Грамадзтва

Барацьба з гандлем людзьмі: Беларусі ёсьць над чым працаваць

05.06.2008 15:29

Беларусь належыць да групы краінаў, якія робяць істотныя посьпехі ў выкананьні мінімальных стандартаў для барацьбы з гандлем людзьмі.

Пра гэта паведамляецца ў справаздачы, якую штогод рыхтуе Аддзел маніторынгу і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі Дзярждэпартамэнту ЗША. Паняцьце гандаль людзьмі ахапляе незаконныя дзеяньні, ахвяры якіх трапляюць у сэксуальнае або працоўнае рабства.

Паводле справаздачы за 2007 год, Беларусь у гандлі людзьмі зьяўляецца як крыніцай, гэтак і транзытнай краінай. Зь яе або празь яе вывозяцца сэкс-рабыні ў Расею, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Ізраіль, Бахрэйн, Турцыю, Украіну, Японію, у розныя краіны Эўразьвязу. Грамадзяне Беларусі надалей прадаюцца ў працоўнае рабства ў Расеі.

Дзеяньні ўладаў Беларусі яшчэ не адпавядаюць поўнасьцю мінімальным стандартам, аднак у гэтым кірунку робяцца значныя намаганьні. У справаздачы адзначаецца паляпшэньне сытуацыі з выяўленьнем выпадкаў гандлю людзьмі і крымінальным перасьледам вінаватых. Нямала робіцца і ў справе папярэджаньня гэткіх злачынстваў – прымаюцца адпаведныя законы, праводзяцца практычныя канфэрэнцыі.

Разам з тым улады Беларусі прыкладаюць недастаткова намаганьняў для абароны ахвяраў гандлю людзьмі і дапамогі ім. У справаздачы таксама адзначаецца, што захады, якія ўжываюцца для барацьбы з гандлем людзьмі – напрыклад, павышэньне кантролю над замежнымі паездкамі студэнтаў – часам абмяжоўваюць магчымасьці выезду за мяжу для грамадзянаў Беларусі.

У справаздачы даюцца практычныя рэкамэндацыі беларускім уладам. Сярод іх – павялічыць сродкі на дапамогу ахвярам, спрасьціць адміністрацыйны працэс атрыманьня такой дапамогі, палепшыць дачыненьні з адпаведнымі няўрадавымі арганізацыямі.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks
ПАМЕР ШРЫФТУ