Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Беларусі нацыянальны музэй Чарнобылю?


Пад Хойнікамі год дзейнічае вясковы чарнобыльскі музэй. Ва Ўкраіне нацыянальны музэй памяці ахвяраў Чарнобылю створаны 16 гадоў таму. Ці ёсьць у беларускім грамадзтве патрэба такога музэю?

Сёньня ў вёсцы Судкова Хойніцкага раёну пройдзе чарнобыльская сустрэча. Да вяскоўцаў прыедуць іхныя землякі, якія пасьля чарнобыльскай навалы разьехаліся па розных рэгіёнах Беларусі. Арганізуе сустрэчу вясковы чарнобыльскі музэй, які такой акцыяй адзначае сваю першую гадавіну.

Ініцыятарам стварэньня мясцовага музэю стаў былы кіраўнік сельскагаспадарчага каапэратыву “Судкова” Мікалай Садчанка. Пасьля ён ачольваў Хойніцкі райвыканкам, а цяпер працуе ў Гомелі. Але Мікалай Садчанка ўпэўнены, што і безь ягонага непасрэднага ўдзелу музэйная справа ўжо не заглухне:

“Пачатак музэю зроблены. Але трэба разьвіваць. Мы ўвялі стаўку дырэктара, ёсьць навуковыя супрацоўнікі. Вызначаныя накірункі, усё робіцца”.

Мікалай Садчанка перакананы: у Беларусі трэба мець нацыянальны Чарнобыльскі музэй, як ва Ўкраіне. Прычым музэй патрэбна адкрыць менавіта ў Хойніцкім раёне, дзе знаходзіўся рэспубліканскі штаб у справе ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы:

“Тады ў мяне пляны былі большыя. У населеным пункце Дворышчы захаваўся трохпавярховы будынак школы, дзе дзеці ўжо 12 гадоў ня вучацца. Я там хацеў рабіць музэй. І разам зь ім мэмарыял адселеных вёсак па тыпу Хатыні. У нас жа 421 населены пункт спынілі існаваньне ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай”.
У Беларусі пасьля Чарнобылю зьнік 421 населены пункт

У музэі “Трагедыя Чарнобылю” пакуль што экспанатаў небагата. Найперш гэта дакумэнты, якія ілюструюць карціну трагедыі лічбамі, фактамі, загадамі. Музэй не перастае зьбіраць экспанаты і вельмі разьлічвае на падтрымку ўсіх зацікаўленых. Найперш, кажа арганізатар музэю Мікалай Садчанка, ставіцца мэта дазнацца лёсы ўсіх ліквідатараў наступстваў трагедыі. Іх імёны, абставіны жыцьця, іхныя згадкі пра тыя трагічныя дні.

Тым часам кіеўскі музэй памяці ахвяраў Чарнобылю дзейнічае ўжо шмат гадоў – ён быў адкрыты ў гадавіну чарнобыльскай катастрофы 26 красавіка 1992 году. Экспазыцыя налічвае каля 7000 экспанатаў – рассакрэчаныя дакумэнты, карты, фотаздымкі, прадметы побыту народнай культуры Ўкраінскага Палесься, сабраныя экспэдыцыямі музэю ў Чарнобыльскай зоне адчужэньня. У кіеўскім музэі можна пабачыць унікальныя відэаматэрыялы, кампутарныя праграмы пра катастрофу і яе наступствы, дзейную трохфазавую дыяраму “Чарнобыльская АЭС да, у часе і пасьля аварыі” і нават макет энэргаблёку ЧАЭС. Але скрозь усю экспазыцыю (музэй налічвае некалькі вялікіх заляў) чырвонай лініяй – лёсы ды імёны загінулых ліквідатараў.

Намесьнік старшыні камісіі ў праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалёгіі і прыродакарыстаньня Палаты прадстаўнікоў Мікалай Сергіенка сказаў нашаму радыё, што ён асабіста, на жаль, ня бачыў кіеўскага музэю:

“Але я адназначна, як кажуць, рукамі і нагамі за тое, каб мець у нашай краіне такі музэй. Гэта ж гісторыя нашай краіны, гэта сёньняшняя гісторыя. Гэта падзея, якая зьмяніла ўсё жыцьцё рэспублікі”.

Вядомы беларускі эколяг Валер Дранчук лічыць: стварэньне нацыянальнага музэю робіцца асабліва актуальным цяпер, калі ў Беларусі зьбіраюцца будаваць атамную электрастанцыю:
Чарнобыльскі музэй павінен быць у "саркафагу": у Палацы Рэспублікі.

“Але ж Хойніцкі раён – гэта так далёка. А я думаю, што павінен быць народны музэй Чарнобылю. Калі яшчэ пачалі будаваць Палац Рэспублікі, яго празвалі саркафагам, паколькі ён сапраўды спачатку нагадваў саркафаг.

І я далучыўся да гэтага і пачаў праводзіць у публікацыях такую думку: сапраўды, у гэтым будынку трэба ладзіць ня розныя шоў, як цяпер робіцца, а тут мусіць быць Чарнобыльскі музэй. Прычым сапраўдны – эўрапейскага, усясьветнага ўзроўню. Не які-небудзь краязнаўчы з чарнобыльскімі старонкамі, чарнобыльскім экспазыцыямі. А гэта павінен быць вельмі магутны музэй. Таму што чым сёньня ёсьць Чарнобыль? Гэта ўжо гісторыя сьвету. І яна павінна знайсьці сваё адлюстраваньне”.

Тыя, каму давялося наведаць кіеўскі музэй Чарнобылю, расказваюць, што ягоныя маштабы ўражваюць. Лейтматыў экспазыцыі: вялікая моц чалавечага розуму, якому павінна адпавядаць і адказнасьць за дзеяньні. Лёзунгам выставы зьўляецца крылатая лацінскія фраза “Ёсьць мяжа ў смутку – няма яе ў трывогі” (“Est dolendi modus, non est timendi”).

Фотаздымкі з экспазыцыі кіеўскага музэю можна паглядзець ТУТ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG