Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Справа 14-ці”: наперадзе — новыя суды


Затрыманьне ўдзельнікаў акцыі 10 студзеня
Затрыманьне ўдзельнікаў акцыі 10 студзеня

23 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачнецца суд над Паўлам Вінаградавым, Міхасём Субачам і непаўналетнім Максімам Дашуком.


Іх абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія нібыта груба парушылі грамадзкі парадак падчас акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

У крымінальнай справе — 14 абвінавачаных. 23 красавіка суд пакараў дзесяць актывістаў. Яшчэ адзін абвінавачаны — Аляксандар Баразенка — абвешчаны ў крымінальны вышук.

Усе трое абвінавачаных — Павал Вінаградаў, Міхась Субач і Максім Дашук — ня лічаць сябе вінаватымі ў крымінальнай справе. Яны – актывісты кампаніі “Эўрапейская Беларусь” і ўдзельнічалі ў акцыі 10 студзеня сьвядома.

Міхась Субач — індывідуальны прадпрымальнік. Ён з жонкай трымае шлюбны салён. Міхась прыгадаў, што падчас суду над дзесяцьцю абвінавачанымі ў “справе 14-ці” судзьдзя пыталася: чаму тыя ўдзельнічалі ў акцыі прадпрымальнікаў, калі самі не займаюцца дробным бізнэсам?

Гаворыць Міхась Субач:

“Я спадзяюся, што прысуд будзе ня жорсткі як і ў дачыненьні да іншых дзевяці чалавек, выкрэсьліваючы, зразумела, Андрэя Кіма. Але судзьдзя іншы. Як казала мая адвакатка — бываюць аналягічныя справы, але розныя судзьдзі і розныя прысуды.

Гэтая акцыя тычылася мяне асабіста, бо я прадпрымальнік. Я выйшаў бараніць свае правы. Ніякіх беспарадкаў у гэты дзень не было і ніякіх хуліганскіх дзеяньняў з майго боку таксама не было. Гэта звычайная справа, калі парушаюцца правы людзей, то яны выходзяць на вуліцу”.

Павал Вінаградаў цяпер ня мае сталага месца працы. Ён выйшаў на дэманстрацыю на знак салідарнасьці з прадпрымальнікамі. Павал лічыць, што прысуд яму ня будзе істотна адрозьнівацца ад тых, якія выносіліся ў гэтай крымінальнай справе раней. Ён заявіў, што яго не напалохае й больш жорсткае пакараньне.

“Што тычыцца доказаў, то калі я нешта і зьдзейсьніў, то гэта падпадае пад адміністрацыйнае правапарушэньне. І то гэта не па Канстытуцыі, а па Адміністрацыйным Кодэксе. Свае 15 сутак за гэта я ўжо адседзеў. Калі я быў наперадзе калёны, то гэта ж не азначае, што я быў арганізатарам”.

Непаўналетняга Максіма Дашука затрымалі пасьля акцыі прадпрымальнікаў. Ён прыйшоў да сьледчага на першае ж патрабаваньне і трапіў у сьпіс абвінавачаных у крымінальнай справе, якую распачалі на загад міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава.

Адвакатка Андрэя Кіма Тамара Сідарэнка зьвяртала ўвагу суду на тое, што ў матэрыялах крымінальнай справы фігураваў разьлінаваны блянк. Паміж прозьвішчамі чатырнаццаці абвінавачаных былі незапоўненыя радкі пад нумарамі. Паводле абаронцы, гэты блянк сьведчыць пра тое, што справа стала вынікам палітычнай замовы, і што фігурантаў у ёй магло быць значна больш.

Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўналетняга Максіма Дашука вырашылі судзіць пазьней за дзесяць абвінавачаных з прычыны таго, што яны своечасова не азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы.

Аляксандар Баразенка дагэтуль матэрыялаў крымінальнай справы ня бачыў, бо вучыцца ў Польшчы ва Ўроцлаўскім унівэрсытэце па праграме Кастуся Каліноўскага. Сьледчыя абвясьцілі яго ў крымінальны вышук. Калі Аляксандар трапіць на беларускую мяжу, яго адразу арыштуюць. На суд яго прывязуць пад аховай. Аляксандар паведаміў “Свабодзе”, што мае намер вучыцца і пакуль ня вызначыўся, калі прыедзе ў Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG