Блогі / Кастусь Бандарук

Спозьненая велікадушнасьць

26.02.2008 16:42

Ніякія дэманстрацыі апазыцыі, маршы ды пікеты, чарговыя – накшталт кітайскіх – папярэджаньні і заявы з боку Захаду не папсавалі іміджу Лукашэнкі у такой ступені, як ягонае спозьненае рашэньне ў справе адпушчэньня Аляксандра Казуліна на паховіны жонкі.


Я упэўнены, што пры адпушчэньні Казуліна на кароткатэрміновы водпуск не абышлося бяз званкоў ў Менск. Ня мог жа прыняць рашэньня аб гэтым начальнік калёніі “Віцьба-3”. Ня тая інстанцыя ў такой далікатнай справе. Калі сказалі – не міргнуўшы вокам сам асабіста павёз Казуліна на сваёй машыне ў Менск.

Аднак кожная гадзіна адтэрміноўкі вызваленьня палітыка была чарговым цьвіком у палітычную труну Лукашэнкі. Дагэтуль ён мог гаварыць, што ўсе ягоныя рашэньні і крокі слушныя і прадыктаваныя народным дабром. Ён мог казаць, што, будучы “ўсенародна” абраным, ён далей карыстаецца “ўсенароднай падтрымкай”, аб чым засьведчылі апошнія выбары і рэфэрэндумы. Аднак у гэтым выпадку самы некрытычны прыхільнік Лукашэнкі, якога не пераканала нават зьніжэньне ўзроўню жыцьця і скасаваньне ільготаў, можа сказаць: “ Ну, так нельга. Трэба быць чалавекам”.

Па-мойму, Натальля Машэрава трапна адзначыла, што “неміласэрнасьць –недаравальны грэх”. Можна заўсёды спасылацца на правасудзьдзе, на тое, што Казулін асуджаны ў адпаведнасьці зь дзейнымі законамі, але кожны ведае, што закон можна як заўгодна тлумачыць і нагінаць. Кожны ў Беларусі ведае, што Казулін – не злачынца. Ён зграшыў хіба што толькі палітычнымі амбіцыямі, тым, што выступіў у якасьці контракандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. Лукашэнка адпомсьціў яму за гэта рукамі паслужлівых судзьдзяў.

Я заўсёды ўспрымаў як наіўныя заявы беларускіх апазыцыянэраў аб тым, што кожны разгон дэманстрацыі, высокія штрафы і прысуды – гэта доказ слабасьці уладаў і прадвесьце іх хуткага канца. Дай Бог кожнаму такую слабасьць. Зь ёю можна перажыць яшчэ сотню маршаў, кангрэсаў дэмсілаў і (для прыкладу) тысяча пяцьсот шэсьцьдзесят сёмае папярэджаньне з боку Брусэлю і Вашынгтону.

Што такое важнейшае за дэманстрацыі адбылося гэтым разам? Сямейная драма. Жонка ў труне, бацька ў турме і поўныя адчаю дочкі. Не вінавачу Лукашэнку ў тым, што Ірына Казуліна хварэла і памерла на рак. Вінавачу яго ў тым, што ён выявіў напышлівую самаўпэўненасьць Пілата, які ў свой час зьняволенаму і зьбітаму Хрысту заявіў: “Няўжо ня ведаеш, што я маю ўладу адпусьціць цябе і маю ўладу пакараць цябе?” “Ніякай улады ня маеш нада мною акрамя той, якая дадзена табе зьверху”, – адказаў яму Хрыстос. Маральнае права Лукашэнкі на ўладу аказалася ня большым за Пілатава.

Не зьбіраюся прадказваць, у якой ступені і ці адразу справа Казуліных пашкодзіць палітычнай будучыні Лукашэнкі. На жаль, мабыць, праўда ня дойдзе да ведама ўсіх беларусаў, тым болей, што “непадатных” на альтэрнатыўную інфармацыю поўна. Ім “абы не было вайны”, і галоўнае, што “прэзыдэнт дае пэнсіі”, дзякуючы якім “хапае на чарку і шкварку”. У сэнсе доступу да гэтай публікі ў самой беларускай “Свабоды” закароткія рукі. Да канца тэрміну Лукашэнкі яшчэ шмат часу . На яго рупліва працуюць усе дзяржаўныя структуры і органы, дужыя хлопцы са спэцназу, КДБ і СМІ. У кожным разе, імідж Лукашэнкі як “ бацькі” ляснуўся самым нечаканым чынам.

Мяркую, што Казулін вернецца ў калёнію, але будзе зь яе вызвалены датэрмінова, магчыма ўжо незадоўга. Калі гэтак адбудзецца, гэта здарыцца ня ў выніку дакору сумленьня Лукашэнкі, але ў выніку ўсьведамленьня ім магутнага чыньніка народнай салідарнасьці зь людзьмі ў бядзе. Той, хто бясконца спасылаецца на “ўсенародную” падтрымку, ня можа не разумець, што гэтым разам сымпатыя людзей не на ягоным баку.

Казулін ужо атрымаў маральную перамогу над Лукашэнкам і над яго грубай сілай. Шкада, што гэта адбылося не без асабістай трагедыі палітыка – сьмерці жонкі, мужнай і разумнай жанчыны Ірыны Казулінай. Хай зямля ёй будзе пухам.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-6 (з 6)
Імя:: Андрэй Горад:: Менск
26.02.2008 17:37

Уся бяда ў тым, што "самы некрытычны прыхільнік Лукашэнкі" i не даведаецца, што памерла жонка Казулiна, а самога Казулiна не адразу адпусьцiлi на пахаваньне, таму што дзяржаўныя СМI папросту iгнаруюць гэта. А калi i даведаюцца, пройдзе ўжо добры кавалак часу, жарсьцi сьцiхнуць i Лукашэнку зноў усё сыдзе з рук.


Імя:: Алег Горад:: Мінск
26.02.2008 19:16

"зноў усё сыдзе з рук. " А хто так зазвычай будуе сваё жыццё, каб сыходзіла з рук? Бандыты.


Імя:: Не ствары сабе куміра
26.02.2008 22:01

сп.Бандарук лепіць фальклёрны міт пра "народную салідарнасьць з людзьмі ў бядзе". Ох, і рамантык жа вы,
праваслаўнік вы наш. Рэальнасьці ня ведаеце.


Імя:: Кастусь Бандарук Горад:: Прага
27.02.2008 05:53

Мабыць сапраўды наіўна разьлічваць, што адбудзецца нейкі масавы акт салідарнасьці з Казулінам і страта даверу да Лукашэнкі. Але калі так, дык тым болей прыкра жыць без надзеі і наагул няма на што спадзявацца.


Імя:: Mikołaj Saskiewicz
28.02.2008 10:55

Я конечно поддерживаю Александра Козулина в этой тяжёлой для него ситуации,я сам недавно пережил смерть моего Отца и буквально на следующий день смерть моего Дяди,родного брата Отца и на похороны выехать в Беларусь я не смог из за кгб лукашенко.Но я хотел бы сказать прямо за Президента Беларуси А.Козулина я некогда голосовать не буду.А.Козулин это пророссийский политик а нам надо строить Беларусь со своим флагом,гербом,историей,культурой,языком и вхождением в НАТО и ЕвроСоюз. saksoniec.


Імя:: Анна Горад:: Иерусалим
28.02.2008 22:09

Выражаем искреннее соболезнование Козулину. Рады тому , что Козулин и Милинкевич находят общий язык . Надеемся на успех в их дальнейших политических шагах по свержению режима Лукашенко .
Живе Беларусь !

Камэнтары 1-6 (з 6)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks