Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс 14-ці: вынікі другога дня


Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску працягваўся працэс над актывістамі, якіх абвінавачваюць у грубым парушэньні грамазкага парадку.


Усе маладыя людзі былі затрыманыя за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Менску.

Працэс назвалі "працэсам 14-ці" таму, што ў ім – 14 абвінавачаных. Але чатыры чалавекі – непаўналетні Максім Дашук, Павал Вінаградаў, Аляксандар Баразенка і Міхаіл Субач – паўстануць перад судом крыху пазьней. Яны своечасова не азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы, і таму цяпер ня могуць быць дапушчаныя да судовага працэсу.

Другі дзень суду над дзесяцьцю абвінавачанымі ў масавых беспарадках моладзевымі актывістамі Міхасём Пашкевічам, Уладзімерам Сяргеевым, Арцёмам Дубскім, Тацянай Цішкевіч, Алесем Чарнышовым, Міхасём Крывавым, Аляксеем Бондарам, Андрэем Кімам, Антонам Койпішам і Алесем Стральцовым пачаўся з допыту сьведак-міліцыянтаў.

Спэцназаўцы не пусьцілі ў будынак суду ўсіх жадаючых. Абвінавачаныя раніцай стаялі разам са сваімі сябрамі пад дажджом каля брамы і патрабавалі, каб на суд прапусьцілі ня толькі іх бацькоў.

У выніку перамоваў прапусьцілі тых, каго заявілі абвінавачаныя. Судзьдзя Алена Ільіна папярэдзіла, што ў далейшым за спазьненьне на працэс будуць караць як за непавагу да суду.

Намесьнік кіраўніка Менскага ДАІ Максім Падбярoзкін назваў акцыю прадпрымальнікаў 10 студзеня “вакханаліяй”. Ён казаў, што ўдзельнікі акцыі былі нападпітку, нецэнзурна лаяліся і кідаліся ў бойку з міліцыянтамі.

Але ён не адказаў на пытаньне, хто загадаў кіроўцу аўтобуса рухацца на калёну людзей. Самі абвінавачаныя казалі, што бачылі, як супрацоўнік ДАІ даў знак кіроўцу ехаць на людзей.

Яго падначаленыя Андрэй Навумаў, Аляксандар Субач, Андрэй Шарамет казалі, што дэманстранты заміналі транспарту, але прапускалі “хуткую дапамогу”, а потым, наагул, вызвалілі дзьве паласы руху.

Гаворыць Арцём Дубскі:

“Сярод тых сьведак, якія былі з боку абвінавачаньня, былі й такія, якія сумленна адказвалі на пытаньні, якія задавала судзьдзя пракурор. Былі такія, якія нават супярэчылі ранейшым паказаньням і не хлусілі. Яны давалі праўдзівыя паказаньні”.

Калі Аляксандр Субач пачаў адказваць на пытаньні абвінавачаных па-беларуску, судзьдзя сказала яму, каб размаўляў па-расейску.

Гаворыць Антон Койпіш:

“Забаранялася размаўляць сьведкам-міліцыянтам па-беларуску. Калі яны пачыналі, то ім вельмі празрыста намякалі, што гэтага рабіць ня трэба. Дастаткова відавочнае стаўленьне судзьдзі да нас. Яна дапамагае пракурору сваімі пытаньнямі і падказвае сьведкам, што казаць”.

Дырэктар філіялу прадпрыемства “Менсктранс” Аляксандар Радзевіч паведаміў, што быў на Кастрычніцкай плошчы, бо ведаў, што адбудзецца акцыя апазыцыі. Ён патлумачыў, што туды аўтобусамі прывозілі школьнікаў катацца на каньках. На пытаньне чаму, ведаючы пра несанкцыянаваную акцыю, туды везьлі дзяцей, ён не адказаў.

Хвалю абурэньня выклікалі зьвесткі Камітэта эканомікі аб тым, што гандлёвыя прадпрыемствы з-за дэманстрацыі 10 студзеня страцілі 124 мільёны 700 тысяч рублёў.

Крама “Лакамка” за дзьве гадзіны недалічылася прыбытку на 2 мільёны 600 тысяч рублёў. Гэта ўразіла прысутных, калі ўлічыць, што кіляграм самых дарагіх цукерак каштуе каля 20 000 рублёў. Унівэрсам “Цэнтральны” і рэстарацыя “Макдональдс” заявілі, што ніякага ўрону для іх не было. Мэдыкі “хуткай” таксама паведамілі, што працавалі ў звычайным рэжыме.

Пад час агляду пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы заўважылі істотныя супярэчнасьці ў паказаньнях пацярпелага Ігара Сычова. Судзьдзя і пракурор на рэплікі адвакатаў адказалі, што папросту яго не папярэджвалі пра крымінальную адказнасьць за ілжывыя паказаньні.

Працяг суду адбудзецца заўтра а 10 раніцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG