Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкі прадаюць, каб падтрымаць эканоміку


Продаж замежным інвэстарам банкаўскіх актываў, якія належаць беларускай дзяржаве, ідзе больш хуткімі тэмпамі, чым продаж прамысловых прадпрыемстваў. Чаму?


Кантрольны пакет “Белінвэстбанку”, аднаго зь пяці найбуйнейшых дзяржаўных банкаў краіны, праз тры-чатыры месяцы прададуць нямецкаму Commerzbank. Паводле старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пятра Пракаповіча, прынцыповае рашэньне ўжо дасягнутае.

Па ягоных словах, да канца году плянуецца прадаць і яшчэ адзін буйны банк — “Белпрамбудбанк”. Акрамя гэтага, у бліжэйшай будучыні ня выключаны продаж 10—15% акцыяў і найбуйнейшага ў краіне “Беларусбанку”, і “Белаграпрамбанку”, які, згодна з вэрсіяй фінансавага часопісу Global Finance, другі год запар застаецца лепшым банкам Беларусі.

Прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч у інтэрвію “Свабодзе” так тлумачыць працэс продажу беларускіх банкаў:

“Чым больш у нас будзе інвэстыцыяў, чым багацейшыя будуць нашы банкі, тым лягчэй будзе вырашаць праблемы крэдытаваньня эканомікі”.

Былы старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч называе гэты працэс правільным. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што цяпер доля замежнага капіталу ў беларускіх банках складае 15—17%:

“А ў краінах Усходняй Эўропы, прыкладам, у Чэхіі, Польшчы альбо ў балтыйскіх рэспубліках ён дасягае 50—80%. Пра заходнія банкі я наагул не кажу, там з-за глябалізацыі гэтыя паказьнікі ўжо наагул ня лічаць”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук акцэнтуе ўвагу на тым, што беларускія банкі хочуць, каб іхнымі партнэрамі сталі банкі любых краінаў, акрамя Расеі:

“Справа ў тым, што яшчэ зь мінулага году расейскія банкі пачалі экспансію на беларускім фінансавым рынку. Цяпер яны валодаюць у той ці іншай ступені сямю, а можа, ужо нават і васьмю беларускімі банкамі. І таму ў Менску шукаюць альтэрнатыву ў выглядзе банкаў Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Украіны, Казахстану і нават Грузіі”.

Аналітык кажа, што банкаўская інфармацыя ў значнай ступені камэрцыйная і дастаткова закрытая. Аднак некаторыя прыклады вядомыя. Так, расейскі ВТБ купіў “Славнафтабанк”, расейскі “Внешэкономбанк” набыў “Белзьнешэканомбанк”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG