дэмакратычным прынцыпам. Сярод іх — палітык эпохі перабудовы Аляксандар Якаўлеў, пісьменьнік Чынгіз Айтматаў, які памёр гэтымі днямі, яшчэ адзін нобэлеўскі ляўрэат Аляксандар Салжаніцын, франтавыя пісьменьнікі Барыс Васільеў і Рыгор Бакланаў, маскоўскія літаратуразнаўцы Лазар Лазараў і Валянцін Аскоцкі, перакладчык твораў Быкава на нямецкую мову Норбэрт Рандаў.

Шырока прадстаўленыя беларусы, духоўна блізкія Васілю Быкаву — грамадзкія дзеячы Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Станіслаў Шушкевіч, пісьменьнікі Сьвятлана Алексіевіч, Генадзь Бураўкін. Сваімі ўспамінамі падзяліліся сястра пісьменьніка Валянціна Ўладзімераўна Быкава і сын Сяргей Васільевіч. А таксама гарадзенцы — прафэсар Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксей Пяткевіч, паэт Юрка Голуб і сябра Васіля Ўладзімеравіча па гарадзенскім пэрыядзе Барыс Клейн, які цяпер жыве ў ЗША.

Аб’ёмам сабранага матэрыялу будучая кніга перасягне ўсе ранейшыя працы, прысьвечаныя Васілю Быкаву. У рукапісах яна ўжо гатовая цалкам, цяпер справа за друкам.

Дарэчы, некалькі чалавек ужо прачыталі рукапіс і далі працы сваю ацэнку. Вось уражаньне паэта Ўладзімера Някляева:

“Гэтая кніга дае самае поўнае ўяўленьне пра ўвесь жыцьцёвы і творчы шлях Васіля Быкава, пра складанасьці і супярэчнасьці часу, у які ён жыў, працаваў, змагаўся. Гэтая кніга ня толькі пра літаратурныя, але ў зьвязку з Быкавым — ці не пра ўсе найбольш значныя падзеі ў нядаўняй беларускай гісторыі”.

Свой водгук на дакумэнтальную працу даў і аўтар прадмовы да кнігі Рыгор Барадулін:

“Гэтая кніга фактычна— энцыкляпэдыя творчасьці Васіля Быкава. Яе трэба выдаць абавязкова. Гонар таму, хто спрычыніцца да выданьня ўнікальнай кнігі, будзе высокім”.

Варта дадаць, што ўсімі справамі, зьвязанымі з выданьнем кнігі “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах”, цяпер займаецца Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG