Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі бракуе дзіцячай літаратуры


Валянціна Аксак, Менск “Узроўню Янкі Маўра сёньня ў Беларусі пісьменьніка няма, – так у інтэрвію нашаму радыё ахарактарызаваў сучасны стан дзіцячай літаратуры старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч. – Тым болей узроўню Ганса Хрысьціяна Андэрсэна”.

У кнігарні “Цэнтральная”, што на галоўным сталічным праспэкце, беларуская дзіцячая літаратура зьмяшчаецца на дзьвюх маленькіх палічках агульнага, таксама маленькага, аддзелу беларускае літаратуры. Гэта некалькі зборнікаў народных казак, а таксама дзьве анталёгіі сучасных твораў. Ніводнае размалёўкі, якія так любяць маленькія дзеці, ніводнае перакладное кнігі сусьветнае дзіцячае клясыкі.

Мастацтвазнаўцы Валянціне Трыгубовіч для сваёй гадавалай унучкі Ірынкі патрэбных кніжак у менскіх кнігарнях знайсьці ўдаецца далёка не заўсёды:

“Хаджу, шукаю, але заўсёды маю праблемы, таму што вельмі шмат літаратуры расейскамоўнай – з прыгожымі карцінкамі, з рознымі фантазіямі, з рознымі, як кажуць, наваротамі. Але калі я шукаю тую літаратуру, якую я хачу набыць, літаратуру ў першую чаргу беларускамоўную, то тут я маю пэўныя праблемы. Або я маю пэўна ведаць, дзе хто што выдаў, або мае паходы па кнігарнях марныя”.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч праблему з кніжкамі для сваёй дачкі школьніцы вырашае прыватным чынам:

“У кнігазборы старэйшых шукаем тых аўтараў, якія выдаваліся яшчэ ў 70-х, 80-х, 90-х гадах”.

90-я гады мінулага стагодзьдзя былі ў Беларусі самымі багатымі на выпуск дзіцячай літаратуры. Пасьпяхова дзеля гэтага працавала адмысловае дзяржаўнае выдавецтва “Юнацтва”. Яно выдала некалькі тэматычных сэрый сусьветнае клясыкі па-беларуску, сотні тамоў беларускіх пісьменьнікаў. Яны цяпер успрымаюцца як напамін пра кароткі залаты век у дзіцячай беларускай літаратуры.

Сёньня ў Беларусі, гаворыць Алесь Пашкевіч, няма ніводнага адмысловага выдавецтва па выданьні літаратуры для дзяцей:

“Юнацтва” зачынілі і няма ні прыватных ні дзяржаўных такіх выдавецтваў”.

А прыватныя выдаўцы маюць толькі камэрцыйны інтарэс, які ня спраўдзіш на беларускай дзіцячай кніжцы.

Праблема, аднак, на думку знанага перакладчыка і літаратуразнаўцы, выкладчыка Беларускага гуманітарнага ліцэю Лявона Баршчэўскага яшчэ і ў айчынных аўтарах:

“Такіх, сапраўды, яркіх пісьменьнікаў, якія ўмеюць пісаць для дзяцей, -- гэта адзінкі, літаральна. Гэта праблема. Можа толькі з крытыкай у нас горш, чым зь дзіцячай літаратурай у Беларусі на сёньня”.

Гэтая праблема стала прычынай прыватнай ініцыятывы мастацтвазнаўцы Валянціны Трыгубовіч, якая два гады таму запачаткавала праект “Добрыя вершы”. У ім яна з паэтам Алегам Мінкіным вырашыла сабраць усе лепшыя дзіцячыя фальклёрныя і аўтарскія вершы і выдаць іх у трох тамах:

“Я прывыкла рабіць тое, чаго не хапае і што, бачу, акрамя мяне ніхто ў дадзены момант ня будзе рабіць”.

Пакуль што пад назовам “Побач з намі на зямлі” выйшаў толькі адзін том гэтага праекту, хоць падрыхтаваныя і наступныя. Тармозяць справу фінансавыя праблемы.

Лявон Баршчэўкі ўзяў на сябе клопат хоць крыху запоўніць узьніклую лякуну з сусьветнай дзіцячай клясыкай па-беларуску:

“Канечне, хацелася б, каб увесь час на паліцах быў і Андэрсэн па-беларуску, і браты Грым, і Астрыд Ліндгрэн. Ёсьць задума і ёсьць ініцыятары выдаць сёлета Карлсана па-беларуску – я там, магчыма, удзельнічаць буду ў гэтым праекце. Але гэтага ўсяго вельмі мала і па-ранейшаму сусьветная літаратура прыходзіць у асноўным на расейскай мове да нашых дзяцей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG