Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працяг “справы 14-ці”


Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску будуць судзіць трох абвінавачаных у крымінальнай справе, якую празвалі “справаю 14-ці”. Справу завялі за групавыя дзеяньні, якія нібыта мелі вынікам грубае парушэньне грамадзкага парадку падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. Раней, 23 красавіка, суд пакараў штрафамі і абмежаваньнем волі 9 чалавек. Андрэя Кіма абвінавацілі яшчэ і ў пагрозах міліцыянту падчас дэманстрацыі 21 студзеня і пакаралі пазбаўленьнем волі на паўтара году.

Сёньня раніцай пачнецца суд над трыма абвінавачанымі ў “справе 14-ці” Міхаілам Субачам, Паўлам Вінаградавым і непаўналетнім Максімам Дашуком.

Іх судзяць на месяц пазьней за іншых дзесяцярых абвінавачаных праз тое, што яны пазьней азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы.

Міхаіл Субач прадпрымальнік. Ён казаў, што 10 студзеня выйшаў на вуліцу бараніць свае правы, патрабуючы адмены прэзыдэнцкага ўказу № 760. Міхась ня лічыць сябе вінаватым, але ня верыць, што суд можа яго апраўдаць:

“Думаю, што калі будзе добрае надвор’е, то будзе шмат людзей – як тады, калі судзілі маіх паплечнікаў. Лічу, што мы не пасьпеем за адзін дзень усё прайсьці, таму што там было шмат і відэаматэрыялаў, і шмат сьведкаў... Прынамсі два дні гэта ўсё будзе цягнуцца”.

Павал Вінаградаў лічыць, што прысуд ня будзе істотна адрозьнівацца ад тых, якія вынесьлі ягоным дзевяцярым сябром:

“Магчыма і тое, што мяне асудзяць. І ўжо сёньня я буду ведаць прысуд. Натуральна, апраўдальнага прысуду чакаць не даводзіцца. Думаю, што мне, як і ўсім іншым, дадуць два гады папраўчых”.

У крымінальнай справе застаецца яшчэ адзін абвінавачаны – Аляксандар Баразенка, які вучыцца ва Ўроцлаўскім унівэрсытэце па праграме Кастуся Каліноўскага. Аляксандар удзельнічаў у акцыі прадпрымальнікаў, бо прыяжджаў тады ў Менску, каб падоўжыць візу. Пасьля адбыцьця арышту ён ад’ехаў у Польшчу здаваць сэсію.

Паколькі Аляксандр не прыехаў у Беларусь, каб азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, яго абвясьцілі ў вышук.

Аляксандар Баразенка паведаміў “Свабодзе”:

“Я спадзяюся, што яны атрымаюць штрафы. Ведаю, што яны ўсе сапраўды мужныя і годныя людзі, але такая беларуская сыстэма”.

На суд падтрымаць Міхаіла Субача, Максіма Дашука і Паўла Вінаградава прыйдуць іх сябры, сваякі, паплечнікі. На працэсе будуць таксама прадстаўнікі АБСЭ, амбасадаў Эўразьвязу і ЗША.

У красавіку, калі суд адбываўся над дзесяцьцю абвінавачанымі, спэцназаўцы не прапускалі ў будынак паплечнікаў абвінавачаных. Яны займалі амаль палову месцаў у залі, каб не даць магчымасьці прысутнічаць большай колькасьці людзей. Толькі ў дзень, калі абвінавачаныя выступалі з апошнім словам, прысутнасьць міліцыянтаў абмежавалася трыма супрацоўнікамі.

Назіральнікі лічаць, што гэтую тактыку будуць ужываць і сёньня. Суд пад старшынёўствам Валер’я Есьмана пачнецца а палове 10-й раніцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG