Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе мэдыі пройдуць абавязковую перарэгістрацыю


Сёньня Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні законапраект “Аб сродках масавай інфармацыі”. За гэты дакумэнт прагаласавалі 93 дэпутаты, супраць выказаўся 1. ТЭМА ДНЯ.

Пасьля таго як законапраект набудзе сілу закону, усе дзейныя ў Беларусі сродкі масавай інфармацыі цягам аднаго году павінны будуць прайсьці абавязковую дзяржаўную перарэгістрацыю.

Уся працэдура прыняцьця законапраекту ў першым чытаньні заняла крыху больш за паўгадзіны. Траціну гэтага часу прамаўляла першая намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Яна адзначыла, што цяперашні закон аб СМІ дзейнічае з 1995 году. І за гэты час, на яе думку, у законе выявіўся шэраг недахопаў:

“Адсутнічае шэраг ключавых паняткаў. Напрыклад, такіх, як акрэдытацыя журналістаў, від СМІ, карэспандэнцкі пункт, замежны СМІ, недакладнасьць СМІ і гэтак далей”.

Таксама ў дзейным законе ёсьць шэраг прабелаў: ня вызначаны парадак фінансаваньня мэдыяў, адсутнічае адказнасьць заснавальніка за дзейнасьць ягонага СМІ. У выніку, паводле Л.Ананіч, у сфэры мэдыяў цяпер існуе “вельмі нізкая прававая культура”. Усё гэта вымушае прыняць новы закон. Пры яго падрыхтоўцы выкарыстоўваўся заканадаўчы досьвед Расеі, Украіны, Нямеччыны, ЗША і іншых дзяржаваў, шэраг навуковых матэрыялаў.

Старшыня профільнай парлямэнцкай камісіі Юры Кулакоўскі сказаў калегам, што па законапраекце атрыманы шэраг прапаноў і заўваг. Але яны не зьяўляюцца прынцыповымі і таму не перашкаджаюць разглядаць законапраект у першым чытаньні.

Найбольшую цікаўнасьць у дэпутатаў выклікала пытаньне аб абавязковай перарэгістрацыі СМІ. Прыкладам, Генадзь Давыдзька засумняваўся ў такой неабходнасьці. Але спадарыня Ананіч не пакінула ніякіх спадзяваньняў:

“Новыя правілы гульні, калі закон пачне дзейнічаць, будуць абавязковымі для ўсіх. І пачнем з чыстага аркушу — перарэгіструемся”.

Журналісты ў прэсавым цэнтры спадзяваліся, што хтосьці з дэпутатаў уздыме пытаньне пра інтэрнэт. Але гэтае слова ў залі паседжаньняў не прагучала наагул.

Паводле працэдуры, Палата прадстаўнікоў павінна прыняць новы закон і ў другім чытаньні. Сёньня дэпутаты атрымалі прыкладны графік сваёй працы. У ім чарговыя пленарныя паседжаньні прадугледжваюцца 24 і 28 (пры неабходнасьці) чэрвеня. А потым наступае перапынак да 2 кастрычніка.

Пасьля Палаты законапраект павінен яшчэ быць ухвалены Саветам Рэспублікі, потым яго падпіша кіраўнік дзяржавы. І спадарыня Ананіч, і спадар Кулакоўскі падкрэсьлілі, што новы закон пачне дзейнічаць праз 6 месяцаў пасьля яго публікацыі ў друку.


Напярэдадньні паседжаньня ГА "БАЖ" даслала дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў сваю юрыдычную экспэртызу законапраекта.

І.Рынкевіч: распрацоўшчыкаў закону аб СМІ трэба ўключаць у сьпіс неўязных

Сёньня ў першым чытаньні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі законапраект “Аб сродках масавай інфармацыі”. Як яго камэнтуюць адмыслоўцы?

Юры Зісер: беларускія сайты будуць зыходзіць за мяжу


Генэральны дырэктар УП “Надзейныя сыстэмы” (уладальнік гандлёвай маркі TUT.BY) пракамэнтаваў Расейскаму цэнтру экстрэмальнай журналістыкі новы законапраект аб СМІ ў Беларусі. На ягоную думку, новы закон аб СМІ прывядзе да далейшай сваволі чыноўнікаў і рэзкага зьніжэньня якасьці беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў, перакананы Юры Зісер.

Адміністрацыйная аброць для СМІ

Экспэрты Беларускай асацыяцыі журналістаў заяўляюць, што праект закону ўтрымлівае палажэньні, якія могуць істотна пагоршыць умовы дзейнасьці незалежных мэдыяў і стаць згубнымі для разьвіцьця незалежнай журналістыкі ў Беларусі.


Гайдукевіч галасаваць ня будзе

“Шчыра кажучы, я гэты закон не разумею. Таму вырашыў не галасаваць,”- сказаў С. Гайдукевіч.


Анатоль Лемяшонак:“Нам свабоды хапае спаўна”

Старшыня “Беларускага саюза журналістаў”, галоўны рэдактар дзяржаўнай газэты “Рэспубліка”Анатоль Лемяшонак заявіў, што не знайшоў у законапраекце аб СМІ “нічога прынцыпова новага” і “асаблівай трывогі гэты законапраект не выклікаў”.


А. Лябедзька: “Патрэбен прэсінг у адносінах да дэпутатаў”

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы выступілі з заявай у сувязі з разглядам новага законапраекту аб СМІ, у якой асуджаюць ягоны рэпрэсіўны характар і дамагаюцца аднавіць роўныя ўмовы для дзейнасьці дзяржаўных і недзяржаўных мэдыяў.



А. Старыкевіч: “Беларуская практыка горшая за любыя законы”

Законапраект аб СМІ прадугледжвае большы кантроль дзяржавы за інтэрнэт-прасторай. У гэтым ягонае прынцыповае адрозьненьне ад дзейнага закону. Пры гэтым няма яснасьці, якія інтэрнэт-рэсурсы будуць лічыцца СМІ. Права рэгуляваньня інтэрнэту аддаецца Саўміну.


Найбольш рэпрэсіўныя палажэньні закону аб СМІ

Юрыст БАЖ Андрэй Бастунец абвяргае заявы Натальлі Пяткевіч аб тым, што новы закон ня ўводзіць дадатковых абмежаваньняў для дзейнасьці СМІ. Канкрэтныя заўвагі БАЖ зьмясьціліся на 17 старонках.


Юры Кулакоўскі: прапановы яшчэ паступаюць

Раней у камісію паступілі прапановы і заўвагі ад Беларускай асацыяцыі журналістаў, рэдакцыі газэты “Советская Белоруссия” і некаторых іншых рэдакцыйных калектываў.


Прадстаўнікоў БАЖ на разгляд закону аб СМІ не запрасілі


БАЖ зьвяртаўся ў Палату прадстаўнікоў з просьбай даць магчымасьць экспэртам асацыяцыі прысутнічаць на паседжаньні і працоўнай групы, пастаяннай камісіі, на якіх разглядаўся новы закон аб СМІ.


Тэкст экспертызы законапраекта, падрыхтаванай ГА «БАЖ»


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG