Арганізатары будуць чакаць адказу ад Менгарвыканкаму да 21 красавіка. У выпадку забароны заяўленага маршруту аргкамітэт гатовы да перамоваў з уладамі для пошуку кампраміснага варыянту. Адзін з заяўнікаў акцыі Ігар Рынкевіч сказаў:
“Мы згодны разглядаць пытаньне са зьменай фармату. Але адразу, калі будзе накіраваньне нашага шэсьця на Бангалор – гэта будзе як правакацыя. І пэўны працяг падзеяў, якія былі 25 сакавіка. Так што размовы пра Бангалор быць ня можа”.
На паседжаньні аргкамітэту вырашана стварыць дружыну для падтрыманьня грамадзкага парадку пад час акцыі. Спадар Рынкевіч патлумачвае:
Размовы пра Бангалор быць ня можа.
“Заяўнікі нясуць адказнасьць за грамадзкі парадак. Тое, што адбывалася 25 сакавіка паказала, што больш грамадзкі парадак парушаюць уласна тыя, хто павінен яго захоўваць – людзі ў чорнай вопратцы, якія не прадстаўляюцца, ламаюць рэбры, б’юць людзей, перавышаюць свае службовыя паўнамоцтвы. Таму мы абыдземся без уладаў і будзем падтрымліваць грамадзкі парадак уласнымі сіламі. Мы – цывілізаваныя людзі. Няхай улады не клапоцяцца, не перашкаджаюць і не займаюцца дробнымі і брутальнымі правакацыямі”.
Падчас падрыхтоўкі асноўныя намаганьні арганізатараў скіраваныя на інфармацыйную кампанію. Адзін з заяўнікаў старшыня, зарэгістраванага ва Ўкраіне, грамадзкага аб’днаньня “Саюз Чарнобыль-Беларусь” Аляксандар Ваўчанін лічыць, што сёлета акцыя будзе больш масавай.
“Усе будуць глядзець і параўноўваць, як гэты шлях будзе праходзіць у сувязі з 25 сакавіка, калі была разагнаная акцыя. Гэта будзе больш падрыхтаваны і моцны “Чарнобыльскі шлях”.
17 красавіка падчас слуханьняў “Чарнобыль сёньня” ў Эўрапарлямэнце спадар Ваўчанін мяркуе запрасіць і эўрадэпутатаў да ўдзелу ў акцыі.
“Я заўсёды за дыялёг, асабліва ў пытаньнях чарнобыльскіх. Бо ад гэтага пакутуе ўсё насельніцтва Беларусі. Калі нейкі чыноўнік гаворыць, што чарнобыльскіх пытаньняў няма і такой праблемы няма – ён хлусіць. І гэта вораг Беларусі. І ад такіх чыноўнікаў паменшылася да нуля гуманітарная дапамога. Буду ўздымаць гэта пытаньне перад дэпутатамі Эўрапарлямэнту. І буду прасіць, каб яны павялічылі гэту дапамогу Беларусі.
Калі б улада была разам з прадстаўнікамі апазыцыі, прафэсарамі, дактарамі навук, то наш голас быў бы пачуты і ў ААН, і ў Эўразьвязе. Каля прэзыдэнта зараз ёсьць ястрабы і ёсьць міратворцы. “Чарнобыльскі шлях” павінен паказаць гэтым ястрабам, што такі дыялёг, як яны хочуць зрабіць, непрыймальны”.
Старшыня аргкамітэту Аляксандар Мілінкевіч у звароце з нагоды “Чарнобыльскага шляху” заявіў, што 26 красавіка – гэта Дзень смутку беларускага народа і Дзень напаміну пра небясьпеку “мірнага атама”. Паводле спадара Мілінкевіча, рашэньне пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі без абнародаванай навуковай экспэртызы і без грамадзкай дыскусіі нясе пагрозу для беларусаў і суседзяў. Ён заклікаў сказаць “не” адмене сацыяльных гарантыяў пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС. Паводле спадара Мілінкевіча, “як і ў савецкія часы, людзі сёньня не маюць доступу да інфармацыі, якая зьвязана зь бясьпекай іх жыцьця і здароўя”.