Сьпярша пра гэта заявіла беларускае замежнапалітычнае ведамства. Пазьней сам спадар Мур пацьвердзіў гэтую інфармацыю.
Джонатан Мур заявіў прадстаўнікам беларускага МЗС, што Злучаныя Штаты лічаць патрабаваньне аб скарачэньні штату сваёй амбасады ў Менску “неабгрунтаванымі і непасьлядоўнымі ў рамках дыпляматычнай практыкі”.
Аднак ЗША, паводле Мура, выканаюць гэтае патрабаваньне: колькасьць дыпляматычных супрацоўнікаў будзе скарочаная да 17 чалавек да канца дня 27 сакавіка.
“Як і раней, безумоўнае вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў дасьць магчымасьць пачаць пошук шляхоў паляпшэньня нашых двухбаковых дачыненьняў”, – гаворыцца ў заяве Джонатана Мура, накіраванай на адрас Радыё Свабода. Кіраўнік амэрыканскай амбасады ў Беларусі Джонатан Мур таксама заявіў:
“Як толькі мы зможам прадоўжыць нашую працу ў Менску, пасольства будзе ажыцьцяўляць свае асноўныя задачы, у тым ліку забясьпечваць кантакты паміж беларусамі і амэрыканцамі, абараняць інтарэсы амэрыканскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі, прымаць гасьцей у ЗША і інфармаваць Дзярждэпартамэнт аб палітычным і эканамічным разьвіцьці”.
Беларускі бок дамагаўся скарачэньня штату амбасады ЗША некалькі тыдняў, патрабуючы давесьці яго да ўзроўню беларускага пасольства ў Вашынгтоне. Пры гэтым МЗС Беларусі спасылаўся на прынцып парытэтнасьці, нібыта адлюстраваны ў Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных адносінах. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, размова ідзе прыблізна аб палове супрацоўнікаў амэрыканскай дыпмісіі, гэта значыць — каля двух дзясяткаў. Менавіта на столькі дыпляматаў менш у беларускім пасольстве ў Вашынгтоне, чым у амэрыканскім — у Менску.
Раней пад ціскам беларускіх уладаў пасол ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт вымушаная была ад’ехаць для кансультацый у Вашынгтон. Такім чынам, пагадзіўшыся на скарачэньне пэрсаналу пасольства, Злучаныя Штаты зрабілі другі крок пад ціскам афіцыйнага Менску.
Ці можна лічыць гэта “дыпляматычнай перамогай” беларускага МЗС? Меркаваньне былога намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Андрэя Саньнікава:
“Не. Я думаю, што тут больш відавочны ўзважаны падыход амэрыканскага боку. Відавочна, што адзін бок правакуе на канфлікт, другі бок не хацеў бы гэтага канфлікту. Нягледзячы на тое, што гучаць такія заявы і робяцца такія крокі, амэрыканскі бок вырашыў прымаць рашэньні, якія дазволілі б у будучыні (я спадзяюся, што ў хуткай) аднавіць нармальныя стасункі”.
На думку Андрэя Саньнікава, ціскам на пасольства беларускі бок, які імкнецца зьняць санкцыі, накладзеныя амэрыканскім бокам на кампанію “Белнафтахім”, нічога не даможацца. Фактычна гэтымі санкцыямі ЗША дамагаюцца вызваленьня з турмы Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў, нагадвае спадар Саньнікаў:
“Калі беларускі бок разьлічвае, што канфлікт з пасольствам прадэманструе нейкую моц, то гэта ня так. Гэты канфлікт дэманструе пэўную разгубленасьць і няведаньне, што рабіць — зь беларускага боку. Таму я лічу, што санкцыі такім шляхам яны ня здымуць ніяк”.
Дыпляматычны канфлікт паміж Беларусьсю і ЗША ўзьнік пасьля таго, як ЗША ўвялі абмежавальныя захады датычна дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім”. Амбасадара Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова адклікалі “для кансультацыяў”. Адначасна беларускія ўлады настойліва рэкамэндавалі паслу ЗША Карэн Ст’юарт таксама пакінуць Беларусь з аналягічнай мэтай. 12 сакавіка яна выехала зь Беларусі.
Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ Кайл Скот заявіў, што санкцыі адносна “Белнафтахіму” накіраваныя ня супраць беларускага народу, а толькі супраць тых, хто мае дачыненьне да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.
“На самай справе мы спрабуем дапамагчы народу Беларусі карыстацца ягонымі асноўнымі свабодамі. Мы зноў заклікаем улады Беларусі вызваліць Аляксандра Казуліна і тым самым спрыяць дыялёгу аб паляпшэньні дачыненьняў”, — заявіў, у прыватнасьці, прадстаўнік ЗША ў АБСЭ Кайл Скот.