Судовую пастанову агучыла судзьдзя Чыгуначнага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна. Яна прызнала прадстаўніка БХК у Віцебскай вобласьці Паўла Левінава вінаватым у дробным хуліганстве — нецэнзурнай лаянцы на адрас супрацоўнікаў міліцыі, а таксама ў непадпарадкаваньні іхным патрабаваньням.
Паўла Левінава арыштавалі на 10 сутак — паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве, і аштрафавалі на 20 базавых велічынь, або 700 тысяч рублёў, — за непадпарадкаваньне міліцыянтам падчас затрыманьня каля кватэры незалежнага журналіста Вадзіма Баршчэўскага. Праваабаронца прыехаў туды, каб аказаць юрыдычную дапамогу падчас ператрусу 27 сакавіка.
Справа Паўла Левінава разглядаецца ўжо другі раз: першы судовы працэс, распачаты 28 сакавіка, скончыўся 23 красавіка рашэньнем судзьдзі Алены Жук. Яна пагадзілася з праваабаронцам, што міліцэйскія пратаколы супрацоўнікамі Першамайскага РАУС складзены з фактычнымі памылкамі.
Складзеныя наноў пратаколы 22 траўня былі перададзеныя судзьдзі Валянціне Кісьмярошкінай, якая сёньня прызнала праваабаронцу правапарушальнікам. З гэтым абвінавачаньнем ён катэгарычна нязгодны і зьбіраецца пісаць касацыйную скаргу. На знак пратэсту супраць несправядлівых, на ягоны погляд, абвінавачаньняў з боку міліцыянтаў ён раней абвяшчаў галадоўку, якая працягвалася з 27 сакавіка па 10 красавіка, а на суд прыходзіў у майцы з надпісам “Нецензурно не выражаюсь”.