Яны абмеркавалі сытуацыю, у якой апынуліся пасьля адмены сацыяльных льготаў. Бліжэйшым часам дамовіліся стварыць міжнародную экспэртную камісію, каб даць ацэнку мэдпрэпаратам айчыннай вытворчасьці і якасьці мэдычных паслуг.
На форуме было шмат эмацыйных выступаў. Соф’я Мецяшова гаварыла ад імя слуцкіх прадпрымальнікаў. Яна 28 гадоў адпрацавала настаўніцай, а потым занялася прадпрымальніцтвам. Цяпер пэнсіянэрка павінна заплаціць каля трох мільёнаў рублёў запазычанасьці ў фонд сацыяльнай абароны.
“Пакуль я даказваю, што я маю рацыю, мне суды даюць штрафныя санкцыі. На сёньняшні дзень я вінная ўжо больш за тры мільёны. І мяне пазбаўляюць працоўнага месца, каб я не магла нават фонду заплаціць”.
Удзельнікі асудзілі дзяржаўныя сродкі інфармацыі за асьвятленьне акцый прадпрымальнікаў, якое яны палічылі тэндэнцыйным. Яны прагназуюць, што ўказ № 760 пацягне за сабой ня толькі беспрацоўе, але й масавую эміграцыю.
Доўга абмяркоўвалі нізкую якасьць мэдычных паслугаў у Беларусі. Казалі пра тое, што прэпараты айчынай вытворчасьці ня толькі малаэфэктыўныя, але й выклікаюць алергічныя рэакцыі. Ліквідатар зь Віцебску Анатоль Гнеўка прапанаваў стварыць міжнародную экспэртную камісію, каб праверыць на якасьць прэпараты, якія выпісваюцца насельніцтву, а таксама даць ацэнку якасьці мэдычных паслугаў.
“У нас два бюджэты дзяржаўныя! Чаму мы маўчым?! Давайце працаваць разумна, пісьменна і дабівацца сваіх інтарэсаў, сваіх ільготаў законным шляхам. Толькі разам мы зможам усіх перамагчы!”
Дэлегаты ад прадпрымальнікаў паведамілі, што пройдуць 25 сакавіка асобнай калёнай і пад сваімі сьцягамі, якія цяпер распрацоўвае адмысловая камісія.
Гаворыць Алесь Таўстыка:
“Нас будзе шмат, і мы будзем са сьцягамі. У нас, хутчэй за ўсё, будуць свае сьцягі, свае транспаранты. Мы будзем ісьці сваёй калёнай”.
Ніхто з чыноўнікаў, запрошаных арганізатарамі, на сход не прыйшоў.