Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі Горадні: «Мы плацім падаткі, а ўлады ня лічаць нас за людзей»


Sad pictures, 20.05.2014
Sad pictures, 20.05.2014

Падпісаны Лукашэнкам указ аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці, калі ня ўдасца дамовіцца з уладамі, можа прывесьці да таго, што большасьць прадпрымальнікаў застануцца бяз сродкаў да існаваньня — так лічаць прадпрымальнікі з рынку «Карона» ў Горадні.

Паводле падпісанага Лукашэнкам указу аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці ўсталёўваюцца новыя правілы працы для індывідуальных прадпрымальнікаў — платнікаў адзінага падатку. Правілы пачынаюць дзейнічаць з 1 ліпеня 2014 году.

Галоўная пагроза, паводле саміх прадпрымальнікаў, закладзеная ў норме, якая абавязвае іх мець на тавар суправаджальныя дакумэнты, або так званы сэртыфікат. На «Кароне» пераважна працуюць жанчыны, і калі я завёў размову пра чарговы ўказ, то відаць было, як стомлена і зь нейкім унутраным цяжарам яны пра гэта гавораць.

Вось адна спадарыня паказвае мне некалькі шортаў і кажа, што ўсе яны розныя па складзе тканіны, пашыву і г.д. — і на кожны зь іх патрабуецца асобны сэртыфікат:

«Нават адзін сэртыфікат — гэта вельмі дорага, блізу мільёна рублёў. А калі ў мяне шмат найменьняў тавараў, то на кожныя шорты, на кожную кофту, кожны гарнітур зрабіць — гэта немагчыма дорага. А як тады вырастуць цэны...»

Да размовы далучаецца спадарыня, якая гандлюе жаночым адзеньнем насупраць. Яна кажа, што на ўсім рынку прадпрымальнікі не ўяўляюць нават, як змогуць далей працаваць. Кажа, што цепліцца надзея — можа, улады пойдуць на нейкія саступкі прадпрымальнікам, нягледзячы на тое, што ўказ ужо падпісаны:

«Да прыкладу, таварна-транспартную накладную — дзе ўзяць? Другое, сэртыфікаты каштуюць шалёных грошай — мы ўсе ў шоку. Ну, так, нас яшчэ пасьля 1 ліпеня ўратуе тое, што мы зможам працаваць на рэштках да 1 сакавіка. Але што такое працаваць на рэштках, калі кавалачак зімовага, кавалачак летняга, усіх памераў няма?»
Рынак «Карона» ў Горадні
Рынак «Карона» ў Горадні

Яшчэ адна спадарыня прапаноўвае заслухаць свой каштарыс.

«У нас за красавік абарот склаў 25 мільёнаў. 15 мільёнаў трэба адразу аддаць за арэнду, плюс падаткі і заробак, і што застаецца — тысяча даляраў? А ці можна на тысячу накупіць новага тавару? Адкуль такая арэндная плата? Вэнтыляцыі няма, умоваў ніякіх няма, ацяпленьне зімою ледзь грэе. Мы плацім шалёныя грошы, а ўмоваў ня маем. Гэта не каштуе такіх грошай».

Я, напэўна, буду закрываць свой бізнэс. Дзе я вазьму тыя сэртыфікаты
Іншая спадарыня: «Я, напэўна, буду закрываць свой бізнэс. Дзе я вазьму тыя сэртыфікаты, калі я важу тавар з Масквы, а там ніхто іх ня мае і не выдае, там у іх не патрабуюць? А калі рабіць тут гэты сэртыфікат, то ў мяне ўжо гэты тавар ніхто ня купіць».

Яшчэ ад некалькіх спадарынь чую, што ніякага выйсьця з сытуацыі яны пакуль ня бачаць, але іх вельмі абурае, што ўрад гэтак змагаецца зь іхнім бізнэсам.

Спадарыня: «Мы ў дзяржавы грошай ня просім, мы зарабляем іх самі і падаткі плацім немалыя. Але ўрад ня мае прадпрымальнікаў за людзей. Паглядзіце, як яны кажуць, што нашы падаткі ім непатрэбныя, што бюджэт пражыве і бяз гэтага. Але ж мы ўсе разумеем, што гэта ня так».

Іншая спадарыня: «Мая думка такая, што рынак ці сапраўды памрэ і застануцца адны супэрмаркеты, ці наступіць нейкі пэрыяд, што прадпрымальнікі ўсе разам возьмуць адпачынак і ня будуць плаціць падаткі ў бюджэт. Але мы яшчэ думаем. Калі на нас не захочуць зьвяртаць увагі, то будзе забастоўка ці яшчэ якая-небудзь акцыя».

Пытаюся ў спадарынь — ці спрабавалі яны вырашыць сваю праблему праз прафсаюзную арганізацыю, якая існуе ў горадзе? Аднак усе, з кім давялося гаварыць, ужо даўно пакінулі гэты прафсаюз.

Спадарыня: «А што зь іх толку — гэта ж дзяржаўны прафсаюз. Ён ня нас бароніць, а заўсёды займае пазыцыю дзяржавы. Вось быў некалі Леванеўскі, гэта быў змагар, яго і пасадзілі. Ён і здароўе страціў, і ўся сям’я яго пацярпела».
А што зь іх толку — гэта ж дзяржаўны прафсаюз. Ён ня нас бароніць, а заўсёды займае пазыцыю дзяржавы

Нагадваю спадарыням, што ў падпісаным Лукашэнкам указе ёсьць і іншае: цяпер прадпрымальнікі зноў могуць свабодна наймаць працаўнікоў, якія не даводзяцца ім раднёй. Пытаюся — ці гэта ў нечым палегчыць іхні бізнэс?

Спадарыня: «На сёньняшні дзень гэта нам ужо нічога не дае, бо практычна ўсе прадпрымальнікі працуюць самі. Ужо даўно няма той рэалізацыі тавару, каб трымаць найманых работнікаў. Цяпер гэта выглядае так, што сабаку кінулі костку. Калі работнікі былі патрэбныя, то яны забаранілі іх мець, а цяпер... усе працуюць самі».

Маладая спадарыня гандлюе абуткам. У яе няма пакупнікоў, і яна запрасіла прысесьці побач. Апавядае, што для ейнае сям’і, як і для іншых, закрыцьцё бізнэсу — трагедыя. Выйсьця пакуль не знайшла, але адзін плян усё ж мае і дзеліцца ім:

«У мяне ёсьць плян: ехаць у Польшчу, браць там абутак, плаціць на мяжы мыта. Але гэта будуць такія вялізныя затраты, што цана стане нерэальнай і наш беларус ня купіць яго, бо кошт складзе 3–4 мільёны. Па ідэі, паколькі мы ў Мытным зьвязе, то я павінна купіць у Расеі тавар, прыехаць і не грузіцца. Але гэтага нічога няма. А ў Расеі ніякіх сэртыфікатаў, ніякіх накладных. Яны толькі плацяць за месца, падаткі — і гандлююць».

Спадарыня кажа, што па спэцыяльнасьці яна тэхноляг — але думае, што такую працу ёй знайсьці будзе цяжка, бо і заводы ў Горадні працуюць слаба. Пытаюся: колькі ёй трэба зарабляць, каб утрымаць сям’ю?

Спадарыня: «Мне хаця б мільёнаў 7–8. Толькі рэальных, а ня так, як яны пішуць, а людзі нічога ня маюць».

Карэспандэнт: «Ого, і дзе вы можаце знайсьці ў нас такую працу?»

Спадарыня (сьмяецца): «Хацелася б, я ж маладая, у мяне дзіця, хочацца і схадзіць недзе. А харчы якія цяпер дарагія ў крамах — 200 тысяч за адзін паход у краму, і нічога толкам не прынясеш. Толькі на магазын трэба 6 мільёнаў на месяц, плюс мільён за кватэру. Я ўжо не кажу, што машыну заправіць трэба, за тэлефон пакласьці, за інтэрнэт. А пайсьці працаваць за два мільёны — значыцца, плаціць толькі за кватэру. А як жыць?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG