Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Ганна Вольская


Ганна Вольская, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі пачатку восені падае Ганна Вольская – прадусар музычнага праекту “Крамбамбуля”, жонка лідэра гурту “N.R.M.” Лявона Вольскага.

31 жніўня

Заўтра – восень. Дзень пачынаецца са школьнай лінейкі. Дачка Адэля пайшла ў 3 клясу беларускай гімназіі. Спазьніліся, бо трэба было купіць кветкі. Стаім зь Лявонам, слухаючы школьныя прамовы, чакаем на заканчэньне урачыстасьцяў. Убачылі Юрася Ляўкова, басіста “N.R.M.”, з жонкай сярод бацькоў. Падумалі: застаўся Алезіс, і тады дзеці ўсяго энэрэму будуць вучыцца у адной гімназіі. Дзіўна, таму што ніхто пра гэта і не дамаўляўся, усё само сабой неяк атрымалася. Пачалі званіць нашыя мабільнікі, прыйшлося выйсьці з актавай залі.

Дзень прайшоў пад нейкім савецка-сэнтыментальным настроем. Спрэчныя пачуцьці.

1 верасьня

Канцэрт. Граем з “Крамбамбуляй” у Траецкім. Прыватная вечарына, дакладней, вясельле. Усё лета гралі амаль кожны тыдзень па некалькі заказных канцэртаў, але перад кожнай імпрэзай – усё роўна – хваляваньне і адказнае стаўленьне, як раней перад канцэртам у канцэртнай залі “Менск”. Можа, таму і запрашаюць. А мы ў адсутнасьці телебачаньня робім сабе слыхавую рэкляму. Кожным канцэртам!

Карацей, прыехалі на адстройку. Афіцыянты незадаволеныя, мы ім перашкаджаем рабіць сэрвіроўку. Мы таксама незадаволеныя. Дапамагае гумар. У перапынку паміж адстройкай і канцэртам пайшлі гуляць па Траецкім. І не пайшло нам гуляць па Траецкім. Нешта там не гуляецца.

Канцэрт быў вясёлы. Маладыя папрасілі напрыканцы зграць “Безалкагольнае піва”. Сьмешна, калі нявеста у вясельнай сукенцы адрываецца пад рытм-энд-блюзавыя стылізацыі, а яе бацькі з жахам выбягаюць з кавярні.

2-3 верасьня, субота-нядзеля

Бацька папрасіў зьезьдзіць у вёску – мы там маем хату. Вёска знаходзіцца паміж Ракавам і Івянцом, на самай колішняй заходне-ўсходняй мяжы. Там у нас зараз ідзе рэвалюцыйны рамонт, працуюць крэатыўныя будаўнікі, па сумяшчальніцтве дызайнэры. Вось тата й кажа: “Трэба зьезьдзіць, паглядзець, што яны зрабілі за апошні тыдзень”. Праз мітусьлівую сваю працу мы гэтым летам выбіраліся ў вёску толькі пару разоў, бо можна прыязджаць толькі на выходныя, калі будаўнікі-дызайнэры адпачываюць у Менску. Акурат на кожную суботу-нядзелю былі нейкія канцэрты, таму не выпадала. А якое надвор’е было!

І вось мы прыехалі ў сваю вёсачку. І бачым: надта ўрадлівы гэты год. Яблыкаў столькі – хоць ты сьвіней гадуй!

Карацей, бітва за ўраджай палягае на тым, каб ураджай гэты трэба своечасова сабраць. А мы своечасова не сабралі, таму пад дрэвамі поўна паўгнілых яблычкаў.

З такімі ўраджаямі міжволі наведвае думка: чаму ў Беларусі няма сыдру? Чаму ніхто не займаецца вырабам вельмі актуальнага ў сьпёку, газаванага прыгожага напою. Амаль ва ўсіх нашых суседзяў ён ёсьць – у літоўцаў, латышоў, палякаў... Чаму ж у нас сідрам ніхто не займаецца?

Вось і мы не заняліся. Хоць было дзеля гэтага ўсё – і рэцэпты з інтэрнэту, і багаты ўраджай. Бракавала часу. Бітва за ўраджай прайграная.

Прыехалі ў нядзелю ўвечары ў новы гандлёвы цэнтар “Карона” каля турмы на Апанскага. Купілі францускае чырвонае сухое віно, падыйшлі да сэкцыі, дзе садавіна-гародніна, а там прыгожыя польскія яблычкі – некалькі гатункаў, расфасаваныя, адзін да аднога. А беларускіх няма. І гэта зь сёлетнім ураджаем?! Дзівны ест тэн сьвят, як той сьпяваў.

4-6 верасьня

Усё прайшло, як адзін дзень. Праца, мітусьня, сябры. Праца – гэта запіс новага альбому “Крамбамбулі”, розныя перамовы са спонсарамі, канцэртнымі агенцыямі, разборкі з дызайнэрам і амаль безпасьпяховае чаканьне сайту “Крамбамбулі” ад вэб-майстра. Мітусьня – гэта рабіць шэнгенскія візы, дамаўляцца наконт працоўных амэрыканскіх візаў, купляць школьныя прыналежнасьці, якіх не стае, прывозіць і забіраць Адэлю зь гімназіі і – самае жахлівае – рабіць урокі. Сябры – гэта велічэзная прыемнасьць, якая, бывае, забірае высілкаў ня менш за працу. Але, дзякуй Богу, што яны ў нас ёсьць!

Вечар 6 верасьня

Адчуваю прыступ хранічнай стомленасьці. Прыдаецца год без адпачынку. Пачынаю зрывацца. Лявон замаўляе лазьню з басэйнам на дзясятую гадзіну раніцы наступнага дня.

7 верасьня

Лазьня. Вучым Адэлю плаваць. Весела.

А 12-й дня едзем дахаты. Запаўняем анкеты для нямецкай амбасады. Заўважаю, што Лявон халтурыць, піша на чыстым аркушы нешта сваё. Разумею – тэксты песень. Спазьняемся. Пасьпяваем.

Тэлефанаваньні з канцэртных агенцыяў, у суботу граем 2 канцэрты. Show must go on!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG