Блогі / Ян Максімюк

Let’s write and read Podlachian

17.03.2008 13:19
Ян Максімюк

Bajki
 
Недзе з год таму я раздрукаваў свой падляскі пераклад раману нарвэскага пісьменьніка Тар’ей Вэсаса „Vårnatt” („Vesnianaja nôč”) і даў яго пачытаць сваёй маме ў Беластоку. — Siête, mamo, napisane po-našomu,было адзіным папярэджаньнем, якое я зрабіў ёй перад чытаньнем. Мама свабодна чытае па-польску і па-беларуску, але тэкст па-падляску бачыла ўпершыню. Яна таксама ўпершыню бачыла „беларускую лацінку”, якая стала асновай падляскага альфабэту. Я вельмі хваляваўся — як-ніяк, першы ў сьвеце чытач падляскай мовы ў маім правапісе — але зусім непатрэбна. Мама стала чытаць гладка, як быццам усё жыцьцё нічога іншага не чытала. — Nu i jak čytajetsie? — запытаўся я, калі мама дайшла да канца старонкі. — Bájki,адказала яна.
 
Bajkiадно з тых файных падляскіх слоў, якіх няма нідзе больш на сьвеце. Яно неадменнае і можа выконваць функцыі прыметніка і прыслоўя, у залежнасьці ад кантэксту. Абазначае памяркоўна станоўчую якасьць або стан. Vôn bajki chłopeć (ён неблагі хлопец). Jak žyvetsie? Bajki (някепска, добра). Маме чыталася па-нашаму bajki. Я быў шчасьлівы.
 
Мама прачытала гэты раман — які распавядае аб нязвыклых прыгодах пятнаццацігадовага хлопца ва ўласным доме цягам аднае нязвыклае ночы — за два дні. Я заўважыў, што яна чытала сабе ўголас — безумоўна, каб лепш схопліваць сэнс з гукаў слоў (якія яна за сваё жыцьцё чула сотні і тысячы разоў), а ня зь іхнага выгляду (бо ж ня бачыла іх ніколі раней). I jak tobiê knižka? — запытаўся я, чакаючы яшчэ большай пахвалы. — Ja ne rozumiêju, našto lude pišut takije bzdury. A šče menš rozumiêju, našto inšy lude jich perakładajut,сказала мама. А потым дакінула зь хітраватай усьмешкай: — Ale jak perekładeš šče što-leń z takich bzduruv, to prynesi i mniê počytati.
 
Чым ёсьць падляская мова сёньня?
 
Пакуль што ў падляскіх тэкстах на Беласточчыне — а яны, хоць і нягуста, але ствараюцца і па-за сям’ёй Максімюкоў — пануе правапісны разнабой. Па-першае, няма згоды, ці пісаць па-падляску кірыліцай, ці лацінкай. Я мяркую, што з практычнага гледзішча лацінка — куды лепшы выбар за кірыліцу. Таму што пасьля палітычнага злому ў Польшчы ў 1989 г. беластоцкія беларусы сталі жахліва хутка развучвацца чытаць кірылічныя тэксты (бальшыня перастала цікавіцца кірыліцай, калі са школаў у масавым парадку вывелі навучаньне расейскай мовы). Іншыя мяркуюць, што кірыліца — гэта „наша родная маці”, — а таму трэба заставацца ёй верным ажно да скону апошняга беларуса ў Польшчы. Па-другое, правапісны разнабой бярэцца з таго, што на падляскія гаворкі людзі найчасьцей глядзяць праз прызму польскай ці беларускай моваў, фаналягічныя сыстэмы якіх значна адрозьніваюцца ад падляскай. Tаму выкарыстаньне правапісных прыёмаў per analogiam з польскай або беларускай мовамі не заўсёды прыводзіць да такіх самых графічных вынікаў ва ўсіх падляскіх тэкстах. Па-трэцяе, падляскія гаворкі на Беласточчыне распадзяляюцца на дзьве выразныя дыялектныя зоны, якія немагчыма зьвесьці да аднае артаграфічнае сыстэмы (прыкладам, мусова выбіраць паміж напісаньнямі choditi і chodyty або diêti і dêty). Урэшце, неразьбярыха пануе ў графічным афармленьні дыфтонгаў, якія ёсьць адной з найважнейшых фанэтычных асаблівасьцяў гаворак.
 
Па сутнасьці, мой пераклад раману „Vesnianaja nôčёсьць першым тэкстам па-падляску, правапіс якога абапіраецца непасрэдна на фаналягічную сыстэму падляскіх гаворак (кажучы дакладна — гаворак паўночна-заходняй дыялектнай зоны падляскай мовы, якой характэрныя вымаўленьні тыпу robiti, pudkoročuvati, zima, nichto, kuneć, tiêsto, biêły, korcê, zôrka, kôń) і скарыстоўвае фанэматычны прынцып запісу зычных як асноўны. Гэты правапіс ужывае набор графічных знакаў ведамых як „беларуская лацінка” плюс чатыры дадатковыя знакі для абазначэньня падляскіх гукаў, што не сустракаюцца ў беларускай мове — парных па звонкасьці/глухасьці мяккіх зычных ď і ť ды дыфтонгаў ê i ô.
 
У падляскай мове тры дыфтонгі: iê [ie], ê [ye] i ô [uo]. Дыфтонг iê атрымаем, пачынаючы вымаўляць [i] і плаўна пераходзячы да [e]; дыфтонг ê ёсьць вынікам плаўнага пераходу ў вымаўленьні ад [y] да [e]; ô артыкулюецца пры плаўным пераходзе ад [u] да [o]. Паколькі дыфтонг iê выступае толькі пасьля мяккіх або памякчаных зычных, а дыфтонг ê толькі пасьля зацьвярдзелых зычных [ž], [š], [č] і [r], абодва гэтыя гукі можна разглядаць як пазыцыйныя варыянты аднае фанэмы, якую мы пазначаем як <ê>. Дыфтонг ô прадстаўляе асобную фанэму <ô>. (Ідэю скарыстаць графэмы ê і ô для пазначэньня падляскіх дыфтонгаў дапамог мне высьпеліць беларускі лінгвіст і паліглёт Сяргей Шупа. Дзякуй! Падляскі народ павінен паіць яго задарма да канца свайго існаваньня!)
 
У падляскай мове дыфтонгі заўсёды пад націскам. Гэта значыць, што ў простым слове можа выступіць толькі адзін дыфтонг. Гэтае правіла пераносіцца і на добра ўсвоеныя складаныя словы, напрыклад: sinokôs (siêno + kositi), Biłostôk (biêły + stôk). Дыфтонгі iê і ê выступаюць або ў сярэдзіне, або ў канцы слова (у сярэдзіне слова яны наагул выступаюць там, дзе ў стараславянскай мове стаіць галосная „яць”). Дыфтонг ô выступае амаль выключна ў сярэдзіне слова. Мне ведамыя толькі два выпадкі, калі ô выступае на пачатку падляскага слова: ôvsianka (ôvsisko), ôś (ôśka). У іншых выпадках, калі для ô „этымалягічна трэба” выступіць на пачатку слова, дыфтонг папярэджваецца пратэтычнай зычнай v: vôlcha, vôsim, Vôrla, vôn.
 
Акрамя наяўнасьці дыфтонгаў, да найбольш характэрных фанэтычных рысаў падляскай мовы належаць дыспаляталізацыя губных і зубных зычных перад этымалягічным e (besiêda, pečatka, deseť, tečy, zemla, sestra, veliki, meža, nebo); оканьне і уканьне ў ненаціскных складах (koróva, dorobíti, pomohčý, zadovolóny, žółub, nučliêh, pudłožýti); памякчанасьць губных і зубных зычных перад i ды iê (biti, biêh, pivo, piêna, zima, ziêle, sivy, siêty, divo, diêło, ticho, tiêń, miły, miêra, vidno, viêra, nikoli, niê).
 
У нармалізаванай падляскай мове назіраецца чаргаваньне пачатковага ненаціскнога u з v перад зычнымі (і прыназоўніка u з v), падобна як гэта адбываецца ў беларускай у выпадку у і ў: vôn ustydavsie, vony vstydalisie, ja vže tut, uže večur, vôn u nas, vona v nas.
 
У падляскай мове, падобна як у беларускай і польскай, выступае рэгрэсіўная асыміляцыя, у выніку якой звонкія зычныя перад глухімі аглушаюцца, а глухія перад звонкімі азванчаюцца.
 
Карэляцыю па звонкасьці/глухасьці ўтварае 9 пар падляскіх зычных: [b]-[p], [d]-[t], [d']-[t'], [g]-[k], [h]-[ch], [z]-[s], [z']-[s'], [ž]-[š], []-[č].
 
Зубныя z і s перад мяккімі зычнымі [z'], [s'], [d'], [t'], [n'], [l], [j] i памякчанымі зычнымі [b'], [p'], [v'], [m'] у падляскай мове зьмякчаюцца, падобна як у беларускай, але значна слабей (у нармалізаваным правапісе гэтае зьмякчэньне не пазначаецца — zmiêt, zniav, sniêh, spit).
 
Карэляцыю па цьвёрдасьці/мяккасьці ў падляскай мове ўтварае 6 пар зычных: [d]-[d'], [t]-[t'], [n]-[n'], [z]-[z'], [s]-[s'], [ł]-[l].
 
Фанэмы <g>, <f>, <dz>, <dź> — „чужыя” для падляскай мовы: <g> i <f> выступаюць толькі ў слoвах запазычаных з польскай і эўрапейскіх неславянскіх моваў (найчасьцей праз польскую), а <dz> i <dź> толькі ў словах запазычаных з польскай, беларускай і балцкіх моваў.
 
Што далей?
 
Наперадзе, як заўсёды, беспрасьветна і страшна. Аб чым, зрэшты, час ад часу нагадвае мне жонка: „Тут у Празе калісьці ўжо быў адзін, які хацеў навучыць беларусаў пісаць і чытаць па-свойму. Ты забыўся, што ў яго атрымалася?”
 
Тым ня менш:
 
Сёньня мы з братам Аляксандрам, які жыве ў Беластоку, адчынілі сайт, прысьвечаны нармалізацыі падляскай мовы (http://svoja.org/). Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Сайт інтэрактыўны, нам можна пісаць, з намі можна спрачацца, нас можна лаяць і размазваць па сьценах. З сайту можна таксама спампаваць згаданую „Vesnianuju nôčі граматыку падляскай мовы (яна, праўда, яшчэ не закончаная). І можна паслухаць, як гучыць падляская мова — родная мова пераважнай бальшыні беларусаў Польшчы.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-16 (з 16)
Імя:: толькі цытата і спасылка
17.03.2008 19:07

Ідэальна ў беларусаў не бывае, не зважаючы на гэта некаторым падабаецца заставацца вечнымі ідэалістамі.
Сяргей Астравец. Падляская мова http://nn.by/index.php?c=ar&i=13366


Імя:: Crazy
17.03.2008 21:06

Куды толькі не ідуць грошы амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў: ужо і на рэкламу ды стварэнне ''падляшскай мовы'' на кароткіх хвалях ды ў інтэрнэце


Імя:: Ян Максімюк
18.03.2008 10:06

Адна з галоўных статутных мэтаў Радыё Свабода — перадаваць беларусам інфармацыю, якой яны ня маюць шанцаў атрымаць з дзяржаўных СМІ. Якраз у гэтым выпадку амэрыканскі падаткаплацельшчык атрымаў максымум з таго, што мог атрымаць за свае грошы. Служба імгненна зрэагавала ня толькі на істотную лінгвістычную падзею ў беларускай прасторы, але да самой інфармацыі дадала неблагі (bajki) лінгвістычны камэнтар, як і належыць салідным і адказным журналістам :) Так што вы за амэрыканцаў не перажывайце.
Падумайце часам і пра тое, на што ідуць грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў. І напішыце або пазваніце нам, калі ёсьць ахвота.


Імя:: Запрудскі
18.03.2008 12:08

Спадар Ян,
Ці не былі б вы так ласкавы патлумачыць, які сэнс укладаеце ў словы "ЛІНГВІСТЫЧНАЯ падзея"? У нас тут часам менскія мудрагелі, перакладаючы, ставяць "лінгвістычны" (прыкладам, з анг. linguistic) замест "моўны". Ці маеце вы на ўвазе "падзея ў лінгвістычнай навуцы"?


Імя:: Ян Максімюк
18.03.2008 12:39

Калі нехта знаёміць публіку з граматыкай і слоўнікам мовы, пра якую лінгвісты наогул ня чулі, то хіба гэта ня ёсьць „лінгвістычная падзея”? Ну, за тэрміналёгію спрачацца ня буду (хіба што за падляскую:)). Але тое, што мы з вамі тут дыскутуем пра гэтую новую мову, я называю „моўнай падзеяй”. Ці ня маю рацыі?


Імя:: Запрудскі
18.03.2008 13:29

Моўная, грамадска-культурная ці грамадска-палітычная (у перспектыве) падзея -- згодзен. Што лінгвістычная -- маю засцярогі.


Імя:: Дуглас Горад:: Минск
18.03.2008 17:08

Блин, тут белорусы по-белорусски уже в большинстве не говорят, а он еще и подляшскую пиарит. Ну, пропиарил, дальше что? А ничего, Максимюк хоть на завтрак себа зарабиу и то благо.:)))


Імя:: l.
19.03.2008 14:19

Padzieja sapraudy cikavaja. i vitalnaja. pa sutnasci znikaje padlaski dyjalekt. dumaju, hety pieraklad josc daninoj svajoj rodnaj movie. Adzinaja prosba, nie zabyvajecisia sp.Jan pra pieraklady na biel.sucasnuju movu. Zdajecca, nie natda vy ciesycie nas u hetaj halinie.


Імя:: Ян Максімюк
19.03.2008 15:41

У тым, што ў мяне амаль не застаецца часу на пераклады на беларускую, не падляская мова вінаватая (ці, дакладней, яе віна тут мінімальная), а польская. Беларуская літаратура мае цяпер свае „пяць хвілін” у Польшчы — ёсьць спонсары і выдаўцы ва Ўроцлаве, зь якімі я супрацоўнічаю. Супрацоўнічаць мушу, бо ёсьць грошы, а (пакуль што) няма зашмат перакладчыкаў. У апошнія гады я прыклаў руку да перакладаў Арлова, Хадановіча, Разанава, Акудовіча і Бабкова (Акудовіч выйшаў нядаўна, Бабкоў выйдзе неўзабаве). Ну вось, знакавыя фігуры сёньняшняй беларускай культуры — выдаўцы просяць, перакладзі, бо празь нейкі час можа ня быць другой такой нагоды. Як ім тут адмовіць?
Ды ўсё ж такі нешта зрабілася мне і па-беларуску. Найперш, раман „Лядовы палац” Т. Вэсаса (апублікаваны ў „АРХЭ”), потым падборка дацкага паэта Г. Норбрандта. Рыхтую пераклад вельмі прыгожага і шчымлівага зборнічка аднаго чэскага паэта, таксама для „АРХЭ”.


Імя:: Стась
19.03.2008 21:45

Вялікі дзякуй шаноўнаму сп. Максімюку за яго высілкі ў захаваньні і пашырэньні падлясскае мовы, бо лічу, што гэта станоўча адбіваецца і на лёсе беларускае (ці калізаўгодна “вялікалітоўскае”) мовы. Грунт: а) захоўваецца (павялічваецца?) разнастайнасьць беларускіх гаворак і моўных варыянтаў, што робіць мову больш жывучаю і ўніаерсальнаю, а значыцца і перспектывы нашага народа больш аптымістычнымі; б) файна, што робіцца ўсё гэта лацініцаю. ;-)
Усьцешаны таксама, што гэтая тэма так кранула наведвальнікаў сайту. Значыцца - “пгавильной догогой идёте, товаггищ...”


Імя:: Crazy
20.03.2008 15:45

A як ляхі ставяцца да падляшскай мовы? І ці не назіраем мы тут закладванне падмурку беларускай бібілонскай вежы?


Імя:: Ян Максімюк
20.03.2008 16:19

Ня ведаю. Палякі, відаць, яшчэ не ачомаліся ад навіны, бо ніякай рэакцыі я ня бачыў ні ня чуў:)
Ды пра якую вежу можа йсьці гаворка? У беларусаў у Беларусі была адна нацыянальная мова — беларуская — і надалей яна і застаецца. Была спроба стварыць беларускую нацыянальную „мікрамову” — палескую — але няўдалая.
Перапіс 2002 году ў Польшчы выявіў дзьве „хатнія” мовы беларусаў Падляшша: беларускую (82%) і польскую (18%). Аднак у гэтай „беларускай” лічбе фактычна скрываюцца дадзеныя датычныя гаворак дзьвюх моваў: падляскай (3/4) і беларускай (1/4). Гэтыя дадзеныя прыблізныя, але яны выразна сьведчаць пра два істотныя факты: а) вельмі шпаркімі тэмпамі ідзе палянізацыя беластоцкіх беларусаў; б) беларуская літаратурная мова (мова асьветы і выданьняў) ужо амаль ня мае апоры ў жывых гаворках на Падляшшы. Трымаюцца яшчэ сяк-так падляшы, але і яны зьнікнуць, калі ім не надаць нейкай дапамогі. Я не прыдумаў нічога лепшага, як стварыць пісьмовы стандарт з падляскіх гаворак і ўвесьці яго ў публічнае карыстаньне. Гэта наўрад ці спадабаецца палякам.
Карацей, падляская бабілёнская вежа мае тры беларускія пакоі і адзін украінскі (1400 падляшоў (падляшукоў) на Беласточчыне запісалася ўкраінцамі).


Імя:: A
20.03.2008 21:32

Сп. Максімюк, Вы пішаце, што "падляская мова - родная мова пераважнай бальшыні беларусаў Польшчы", дык вы хто - беларусы ці не? Калі людзі Падляшша адчуваюць сябе асобным народам, я магу зразумець Вашу дзейнасьць, але калі не... дык бракуе слоў. Нашаму народу сёньня пагражае цалкавітая асыміляцыя (і ў Польшчы, і ў Беларусі), і болей за ўсё нам усім (беларусам/літвінам/крывічам і г.д. -ужо гэтыя назвы сьведчаць пра тое, што адбываецца з намі) не стае _еднасьці_ дый _згоды_. Няўжо Вы - чалавек адукаваны - гэтага не разумееце??
P.S. Лінгвістычнае. Я не экспэрт (хаця маю добрую лінгвістычную адукацыю), але Ваша "мова" вельмі прыпамінае старабеларускую, нават дыфтонгі. Дык можа лепей заняцца нармалізацыяй сучаснай беларускай? Няма добрых слоўнікаў, няма тэрміналёгіі ў шмат якіх абшарах ведаў, няма добрых перакладаў сучасных заходніх аўтараў, няма навуковых дасьледваньняў, якія дапамаглі бы ачысьціць нашу мову ад расейскіх ды польскіх моўных калек etc etc..


Імя:: Ян Максімюк
21.03.2008 10:09

Я ўжо стаміўся паўтараць у камэнтарах пад гэтым і папярэднім блогам, што не вярблюд:) Хоць, канешне, разумею зьбянтэжанасьць некаторых маіх суразмоўцаў, якія прывыклі думаць у схэме: адзін народ — адна культура — адна мова. У прывязанасьці беларускага мысьленьня да гэтай схэмы мне бачацца астаткі савецкага сьветапогляду, але, магчыма, я памыляюся. У кожным разе, я ніякім чынам не хачу нікога абразіць ці падкалоць.
У Заходняй Эўропе, калі выключым Францыю, якая стараецца асыміляваць усіх і ўся ў францускай культуры і мове, усе іншыя дзяржаўныя ўтварэньні больш ці менш шматмоўныя і шматкультурныя. Але не ўсе зь іх шматнацыянальныя. Ёсьць фруліянская, ладзінская, сардынская і шмат якія іншыя рэгіянальныя мовы ў Італіі акрамя італьянскай (большасьць зь іх навучаюць у школе, побач зь італьнскай), але італьянскі народ — адзін. Вы пра гэта ня ведалі? Ці возьмем згаданую ўжо Швайцарыю, дзе чатыры мовы — француская, нямецкая, італьянская і рэтараманская — але народ зноў жа адзін. Ці Нарвэгія — bokmål i nynorsk (у якой процьма мясцовых падварыянтаў) — але народ адзін і непадзельны. Калі ім можна, дык чаму нам, беластоцкім беларусам, ня можна мець дзьве нацыянальныя мовы — беларускую і падляскую? Як бы там ні было, мы ўжо ад амаль чатырох гадоў у Эўропе.
Я ня буду займацца нармалізацай беларускай мовы, бо дзеля гэтага ёсьць безьліч значна лепшых спэцыялістаў чым я. Але мне вельмі прыемна перакладаць літаратуру на беларускую мову, і гэта я буду рабіць. А вашая заўвага наконт падабенства падляскай і старабеларускай моваў вельмі слушная. Чытаючы Статуты ці літоўскія мэтрыкі, я маю ўражаньне, што гэта гавораць мае продкі зь вёскі Ляхі:) Так што, натуральна, беларусы-падляшы таксама прэтэндуюць на спадчыну ВКЛ, што завецца старабеларускай мовай. Прыватна я думаю, што падляшы маюць якраз найбольшае права на гэта — іхная мова найменей аддалілася ад старабеларускай:)


Імя:: A.
21.03.2008 16:01

Ну я нічога пра верблюдаў не пісаў :)
Вы не маеце рацыі, калі падаёце прыклады Італіі, Нарвэгіі і г.д. Я прафэсійна займаюся ангельскай і італьянскай мовамі, і магу Вас упэўніць: без адзінай мовы (створанай на падставе паўночных дыялектаў у 19-м ст.) не было б Італіі. Самі Італьянцы так гавораць, нават на Сардыніі. Сёньня італьянскія дыялекты існуюць, але дзяржава ставіцца да гэтага ня вельмі прыхільна. А перад усім, ані Італьянцам, ані Нарвэгам. ані Немцам не пагражае поўная асыміляцыя так як нам. Вы самі вырашаеце чым займацца, а чым не, я толькі прапаную задумацца, ці гэта дапаможа нам як народу ўратаваць нашую культуру і спадчыну.
Ваш сайт мне спадабаўся, Ваш (прабачце, але я ў гэтым перакананы) дыялект мне таксама вельмі падабаецца (тым больш, мая бабця паходзіла з Падляшша), але, на вялікі жаль, сёньня нашаму народу пагражае поўная асыміляцыя - ці Вы думаеце іначай, ці ня бачыце гэтага ў штодзённам жыцьці? Нашай мэтай нумар 1 павінна быць дасягненьне згоды дый еднасьці, а не вырашаньне хто мае большае права на спадчыну ВКЛ. Выкарыстайце свае непаўторныя веды і досьвед, дапамажыце адрадзіць дый ачысьціць нашую супольную мову ад русіцызмаў/палянізмаў/саветызмаў і г.д. А дыялекты няхай існуюць побач, як у Італіі ці Нямеччыне...


Імя:: Ян Максімюк
21.03.2008 16:48

Паколькі гэты блог і дыскусія абсоўваецца ўсё глыбей пад цяжарам іншых матэрыялаў Радыё Свабода, я запрашаю ўсіх ахвотных перанесьці яе на сайт Svoja.org. Сайт прысьвечаны падляскай мове, але дыскутаваць на ім можна таксама пра кожную іншую мову і ўсё ёй рэлевантнае: культурную і нацыянальную ідэнтычнасьць, літаратуру, разьмежаваньне моваў, як ратаваць Беларусь і Падляшша, etc. Ёсьць таксама месца (Usiaki Perdoły:)), дзе можна пісаць пра што заўгодна. Можна пісаць ананімна — тады постынгі правярае мадэратар/адміністратар, а можна і зарэгістравацца — тады няма ніякай цэнзуры:)
У падсумаваньне гэтага абмену думкамі на сайце Свабоды, за які ўсім сардэчна дзякую, я хацеў бы зацытаваць верш аднаго з клясыкаў падляскай літаратуры (у ёй ёсьць клясыкі і мадэрністы, але няма яшчэ постмадэрністаў):

*** ***

JANKOVI KUPALI
(na pametku)

Ja ne bačyv tebe, bracie,
Nikdy v žyciu j v oko,
Ale dušu tvoju baču
I ciniu vysoko.

Z tvojim viêršom pred očyma
Ja ne raz opłakav
Svoho kraju biêdnu dolu
J ziomkuv — neborakuv.

Bo j moja ojčyzna, bracie,
Jak ne rôdna v Boha,
Tež terpiêła zavše muki
I była uboha.

A teper, jak voroh jeji,
Nivečyt, kaliêčyt,
Vže j sam Boh jôj tyje rany
Bodaj čy zaliêčyt.

A Pudlasie i Ruś Biêła,
Jak dviê sestry rôdny.
Mov odnoho čłonki tiêła,
Byli b zavše zhôdny.

Ale dola jich lichaja
Zdavna rozłuczyła
I obom tiažki na šyju
Kameń nałožyła.

I stohnali vony, j stohnut,
I budut stohnati,
Bo to mačocha jich dola,
A ne rôdna mati.

To ž, z nas kožny, chto včuvaje
Cienžar toho losu,
Jak brat brata nech ratuje
Od tiažkoho ciosu.

A choč mniê b iti nehože
V rômniaščki z toboju,
Ja vitaju tebe, ziomku,
Braćkoju rukoju.

Tvojiê dumy, tvojiê slozy
Narud tvôj ociênit
I potômok tvoje jmenie
Vnukovi namiênit.

A od mene mojim vnukam
Nic sia ne zostane
I moja nikčemna słava
Tak jak sniêh rozstane.

Nech rozstane, aby soncie
Było tepłe j jasne.
Ščob jim liêpša była dola,
Žycie sviêtłe j krasne!

1918

На Svoja.org раскрыем ідэнтычнасьць гэтага дзядзькі, калі хто не здагадаецца...

Камэнтары 1-16 (з 16)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks