Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе 14-ці — дзесяць асуджаных


Belarus - Trial of "14", 16Apr2008
Belarus - Trial of "14", 16Apr2008

Суд пакараў сем актывістаў моладзевага руху абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру, дваіх штрафамі, а Андрэя Кіма — пазбаўленьнем волі на паўтара году.

Такі прысуд атрымалі дзесяць абвінавачаных у крымінальнай справе, вядомай як “справа 14-ці”.

Больш за сотню чалавек сабраліся каля будынку суду на знак салідарнасьці з абвінавачанымі ў крымінальнай справе, распачатай у сувязі з падзеямі 10 студзеня. Андрэя Кіма прывезьлі ў суд на пачатку працоўнага дня і трымалі больш за чатыры гадзіны, пакуль судзьдзя Алена Ільіна друкавала судовую пастанову.

Калі судзьдзя пачала зачытваць прысуд, Антон Койпіш сеў на лаву. Судзьдзя зрабіла яму заўвагу і запатрабавала, каб ён слухаў стоячы. Калі Антон сказаў, што кепска сябе адчувае, яна абвясьціла перапынак, каб выклікалі “хуткую”. Антона шпіталізавалі з дыягназам “пераднепрытомны стан”.

Калі пасьля перапынку судзьдзя зноў пачала зачытваць прысуд, людзям цяжка было стрымлівацца. Напрыклад, хвалю шэпту выклікала фраза пра тое, што сьведкі пацьвердзілі паказаньні Падбярозкіна. Менавіта гэтага міліцыянта абвінавачаныя прасілі прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за ілжэсьведчаньне.

Калі судзьдзя Алена Ільіна абвясьціла, што Андрэя Кіма пазбаўляюць волі на паўтара года, ягоная маці прамовіла: “Я ганаруся табой, сынок!” Андрэй будзе адбываць пакараньне ў калёніі агульнага рэжыму. Уладзімера Сяргеева і Антона Койпіша судзьдзя пакарала штрафамі — тры мільёны пяцьсот тысяч рублёў кожнаму. Абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру пакараныя Тацяна Цішкевіч, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Арцём Дубскі, Алесь Чарнышоў, Аляксей Бондар і Алесь Стральцоў. Гэта значыць, што адбываць пакараньне яны будуць па месцы жыхарства.
Я задаволены. Можна сказаць, што ў якасьці падарунку гэта мне штраф далі

Як толькі судзьдзя скончыла зачытваць прысуд, прысутныя пачалі скандаваць: “Ганьба!”

Спэцназаўцы затрымалі Аляксандра Атрошчанкава. Яны казалі, што чулі, як нехта з залі абразіў судзьдзю. На іх думку, гэта быў Атрошчанкаў. На яго ў судзе склалі пратакол.

Уладзімер Сяргееў тое, што яго пакаралі штрафам, назваў падарункам на свой дзень народзінаў:

“Я задаволены. Можна сказаць, што ў якасьці падарунку гэта мне штраф далі. Аднак гэта азмрочана перш за ўсё арыштам Кіма. Тое, што маіх сяброў пакаралі, лічу, неабгрунтавана жорстка. Лічу ганебным тое, што нас усіх прызналі вінаватымі”.

На вуліцы каля сотні чалавек стаялі і чакалі, пакуль не павязуць Андрэя Кіма .

Арцём Дубскі пракамэнтаваў прысуд:

“Больш за ўсё мяне ўразіў прысуд Андрэю Кіму, якому далі паўтара года насамрэч ні за што. Папросту высмактана з пальца. Можна было любога на вуліцы схапіць. З тых жа амапаўцаў, якія ходзяць на мітынгі, і абвінаваціць іх у чым заўгодна. Ну што ж, два гады — няправы прысуд”.

Міхась Пашкевіч дадаў:

“Мы сталі насамрэч закладнікамі любой рэчы, якая можа з намі здарыцца, таму што мы насамрэч застаемся пад той мерай стрыманьня, якую нам абралі. Цяпер за кожную драбязу, нават за пераход у недазволеным месцы, можна накіравацца на Валадарку. Я не магу сказаць, што гэта добры прысуд”.

Андрэева маці Тацяна Кім адразу пасьля прысуду пабегла дадому. Яна не магла стрымаць сьлёз. “Свабодзе” яна сказала, што сама нават ня пойдзе да судзьдзі па дазвол на спатканьне
Няхай усё гэта застаецца на іх сумленьні.
.

“Няхай усё гэта застаецца на іх сумленьні... На сумленьні Сычова, які так моцна пацярпеў, на сумленьні судзьдзі Ільіной. Да апошняга я спадзявалася, што яна паставіцца справядліва. Папрашу адваката, але сама больш не пайду да яе. Не магу я, калі шчыра, глядзець ёй у вочы. Такое ўражаньне, што гэта я вінаватая, а не яна”.

Адвакаты і асуджаныя паведамілі “Свабодзе”, што будуць абскарджваць прысуд у вышэйшых інстанцыях і нават у міжнародных структурах — бо лічаць, што ён незаконны і парушае фундамэнтальныя правы чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG