Блогі / Валянцін Акудовіч

Бяз назвы

28.02.2008 11:59

Перадусім я павінен сказаць, што не зьяўляюся палітычным прыхільнікам Аляксандра Казуліна. Але ягоныя паводзіны ў турме, яго мужнасьць і бескампраміснасьць, яго эўрыстычная здольнасьць да нестандартных палітычных хадоў усё больш выклікаюць у мяне сымпатыі і павагі да гэтага чалавека. Апошнімі днямі Казулін як палітык, шмат выйграў, а ягоны апанэнт Аляксандар Лукашэнка шмат страціў.


Тыя 48 гадзінаў нерашучасьці Аляксандра Лукашэнкі адносна дазволу Казуліну прыехаць на пахаваньне жонкі выклікалі выбух нянавісьці да Лукашэнкі ў многіх людзей, якія раней былі ці нэўтральныя ці ляяльныя да яго. Аказваецца, што беларусы ў пэўных сытуацыях вельмі цэняць проста чалавечнасьць. І там, дзе гэтай чалавечнасьці няма, яны могуць забыцца на прагматыку, на сваю падтрымку гэтага чалавека, калі ён робіць нешта не па-людзку. Ёсьць у беларусаў такі трапны выраз. Лукашэнка, зрабіўшы не па-людзку, у вачах многіх згубіў свой перш за ўсё маральны аўтарытэт.

Рэч у тым, што Ірына Казуліна павінна стаць сымбалем Беларусі, высокай, прыгожай, адважнай і адданай, адданай сваёй краіне, свайму мужчыне і свабодзе. Асабіста мне Ірына Казуліна і яе паводзіны вярнулі веру ў чалавека, веру ў тое, што чалавек можа быць прыгожым і павінен быць прыгожым.

Што да Казуліна як палітыка. Бясспрэчна, што зараз Аляксандар Лукашэнка патрапіў у праблемную сытуацыю. Вось зараз узяць і вярнуць Казуліна ў турму, гэта будзе псыхалягічна вельмі складана ўспрыняць грамадзтву, хаця нарматыўна гэта зразумела – ён павінен вярнуцца адбываць свой тэрмін. Я не кажу пра тое, справядлівы ён ці не.

Мне здаецца, што падчас знаходжаньня ў турме Казулін згубіў усю сваю прарасейскую скіраванасьць. Расея яго па сутнасьці кінула, а змагаецца за яго свабоду і вызваленьне Захад. Дастаткова прыгадаць высілкі і заходніх паслоў, і ўсёй заходняй дыпляматыі, і спачуваньні сям'і Казулінай ад прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Я думаю, што Буш ня так часта рассылае свае спачуваньні лідэрам апазыцыі ў замежных краінах.

Я думаю, што гэтае пасланьне Буша, гэтая актыўнасьць Захаду сьведчаць пра тое, што Захад пачынае больш сур'ёзна ставіцца да Казуліна, і верагодна, што побач зь Мілінкевічам паўстае яшчэ адзін фаварыт Захаду. А Расея сярод беларускай апазыцыі губляе апошнія пазыцыі.

Але павінен прайсьці яшчэ пэўны час, каб дакладна зразумець штó сьмерць гэтай вялікай жанчыны зьмяніла ў палітычным жыцьці і шырэй – у грамадзкай сьвядомасьці беларусаў. Ёсьць такі выраз "сьмерць была не дарэмнай". Мне здаецца, што сьмерць Ірыны Казулінай – з гэтых выпадкаў.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-6 (з 6)
Імя:: Стары
28.02.2008 14:02

Сапраўды, можа стацца так, што праз нейкі час людзі стануць пра нешта гаварыць, што вось гэта было яшчэ да сьмерці Ірыны Казулінай, а гэта - ужо пасьля...

Ня ведаю чаму, але востра захацелася перачытаць "Тры таварышы" Рэмарка.

Дзякуй, спадар Валянцін. Даруйце, але прабірае...


Імя:: Стась
28.02.2008 15:30

Шаноўны спадар Валянцін, Вы маеце рацыю. Можа параўнанье трохі недарэчнае, але лічу, што гэтыя падзеі для сьвядомасці жыхароў нашае краіны могуць стаць такім жа пунктам павароту, як для Амэрыкі 11 верасьня. Я пра кансалідацыю і пачуцьцё грамадзянскае еднасьці. Неўпрыкмет, паступова Ірына Казуліна стала маральным аўтарытэтам . Што да самаго Аляксандра Казуліна, то ён канешне ж зьмяніўся, але не зьмянілася яго стратэгічнае бачаньне сітуацыі. Праглядзіце і прачытайце, што і як ён гаварыў. Ён быў і застаўся прарасейскім палітыкам, на жаль. Скарэктаванымі ёсьць толькі акцэнты і рыторыка. (Магчыма гэта і ёсць асноўны “матор” стаўленьня да яго ўладаў).


Імя:: Michal Горад:: Miensk
29.02.2008 05:24

А можа яго стаўленне не прарасейскае, а сітуацыйнае? Нікуды пакуль не дзецца ад велізарнага ўплыву Расеі на беларускія справы. І цераз гэты ўплыў не пераступіць ні аднаму палітыку. Каб пераступіць, трэба каб беларусы з насельніцтва ператварыліся ў народ.


Імя:: Ясь
29.02.2008 11:28

Мне здаецца, што падчас знаходжаньня ў турме Казулін згубіў усю сваю прарасейскую скіраванасьць. Расея яго па сутнасьці кінула, а змагаецца за яго свабоду і вызваленьне Захад.
---------------------
мiж iншым Казулiн ганаровы прафэсар Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя М. В. Ламаносава


Імя:: Стась
29.02.2008 21:35

2-Michal Дык пра тое і хада йдзе! Толькі большасць нашчадкаў “савецкае інтэлігенцыі” лічыць, што мы проста абавязаны скласьці лепшую частку, “ядро” ... “народа русского”! З гэтае нагоды і ўся “пурга” про славянскую еднасць, “праславянскую мову” і г.д. Дарэчы, туды ж скіраваны і новы закон аб Беларускае мове. Ніхто насамрэч не хоча супрацьпаставіцца Расеі, але падтрымліваць накірунак сьвядомага і сістэмнага вынішчэньня ўласнага народа праз вынішчэньне мовы і культуры – гэта больш чым злачынства. Што да Казуліна, то слушна, яго рэакцыі ёсць шчыра сітуацыйныя і даволі хуткія. Ён прадэманстраваў, што здольны да палітычнага “навучаньня” і можа арганіцыйна перагрупіравацца непасрэдна пад час падзеяў.


Імя:: Алесь Горад:: Магілёў
01.03.2008 11:42

Дзякуй спадар Валянцін. Прыкладна пра тое ж і я думаў у магілёўскім касьцёле сьвятога Станіслава пад час імшы за супакой Ірыны Казулінай. Валадарства ёй нябеснае. Беларусь атрымала яшчэ аднаго заступніка ў пана Бога.

Камэнтары 1-6 (з 6)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks