Блогі / Валер Карбалевіч

Фэномэн Казуліна

21.02.2008 18:37

Публічная дыскусія пра ўмовы вызваленьня Казуліна актуалізавала пытаньне пра ягоныя палітычныя пэрспэктывы. Постаць былога рэктара БДУ цікавая ня толькі сама па сабе, але і як паказьнік пэўнага стану беларускага грамадзтва.


Шмат гадоў у палітычных дыскусіях пануе думка, што высокі рэйтынг дзейнага прэзыдэнта абумоўлены ня столькі рэальным даверам да яго, колькі адсутнасьцю альтэрнатывы. Паколькі да цяперашняй апазыцыі і яе лідэраў грамадзтва ня мае даверу, то ўжо даўно ідзе пошук трэцяй сілы, якая б пазыцыянавала сябе па-за межамі біпалярнай восі: Лукашэнка — апазыцыя. Хто толькі не прэтэндаваў на гэты статус: В. Абрамава (рух “Яблык”), С. Гайдукевіч (ЛДП), Л. Сініцын, А. Ярашук, В. Лявонаў (рух “За новую Беларусь”), А. Вайтовіч і інш.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году незалежныя сацыёлягі прыйшлі да высновы, што каб перамагчы Лукашэнку, адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў павінен быць прадстаўнік намэнклятуры. На гэтую ролю быў абраны У. Ганчарык. Ягоную паразу патлумачылі ня тым, што, магчыма, сама ідэя была памылковая, а няўдалым асабістым пазыцыянаваньнем кандыдата.

І вось, здаецца, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году зьявіўся кандыдат — Казулін — які з гледзішча гэтай канцэпцыі па вонкавых прыкметах адпавядаў парамэтрам ідэальнага кандыдата. У пэўным сэнсе можна казаць, што ён прадстаўляў трэцюю сілу, бо кандыдатам аб’яднанай апазыцыі быў Мілінкевіч. Казулін, асабліва на пачатковай стадыі выбарчай кампаніі, вёў барацьбу на два франты.

Былы рэктар БДУ прадстаўляў намэнклятуру, яе вышэйшы слой. І ў асабістым пляне ён выглядаў даволі прывабна, быў яркім, заўважным.

Казулін быў пазбаўлены тых недахопаў, якія звычайна закідаюць лідэрам апазыцыі. Тыя нібыта імкнуцца да самазахаваньня, у вырашальны момант хаваюцца ў бульбу, дзейнічаюць толькі паводле сцэнароў уладаў. Ён жа прадэманстраваў безаглядную сьмеласьць, самаахвярнасьць, імкненьне паламаць сцэнар Лукашэнкі і навязаць свой.

І які ж вынік атрымаўся на фінішы кампаніі? 5—6%, паводле НІСЭПД. Нагадаю, што Мілінкевіч, які прадстаўляў традыцыйную апазыцыю, набраў, паводле той жа крыніцы, каля 20%.

Далей, Казулін за сваю рызыкоўную атаку на Лукашэнку апынуўся за кратамі. І гэта, здавалася б, павінна было значна дадаць яму аўтарытэту, павагі, рэйтынгу: ахвяра бессардэчнага рэжыму, пакутнік за народ, за праўду. У іншых краінах палітыкі, якія прайшлі турму за грамадзкую дзейнасьць, становяцца нацыянальнымі героямі. Клясычны прыклад — Н. Мандэла ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

І гэта зразумела — на фоне мноства прадажных палітыкаў, гатовых дзеля грошай і ўлады на любыя злачынствы. У беларускім грамадзтве стаўленьне да палітыкаў адмоўнае, гэтая прафэсія ня лічыцца пачэснай. Хто хоць нейкім краем меў дачыненьне да выбарчых кампаній, можа ўзгадаць тыповую рэакцыю абывацеля: усе палітыкі аднолькава прадажныя, падчас выбараў прыкідваюцца абаронцамі народа, а прыйшоўшы да ўлады, думаюць толькі пра тое, каб урваць сабе.

І на гэтым тле Казулін выгадна выдзяляецца. Ня кожны палітык гатовы за свае погляды сесьці ў турму. Больш за тое, нават апынуўшыся за кратамі, ён працягваў барацьбу. Беспрэцэдэнтная галадоўка выклікала шырокі міжнародны рэзананс. Ён дасягнуў амаль немагчымага: прапановы абмеркаваць беларускае пытаньне ў Радзе Бясьпекі ААН.

І што ў сухім астатку? Паводле апытаньня, праведзенага НІСЭПД у сьнежні 2007 году, за Казуліна гатовы прагаласаваць цяпер 3,7% (за Лукашэнку — 39,9%, за Мілінкевіча — 9,8%). То бок нават дэмакратычны электарат, якога каля 30%, ня бачыць у ім куміра.

Чаму так? Увогуле, чаму палітвязьні ў Беларусі не становяцца нацыянальнымі героямі? Можна ўзгадаць, як Міхаіл Чыгір, адседзеўшы некалькі месяцаў за кратамі за ўдзел у так званых “прэзыдэнцкіх выбарах” 1999 году імя Віктара Ганчара, прайграў выбары 2000 году ў Палату прадстаўнікоў па менскай акрузе Н. Машэравай. Тады яшчэ галасы збольшага лічылі.

Беларусы ня любяць герояў, не шануюць іх? Але вось у 1994 годзе народ палюбіў аднаго героя — змагара з карупцыяй і ўзьнёс яго на п’едэстал.

Некаторыя адказы на гэтыя пытаньні ляжаць на паверхні. Найперш, створаная Лукашэнкам сацыяльная мадэль не знаходзіцца ў стане крызысу, яна ня вычарпала свайго рэсурсу і для большасьці насельніцтва выглядае эфэктыўнай. Таму існуе давер да дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Кажуць, што ў палітыкаў, як і ў разьведчыкаў, няма біяграфій, а толькі легенды. Дык легенда Казуліна выглядае небездакорнай. Доўгі час працаваў у камандзе Лукашэнкі, падтрымліваў ягоную палітыку, нават запляміў сябе выключэньнем з БДУ дэмакратычных студэнтаў і выкладчыкаў. Маўляў, хто дасьць веры, што цяпер ён шчыры праціўнік прэзыдэнта? (Але ж і Ельцын быў кандыдатам у члены палітбюро ЦК КПСС, Юшчанка быў прэм’ерам пры Кучме, Саакашвілі працаваў міністрам ва ўрадзе Шэварднадзэ).

Беларускае грамадзтва расколатае. У кожнай паловы — свае куміры. У лукашыстаў — свой правадыр, у дэмакратаў — Мілінкевіч і іншыя. Няўдалы досьвед стварэньня трэцяй сілы дазваляе зрабіць выснову, што ў Беларусі для гэтага няма свабоднай нішы. Жорсткі аўтарытарны рэжым аб’ектыўна фармуе двухполюсную, біпалярную сыстэму: улада — апазыцыя. Магнітная сіла гэтых палюсоў аказалася такая моцная, што любы суб’ект, які зьяўляецца ў гэтай палітычнай прасторы, мімаволі вымушаны прымкнуць да таго ці іншага зь іх. У рэшце рэшт і Казуліна лёгікай барацьбы прыбіла да апазыцыі. А тут усе месцы занятыя. Да таго ж ягоныя прарасейскія заявы шмат каго адштурхнулі.

Але гэтыя адказы поўнасьцю задаволіць ня могуць. І фэномэн Казуліна яшчэ патрабуе свайго тлумачэньня.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-8 (з 8)
Імя:: drakakhrust
21.02.2008 20:04

Валер, ты пішаш, што "ў кожнай паловы - свае куміры", але вышэй адзначаеш, што дэмакратычнага электарату -30%. Так 30% ці палова? І наконт куміраў: калі сыходзіць з дадзеных НІСЭПД, то 9.8% Мілінкевіча - не такая ўжо сакрушальная перавага над 3.7% Казуліна. І нават чыста арытмэтычна атрымліваецца, што ніша як раз ёсьць, па меншай меры зараз - 30% супраць улады, толькі 10% - за Мілінкевіча. Розьніца - "бясхозных" 20%


Імя:: Ліс
21.02.2008 21:03

Александр Козулин: Обращение к товарищам по Белорусской социал-демократической партии(Грамада)

http://kozylin.com/node/6939#comment
21/02/08 - 16:47


Імя:: Мікола
21.02.2008 21:32

1) Казулін - патрэбны дзеля таго, каб ачоліць антышукашасцкі настроеных расейцаў, бо для іх Мілінкевіч - гэта беларус, а беларуса яны не падтрымаюць. Ў гэтым сэнсе, пры ўмове што ён не прэтындуе на лідэрства, ён нават трохі карычны.
2) Казулін валодае большай лідэрскай харызмай, чым Мілінкевіч. Мілінкевіч занадта канфармісцкі, занадта памяркоўны і спакойны, шукае кампрамісу нават там дзе трэба канфрантацыя
3) Казулін - не валоде беларускай мовай, ён былы лукашэнкаўскі наменклатуршчык, які выключаў студэнтаў з БДУ і падпісваў загад аб ліквідацыі беларускамоўнага Ліцэя імя Якуба Коласа метадам далучэнні яго да казулінскага ліцэя БДУ. Таму ён не прыймальны для беларускамоўных беларусаў і увогуле для нацыянальна свядомых беларусаў.
4) Пры барацьбе супраць дыктатуры, як пісалі Мікола Макіавелі і Ўладзімір Ленін трэба адзінства камандавання, адзінаначалле вайскова-палітычных сіл, бо пры дыктатуры няма і няможа быць "парламентскай апазіцыі", а толькі баявыя, вайскова-палітычныя праціўнікі. Для барацьбы супраць аўтарытарызма проста неабходна адзінства, адзнаначалле, толькі адзін лідэр. Ў гэтым і ёсць смеласць, мужнасць Мілінкевіча, што ён пагадзіўся быць такім адзіным лідэрам, валодаючы больш-менш добрая біяграфіяй і адукацыяй. Каб зразумець усю карысць адзінаначалля Мілінкевіча, трэба ўявіць сабе што будзе на практыцы, калі ізноўку будуць шматуладдзе="лебедзь рак і шчупак".


Імя:: Максiм Горад:: Прага
22.02.2008 09:14

Я не згодны, што Казулiну у аппазiцыi не хопiць месца, бо "там усе месцы занятыя". Казулiну знойдуць месца, ды ён сам яго знойдзе! А працаваць разам з Мiлiнкевiчам, ды i з iншымi ён здольны, на мiтынгах яны стаялi побач i разам размаулялi з народам. Не будзе ён працаваць толькi з бюракратамi ад аппазiцыi, якiх хапае.


Імя:: Валеры Грыцук
22.02.2008 15:23

Не бачу феномена."Казулін доўгі час працаваў у камандзе Лукашэнкі, падтрымліваў ягоную палітыку, нават запляміў сябе выключэньнем з БДУ дэмакратычных студэнтаў і выкладчыкаў."І цёмная (раптам зачыненая) справа продажу золата.Людзі памятаюць аб злодзеях-дырэктарах МАЗа, "Атланту" , ці злодзею Сініцыну, якія раптам хацелі быць прэзыдэнтамі.
Больш таго, гульня Казуліна цалкам распрацавана у "Новых Черёмушках"


Імя:: Алесь
22.02.2008 19:45

Ну вось, не паспеў з'явіцца шанец на вызваленне, як Казуліна пачынаюць з усяе моцы "мачыць". Як найбольш верагоднага лідара. Падчас прэзідэнцкай кампаніі больш змагаліся супраць Казуліна, чым Лукашэнкі. У замежных візітах галоўнай задачай лічылі патлумачыць, што кандыдат Казулін - правакатар КДБ (толькі так да канца і не вызначыліся маскоўскага альбо лукашысцкага). Драбяза кшталту Статкевіча, дарэчы, да сёння галоўным чынам гэтым і займаецца.
Калі б Казулін не сядзеў у турме, ягоны рэйтынг быў бы на 10% вышэй. Усе ведаюць, што без яго ў партыі разлад і Казуліным фактычна ніхто не займаецца. Але нават у такой сітуацыі сярод апазіцыйных лідараў атрымліваецца падзел у прапорцыі 30% да 70% (я так разумею, больш у краіне вядомых дэмакратычных палітыкаў НІСЭПД за межамі стат. памылкі не фіксуе), пры гэтым і Мілінкевіч мае толькі 30% ад адзначанага ў артыкуле "дэм. электарата".
Далей, што азначае "Доўгі час працаваў у камандзе Лукашэнкі, падтрымліваў ягоную палітыку"? Калі гэта Казулін падтрымліваў палітыку Лукашэнкі? Ён працаваў у сваёй сферы (адукацыя), дарэчы зусім не Лукашэнка яму прапанаваў увайсці ў каманду, як сам Лука хлусіў "адмыў аднекуль з бруду". Калі саўгаснік Лукашэнка прыйшоў да ўлады, Казулін ужо меў вельмі высокую пасаду у мінадукацыі, дасягнуўшы яе сваім розумам. Ніякай кар'ернай выгады ад Лукашэнкі ён не атрымаў, і ў яго "каманду" не мог прыбіцца нават тэарэтычна, бо гэта не яго стыль - слухаць лухту ад малаадукаванага чалавека і лісліва паддакваць. Таму ў іх быў, я лічу "ўзброены нейтралітэт", на самой справе прыбраць з улады ўсіх прыстойных людзей у Лукі проста рукі не даходзяць, ды і трэба ж каб нехта працаваў.
Яшчэ, Казулін унікальны тым, што не запляміў сябе ў фінансавых аферах, хабарніцтве, злодзействе як ўся вярхушка. Інакш бы ён сядзеў мінімум году з 2000-га.
Карацей, апазіцыя пакуль абсалютна не выкарыстала шанец, магчыма адзіны рэальны які быў дадзены для ратавання краіны. Баюся, ўжо гатовыя стройныя шэрагі гатовых ліць бруд на Казуліна з усіх бакоў, калі ён выйдзе. Ну, гэта ж не з Лукашэнкай змагацца.


Імя:: Алесь Горад:: ///
22.02.2008 19:51

/// дарэчы, а чаму каментар не працуе праз Оперу? Націскаеш "даслаць" і нічога не адбываецца. Ці, можа, гэта толькі ў мяне? ///


Імя:: Дмитрий Горад:: Минск
27.02.2008 23:48

//// І фэномэн Казуліна яшчэ патрабуе свайго тлумачэньня. ////

Все верно. Однако, скорее всего нам никогда не понять, что в душе Козулина и каковы его истинные мотивы. Ключевой вопрос: почему у бывшего ректора, замминистра и члена правительства Козулина произошло прозрение/сдвиг лишь в 2003 году, а не, например, в 1996? Может возникла нездоровая обида за потерю ректорской должности из-за кем-то похищенного 34 кг золота. А может неожиданно для себя выяснил, что "Лукашенко - последний диктатор в Европе"? Что упорно движет Колузиным в ущерб себе и своей семье - большая психологическая загадка. Ведь о всенародной поддержке "мученика" речь даже не идет. Козулин помешал единому кандидату от оппозиции Милинкевичу на выборах-2006 и тем самым дезориентировал часть про-оппозиционных избирателей. Думаю, этот поступок подтверждает исключительно ЛИЧНУЮ войну против Лукашенко. Действительно нездоровый феномен. Посоветовал бы оппозиции быть с Козулиным осторожными и придержать его, иначе либо получите этакого белорусского Ельцина с разрушительными для страны последствиям, либо угробите человека.

Камэнтары 1-8 (з 8)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks