Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дасьць нам новы правапіс – Зьміцер Саўка і Зьміцер Санько ў гасьцях у Радыё Свабода


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Гэтай падзеі чакалі гадоў пятнаццаць. Ад таго часу, як у Беларусі, тады яшчэ савецкай, зьявіліся выданьні, якія ўпарта не хацелі карыстацца афіцыйным правапісам, прыняўшы гэтак званую тарашкевіцу. Цягам доўгіх гадоў назіралася дзіўная сытуацыя: усе ведалі, як ня трэба пісаць, але як трэба — дакладна ня ведаў ніхто. Цяпер будзем ведаць. Выйшаў друкам “Беларускі клясычны правапіс”. Мовазнаўцы Зьміцер Саўка і Зьміцер Санько ўваходзілі ў Працоўную групу, якая яго падрыхтавала.

(Міхась Скобла: ) “Спадарства, чуткі пра тое, што недзе ў падпольлі ідзе праца над зводам правілаў беларускай мовы, час ад часу даходзілі да вушэй грамадзкасьці. І першым просіцца на язык пытаньне: хто канкрэтна і зь якімі паўнамоцтвамі працаваў над правапісам?”

(Зьміцер Саўка: ) “Я хацеў бы пачаць з таго, што мова належыць усім — як сонца. Тэарэтычна, любы чалавек, які мае патрэбу рэалізоўвацца ў мовазнаўчай галіне, можа складаць слоўнік, граматыку… Гэта ягонае права як свабоднага чалавека.

Гісторыя гэтага правапісу пачынаецца з 1995 году, калі Вінцук Вячорка на замову беларускамоўнага грамадзтва падрыхтаваў праект тарашкевіцкага правапісу. Гэты праект быў надрукаваны ў часопісе “Спадчына”, і пачалася грамадзкая дыскусія. У 1998 годзе для падвядзеньня вынікаў грамадзкага абмеркаваньня ў Празе сабралася даволі прадстаўнічая канфэрэнцыя, у якой бралі ўдзел дзясяткі мовазнаўцаў і карыстальнікаў мовы, літаратараў зь Беларусі. Дарэчы, яна сабралася пад гасьцінным крылом Радыё Свабода. Такім чынам, ужо ў 1998 годзе асноўныя моманты правапісныя былі зацьверджаныя. Мы ўзялі рашэньні канфэрэнцыі за аснову і сканцэнтравалі сваю ўвагу найперш на фармулёўках. Паступова, на момант 2002—2003 гадоў склалася стабільная група з чатырох чалавек: Вінцук Вячорка, Юрась Бушлякоў, Зьміцер Санько і я”.

(Скобла: ) “Можна заўважыць гэткую тэндэнцыю: як толькі Беларусь перажывала чарговую хвалю нацыянальнага адраджэньня, адразу ж рабіліся і спробы давесьці да ладу і правапіс. Можна згадаць напрацоўкі Тарашкевіча і Лёсіка ў 1918—1920 гады, моўную канфэрэнцыю 1926 году, моўную камісію пад кіраўніцтвам Ніла Гілевіча на пачатку 1990-х гадоў. Усе пералічаныя спробы мелі сумны вынік. Вы ўпэўненыя, што гэтым разам зерне ўпала не на камень?”

(Зьміцер Санько: ) “У дзяцінстве я з братамі любіў слухаць аповеды сваіх бацькоў пра даўнейшыя часы. І памятаю, зь якім шкадаваньнем наша мама казала пра тое, што скасавалі ранейшы правапіс, дзе былі мяккія знакі. Яго замянілі за адзін дзень. Правапіс замянялі, як партрэты рэпрэсаваных кіраўнікоў БССР: выносілі на двор школы, і настаўнікі загадвалі дзецям “расстрэльваць” іх сьнежкамі. Гэта рабілася ўсё за адзін дзень. Людзі майго ўзросту яшчэ памятаюць, як за савецкім часам чалавек мог быць пакараны за тое, што распаўсюджваў інфармацыю. І ў нас да нядаўняга часу вельмі лёгка можна было зьдзейсьніць падобнае “злачынства”. Сёньня, дзякаваць Богу, зусім іншыя магчымасьці камунікаваньня. Таму мы перакананыя — наша справа ня будзе марная, сёньня спыніць яе немагчыма”.

(Скобла: ) “Я ізноў пра своечасовасьць унармаваньня правапісу. Улада вось ужо дзесяць гадоў сьвядома і мэтанакіравана, парушаючы ўсе пісаныя і няпісаныя законы, выцясьняе беларускую мову з грамадзкага ўжытку. Сытуацыя — як у эпоху ваяўнічага атэізму. Уявіце храм: вокны-дзьверы забітыя дошкамі, крыж і звон зрынутыя долу, сьвятара саслалі на Салаўкі, і — у той жа час слова “Бог” дазволілі пісаць зь вялікай літары. Так і з правапісам. І сапраўды — можа, варта было пачакаць?”

(Саўка: ) “Унармаваньне правапісу менавіта ў 2005 годзе — вельмі своечасовая зьява. Згадайце настрой у грамадзтве ў пачатку 1990-х гадоў, эўфарыю ад таго, што Беларусь стала незалежнай, што беларуская мова набыла статус дзяржаўнай мовы ў нашай краіне… Тады гэтая эўфарыя часам не давала магчымасьці халоднай галаве ахапіць вокам усе наступствы тых прапановаў, у тым ліку і лінгвістычных, якія гучалі ў тыя гады. Цяпер мінуў час, тарашкевіца ўжо другое дзесяцігодзьдзе рэальна існуе на прасторы Беларусі. Дзякуючы гэтаму мы маглі пабачыць, якія з прапановаў пачатку 1990-х прыжыліся, а якія — ня вытрымалі выпрабаваньня часам. Мы здолелі падрыхтаваць прадукт дастаткова ўзважаны”.

(Санько: ) “Тыя пытаньні, якія разьвязваліся падчас нашай працы, не былі толькі пытаньнямі спэцыфічна клясычнага правапісу. Шэраг праблем існуе адначасна і для афіцыйнага правапісу. Патлумачу сваю думку — возьмем, напрыклад, найбольш складаны разьдзел “Перадача пазычаньняў”. Вось словы: артапед і арфаграфія. Яны маюць адзін і той жа грэцкі фармант ортэ, а перадаюцца па-рознаму. Тое ж самае: алгарытм і лагарыфм, эфір але этэрыфікацыя. І гэтыя пытаньні мы мусілі разьвязваць сыстэмна”.

(Скобла: ) “Вы спадзеяцеся, што вашыя напрацоўкі падштурхнуць мовазнаўцаў унесьці неабходныя папраўкі і ў афіцыйны правапіс?”

(Санько: ) “Я думаю, што гэта непазьбежна павінна быць”.

(Скобла: ) “Я ўважліва чытаў звод вашых правілаў са спадзяваньнем, што нарэшце скончыцца правапісная неразьбярыха. Але і ў вашым даведніку сустракаецца нямала выпадкаў, калі прапануецца пісаць і так, і гэтак: Галгофа і Гальгота, Афіны і Атэны, мэтар, тэатар — але Нотр-Дам і Сартр. Дык ці варта было гарод гарадзіць?”

(Саўка: ) “Рэч у тым, што ў савецкіх слоўніках сапраўды замацаваная Галгофа, аднак мне невядомыя тэксты багаслоўскага характару, пісаныя беларускай моваю, у якіх бы выкарыстоўвалася менавіта гэтая форма. Інакш кажучы, слоўнікі тут пайшлі за мэйнстрымам расейскае мовы, якая так ці іначай фармавалася пад непасрэдным уплывам праваслаўя. Волі беларускага народу ў замацаваньні Галгофы як адзінага варыянту, я думаю, таксама ўгледзець немагчыма. Што да разьбежнасьці: мэтар але Сартр… Рэч у тым, што сапраўды пэўная група францускіх імёнаў — гутарка вядзецца выключна пра ўласныя назвы — ня можа падпарадкоўвацца ўсім вымогам фанэтычным беларускае мовы. Іначай мы прыходзім да таго, што слова — нейкая назва, імя — перастае пазнавацца. А момант ідэнтыфікацыі вельмі важны для камунікацыі. Такім чынам, мы пайшлі на пэўныя выключэньні, але ізноў такі, яны маюць сыстэмны характар і апісваюцца ня сьпісам: вось толькі Сартр і Нотр-Дам, яны апісваюцца ў іншых тэрмінах, больш лягічных і пасьлядоўных”.

(Санько: ) “Калі мы абмяркоўвалі праблему ўстаўных галосных, то выкарысталі сьведчаньне дыплямата XVI стагодзьдзя Сыгізмунда Гербэрштайна, які пакінуў нататкі пасьля наведваньня Белавескае пушчы. Ён напісаў літаральна гэтак: “На сваёй мове ліцьвіны называюць бізона зубар…”

(Скобла: ) “Вось адкуль узяліся ў беларускай мове ўстаўныя галосныя… Калі вашы правілы возьмуць на ўзбраеньне хімікі, то найбольшых зьменаў зазнае табліца хімічных элемэнтаў Мендзялеева. Вы прапануеце адсекчы фіналі -ій, -ый у словах тыпу магній, кальцый, кадмій, радый і пісаць: магн, каль, кадм, рад. Дарэчы, як быць з аманіміяй апошняга слова, ад якога люд беларускі зусім ня рад… Памятаеце, як іранізаваў Кандрат Крапіва зь Беларускай Цэнтральнай Рады: “Немцы зямлю нашу паляць, людзей нішчаць, а ты, дурная, рада”… Можа быць, трэба спачатку разабрацца зь лексыкай?”

(Санько: ) “Сапраўды, шэраг уласнабеларускіх і пазычаных назоўнікаў мужчынскага роду афармляюцца безь нехарактэрных для нашай мовы фіналяў -ій, -ый. І сярод іх хімічныя тэрміны: алюмін, амон, бар, ванад, галь, гафн і г.д., у тым ліку і рад. Але гэта — ня наша прапанова, у дадзеным выпадку мы падтрымалі прапанову саміх хімікаў. Дыскусія на гэтую тэму вядзецца ўжо даволі даўно, ёсьць шэраг публікацыяў, дзе пераканаўча даводзіцца правамернасьць выкарыстаньня менавіта такіх формаў. І я ня думаю, што тут будзе блытаніна, з кантэксту абсалютна зразумела, пра што ідзе гаворка… Што да лексыкі, то і тут былі прапановы. Спадар Уладзімер Паўловіч прапаноўваў радый замяніць на ліхань, але я думаю, што гэта эмоцыі. З увагі на тое, што наш народ пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы, у нас асаблівае стаўленьне да падобнай тэрміналёгіі, мы ня можам індыфэрэнтна ставіцца да такіх рэчаў… Але я думаю, што сыстэмнасьць і тут павінна быць на першым месцы”.

(Скобла: ) “Два гады таму Інстытут мовазнаўства падрыхтаваў свае “Правілы беларускай артаграфіі й пунктуацыі”, зразумела, для афіцыйнага правапісу, гэтак званай “наркамаўкі”. Які лёс гэтага праекту?”

(Саўка: ) “Прызнаюся, нам удалося вялікімі намаганьнямі здабыць гэтую чырвоную кніжачку і нават яе скапіяваць для сваіх патрэбаў… Што да далейшага лёсу таго праекту — нам нічога не вядома. Але ўжо сам закрыты, канфідэнцыйны характар працы камісіі пад эгідай Інстытуту мовазнаўства наштурхоўвае на пэўныя высновы”.

(Скобла: ) “Сярод розных навацыяў з таго праекту мне запомнілася забарона на ўжываньне імёнаў Алесь, Пятрусь, Зьміцер, Мікола, Міхась, бо яны, ці бачыце, “не атрымалі права юрыдычнай значнасьці”. Мне тым праектам прадпісвалася называцца Міхаілам. А вы згодныя менавацца Дзьмітрыямі?”

(Санько: ) “Гэта крок назад нават у параўнаньні з правапісам 1933 году, бо там якраз у пытаньні ўласных імёнаў была большая лібэральнасьць — там дапускаліся ўласныя беларускія імёны як варыянт”.

(Саўка: ) “Я мяркую, у сучасным дэмакратычным вольным сьвеце, калі чалавек хоча называцца 2816БД — гэта ягонае права”.

(Скобла: ) “У нас сёньня існуюць два правапісы. І гэта бяда. Дзяржава спрабавала ў судовым парадку змагацца з тарашкевіцай, але няўдала. Дык што, два правапісы так і застануцца? Якой вам бачыцца пэрспэктыва?”

(Санько: ) “Асабіста я бачу два варыянты разьвіцьця падзеяў. Першы — гэта паступовае павелічэньне колькасьці карыстальнікаў клясычнага правапісу, і ў далёкай пэрспэктыве — ягонае панаваньне. Другі варыянт (можа быць, больш імаверны) — гэта канвэргенцыя двух правапісаў. Але для гэтага патрэбная сустрэчная ініцыятыва з боку таго ж Інстытуту мовазнаўства”.

(Саўка: ) “Другі варыянт мне здаецца проста неверагодным. Тарашкевіцкі правапіс існаваў і будзе існаваць незалежна ад таго, хто яго будзе ўнармоўваць і якім чынам. Рэч у тым, што яго не Тарашкевіч прыдумаў! Гэта рэальнае адлюстраваньне нармальнага самаразьвіцьця беларускай мовы з канца XIX і да пачатку XX стагодзьдзя і далейшага існаваньня нашай мовы. Мы проста ўпарадкавалі тое, што было. Мы сваю справу зрабілі, а ўжо нашаму грамадзтву адказаць — якім правапісам яно б хацела карыстацца”.

(Скобла: ) “І апошняе пытаньне. На праекце правапісу, які два гады таму вынырнуў зь нетраў акадэмічнага Інстытуту мовазнаўства, было пазначана: “Зацьверджана указам Прэзыдэнта…”. Заставалася толькі праставіць нумар указу і дату. Зразумела, што беларускія ўлады ваш праект не зацьвердзяць. Якім вам бачыцца мэханізм увядзеньня яго ў жыцьцё?”

(Саўка: ) “Літаратурная мова — гэта форма дамоўленасьці грамадзтва. І правапіс, як адна з праяваў літаратурнае мовы, гэта таксама дамоўленасьць. Мы стварылі дамову. Калі ласка, далучайцеся”.

(Санько: ) “На мой погляд, ніякага ўказу, ніякага загаду ці закону не патрэбна. Калі мы займаліся гэтай справай, мы адчувалі запатрабаванасьць сваёй працы. На мой погляд, увядзеньне клясычнага правапісу павінна быць жывым працэсам, не рэглямэнтаваным ніякімі ўладнымі структурамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG