Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Каліноўскі


Уладзімер Арлоў, Менск Я спрабую ўявіць, як Каліноўскі 2 лютага 1864 году адзначаў свой апошні 26-ты дзень нараджэньня.

Віленскія Сьвятаянскія муры, дзе ён, хаваючыся ад жандараў, жыве пад імем Ігната Вітажэнца. За марознымі вокнамі крывава барвянее зара-вечарніца. Там, на захадзе, дагарае паўстаньне. Там ляснымі дарогамі адыходзяць у Польшчу апошнія аддзелы інсургентаў...

Магчыма, ён думае, што свабода стане бліжэй толькі на вышыню паўстанцкіх магілаў.

Магчыма, ён чакае сваю Марыську чарнаброву, сваю галубку – нарачоную Марыю Ямант. Магчыма, якраз у гэты самы час былы паўстанцкі камісар Магілеўскай губэрні Вітаўт Парфіяновіч называе на допыце ягоны адрас і кансьпірацыйнае імя ...

Да арышту застаецца некалькі дзён, да эшафоту на Лукіскім пляцы і неўміручасьці – некалькі тыдняў...

Апошнім часам у беларускай прэсе раз-пораз зьяўляюцца артыкулы, дзе Каліноўскага, кіраўніка паўстаньня 1863 году ў Літве-Беларусі і прыхільніка самавызначэньня народаў былой Рэчы Паспалітай, спрабуюць абвесьціць “палякам” (самі палякі з паўстанцкага Варшаўскага жонду, дарэчы, называлі яго “сэпаратыстам”), які ў сваіх палітычных мэтах проста зайграваў зь мясцовымі “мужыкамі” (ажно да таго, што выдаваў на іхняй мове нелегальную газэту).

Найлепшы адказ такім “гісторыкам” – перадсьмяротныя Кастусёвы “Лісты з-пад шыбеніцы”. Яны зьвернутыя да беларусаў. Яны напісаныя па-беларуску. Яны прысьвечаныя будучыні Беларусі. Яны ня страцілі сваёй актуальнасьці і ў нашым XXI стагодзьдзі.

P.S.Мэмарыяльная табліца, усталяваная ў Вільні на месцы, дзе завяршыўся зямны шлях нашага нацыянальнага героя, зьмяшчае недакладную дату ягонага нараджэньня. Каліноўскі зьявіўся на сьвет не ў 1836-м, а ў 1838 годзе. Беларускую амбасаду ў Літве такія “дробязі” відавочна не турбуюць.



Подпіс да ілюстрацыі: Арыштаваны паўстанец на гарадзкой вуліцы. Тагачасны малюнак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG