Адзін з ініцыятараў збору подпісаў Эдуард Брокараў называе тысячу пяцьсот галасоў пераадоленьнем псыхалягічнай мяжы. Актывіст падкрэсьлівае, што падчас выбарчых кампаніяў у Горках гэтулькі галасоў у падтрымку кандыдата ад дэмакратычных сілаў сабраць не ўдавалася:
“Гэтая праблема ў нас вядомая. Да нас перасялялі людзей з забруджаных раёнаў. Тут шмат людзей, якія ўжо пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, таму, шчыра кажучы, яны баяцца й ня хочуць паўтарэньня гэтага. Людзі ўсхваляваныя, і гэтая праблема іх чапляе, таму яны так актыўна падпісваюцца”, — зазначыў “Свабодзе” Эдуард Брокараў.
Спадар Брокараў упэўнены, што ўлады зьвернуць увагу на пратэсты людзей супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі толькі тады, калі паўстане агульнанацыянальны антыядзерны рух. Горацкую ініцыятыву падтрымалі ў суседняй Воршы і ў Чэрыкаўскім раёне. Неўзабаве далучыцца й Мсьціслаўшчына.
Подпісы супраць будаўніцтва АЭС пачалі зьбіраць у Горацкім раёне летась у сьнежні.
Адна зь меркаваных пляцовак для будаўніцтва АЭС знаходзіцца ў Горацкім раёне паблізу вёскі Кукшынава, за 15 кілямэтраў ад Горак, за 50 — ад Магілёва і за 30 кілямэтраў ад беларуска-расейскай мяжы.