Аўтар справаздачы Хрыстас Пургурыдэс у інтэрвію “Свабодзе” заявіў, што галоўная мэта падрыхтаванага дакумэнту палягае ў тым, каб рэжым у Беларусі “спыніў злоўжываньне крымінальнымі працэсамі ў палітычных мэтах”. У праекце рэкамэндацый гаворыцца пра тое, што беларускія ўлады павінны адмяніць артыкулы крымінальнага кодэксу, паводле якіх прадстаўнікоў апазыцыі караюць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Праваабаронца Гары Паганяйла сказаў, што гэтае пытаньне даўно пастаўлена перад Радай Эўропы, Эўразьвязам і Вэнэцыянскай камісіяй:
“І гэта добра, што ў сёньняшнім дакладзе Пургурыдэса гэтыя праблемы ўзьняты і ставяцца канкрэтныя прапановы пра выключэньне гэтых артыкулаў з крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Бо па гэтых артыкулах прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці, як мы лічым незаконна, па палітычна матываваных рашэньнях, маладыя актывісты”.
Пры падрыхтоўцы дакладу Хрыстас Пургурыдэс ня меў магчымасьці наведаць Менск і пагутарыць з прадстаўнікамі ўладаў. Аднак аўтар скарыстаў іншыя крыніцы інфармацыі. Спадар Паганяйла сказаў, што ён сустракаўся са спадаром Пургурыдэсам і юрысты перадалі яму неабходныя матэрыялы. Але ці ёсьць спадзяваньне, што ўлады Беларусі прыслухаюцца да высноваў спадара Пургурыдэса?
“Канечне, мы не ў Радзе Эўропы. І любыя рэзалюцыі і даклады могуць мець пэўныя рэкамэндацыі для ўраду Беларусі. Калі Беларусь хоча быць цывілізаванай і рэальна ўспрымае эўрапейскі палітычны вэктар, яна павінна прыслухацца да гэтых разумных прапановаў і зрабіць рэальныя крокі насустрач”.
За тым, як будзе ісьці абмеркаваньне дакладу спадара Пургурыдэса будуць сачыць прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, якія ўжо прыбылі ў Страсбур. Кіраўніца офісу “За дэмакратычную Беларусь” у Брусэлі Вольга Стужынская, адносна атмасфэры вакол дакладу спадара Пургурыдэса, сказала:
“Я ведаю, што рыхтуюцца некаторыя прапановы зьмяніць нешта. Але са словаў аднаго з прадстаўнікоў нямецкай дэлегацыі, яны хацелі б толькі зрабіць мацнейшым той сыгнал, які спадар Пургурыдэс хоча даслаць у Беларусь. Усе зь цікавасьцю будуць сачыць і, я думаю, што тут у нас шмат прыхільнікаў”.
Паводле спадарыні Стужынскай, дэлегацыя сяброў беларускіх няўрадавых аб’яднаньняў будзе знаходзіцца ў Страсбуры цягам тыдня:
“Такія рэчы як слуханьні па сытуацыі ў мэдыях, якія праходзілі раней, тыя ж справаздачы і рэзалюцыі Пургурыдэса заўсёды былі зробленыя ня толькі зь ініцыятывы міжнародных арганізацый, але і зь вялікім укладам беларускага боку – і палітычных партый, і грамадзянскай супольнасьці. Вельмі добра, што на кожную сэсію запрашаюцца такія дэлегацыі”.
Па выніках абмеркаваньня ПАРЭ мае ўхваліць рэзалюцыю і рэкамэндацыю. У праекце рэзалюцыі, у прыватнасьці, выказваецца "глыбокае шкадаваньне ў сувязі з палітычна матываванымі злоўжываньнямі ў сыстэме правасудзьдзя, якія ўсё яшчэ маюць месца ў Беларусі", а таксама ўтрымліваецца заклік скасаваць артыкул 193 частка 1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). "Асамблея ўпэўненая, што Рэспубліка Беларусь з часам далучыцца да эўрапейскай сям`і нацыяў, якая датрымлівае правы чалавека і нормы закону, у тым ліку гарантаваўшы кампэнсацыю ахвярам і пакараўшы вінаватых у злоўжываньнях пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя, апісаных ў дакладзе", — гаворыцца ў праекце рэзалюцыі.