Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор папрасіў для абвінавачаных ад 2 да 2,5 год


У судзе Цэнтральнага раёну Менску скончыўся чацьверты дзень “працэсу 14-ці” над удзельнікамі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня.


Прадстаўнік пракуратуры сп.Рамашэўскі папрасіў пакараць Міхася Пашкевіча, Аляксея Бондара і Арцёма Дубскага абмежаваньнем волі на 2 гады (так званай "хіміяй"); Андрэя Кіма – на 2 гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму; Тацяну Цішкевіч, Алеся Чарнышова, Алеся Стральцова, Уладзімера Сяргеева, Міхася Крывава і Антона Койпіша пакараць абмежаваньнем волі на 2,5 гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру.

Адвакатка Андрэя Кіма Тамара Федарэнка ў сваёй прамове сказала, што крымінальная справа і суд ёсьць ланцугамі раней адрэжысаванага сцэнару. Яна зьвярнула ўвагу на тое, што ў сьледчых на блянку, дзе быў сьпіс абвінавачаных, былі нумары – але пад імі не было прозьвішчаў.

Абвінавачаны Міхаіл Крываў прыгадаў выступ міністра Ўладзімера Навумава на беларускім тэлебачаньні пра тое, што распачата каля 50 крымінальных справаў за падзеі 10 студзеня.

Адвакатка Андрэя Кіма прывяла некалькі доказаў таго, што яе падабаронны мае бясспрэчнае алібі, нават на падставе міліцэйскіх пратаколаў і паказаньняў міліцыянтаў.

Міхаіл Пашкевіч у сваім выступе крануў выступ дзяржабвінаваўцы, калі той траціну часу прысьвяціў агляду інтэрнэту, таму што там было пра крымінальную справу і суд.

Адзін з абвінавачаных Алесь Стральцоў так пракамэнтаваў выступ пракурора:

"Сёньня пракурор за абсалютна мірную акцыю, дзе не было ніводнага ўдара супрацоўніка міліцыі, ні з боку канкрэтных людзей, ні з боку нейкіх нявызначаных – то бок, ніводнай прэтэнзіі няма, што хтосьці кагосьці пабіў, абсалютна мірная акцыя - запрасіў нам на ўсіх 23 года пазбаўленьня волі, абмежаваньня волі, хіміі... Што тут камэнтаваць".

Ніхто з абвінавачаных сваю віну не прызнаў, усе ў сваіх выступах спасылаліся на нормы міжнароднага права, канстытуцыю, якія гарантуюць грамадзянам свабоду мірных сходаў і дэманстрацый.

Судзьдзя Алена Ільіна паведаміла прысутным, што зачытае сваё рашэньне заўтра не раней за 11-ю гадзіну раніцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG