Калі чалавек на працы й выконвае сваю работу, то яго няма за што арыштоўваць
Юнак: “Нэгатыўна. Калі чалавек на працы й выконвае сваю работу, то яго няма за што арыштоўваць. Ён не нясе ніякай шкоды грамадзтву. Калі ёсьць свабодныя нейкія сродкі масавай інфармацыі, людзі могуць сфармаваць рознабаковы пункт погляду, і зыходзячы з гэтага, выбудоўваць сваю жыцьцёвую пазыцыю”.
Спадарыня: “Я такі непалітычны чалавек. Канечне, я чула. Натуральна, гэта непрыемна чуць, што ёсьць такія моманты. Але я неяк ня дужа паглыбляюся, скажам так”.
Спадар: “На мой погляд, незаконна, бо мы жывём у дэмакратычнай краіне, маем свабоду слова. Кожны журналіст і свабодны грамадзянін мае права выказваць сваю думку. Сам прэзыдэнт настойвае на тым, што ўсё павінна быць свабодна й дэмакратычна”.
Спадарыня: “Адмоўна, нэгатыўна. Лічу гэта перадусім парушэньнем правоў чалавека, парушэньнем права чалавека рабіць тое, што ён павінен і абавязаны рабіць. Гэта зьнявага пачуцьця гонару. Гэта несумленна, подла й палітычна непісьменна”.
Навошта арыштоўваць журналістаў, гэта ж наша прэса, гэта наша ўсё.
Спадар: “У свабоднай краіне такога не павінна быць, калі ў нас дэмакратыя. Я да гэтага стаўлюся адмоўна. Гэта глупства”.
Спадарыня: “Арыштоўваюць? Прэзыдэнт у нас такі. Навошта арыштоўваць журналістаў, гэта ж наша прэса, гэта наша ўсё. Мы ж будзем усё ведаць, што робіцца ў нас у краіне”.
Спадар: “Калі яны не парушаюць законы, выконваюць сваю работу ў межах закону — чаму іх павінны арыштоўваць? Калі ёсьць нейкія рэальныя прычыны для гэтага, то, канечне, не арыштоўваць, зрабіць заўвагу, папярэдзіць або што. Але арыштоўваць — ня бачу тут падставаў”.
Людзі павінны ведаць усю праўду пра краіну, у якой яны жывуць, а ня толькі нейкія прыгожыя факты
Спадарыня сталага веку: “Я б вам адказала, так, як я думаю, але я проста баюся”.
Юнак: “Мне здаецца, няправільны падыход. Чалавек выконвае сваю работу, як мы ўсе. Калі яму перашкаджаюць яе выконваць, ён проста тады не данясе інфармацыю да людзей. Ёсьць такая думка, што любую рэч неабходна прагледзець з двух пунктаў гледжаньня, з добрага й дрэннага, з двух бакоў, каб склалася нармальнае стаўленьне”.
Спадарыня: “Канечне, адмоўна стаўлюся. Я лічу, што павінна быць свабода слова, бо я лічу, што людзі павінны ведаць усю праўду пра краіну, у якой яны жывуць, а ня толькі нейкія прыгожыя факты. Людзі наагул павінны слухаць тыя каналы, якія ім падабаюцца, а ня тыя, якія ім навязваюць”.