Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 сьнежня 1989 году памёр Андрэй Сахараў


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 14 сьнежня

14 сьнежня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Навум, імя якога ў народзе зьвязвалі з навукай. Даўней лічылася, што менавіта ў гэты дзень трэба пачынаць вучыць дзяцей. Маўляў, “Навум розуму навучыць”.

Гістарычныя падзеі. 14 сьнежня 1586 году ў Беларусі ўпершыню ва Ўсходняй Эўропе было зроблена патолягаанатамічнае ўскрыцьцё цела нябожчыка. Нябожчыкам стаў памерлы за два дні да таго кіраўнік краіны Сьцяпан Батура. Спрабуючы вызначыць прычыну ягонае сьмерці, лекары доўга не маглі прыйсьці да згоды. Таму і было вырашана зрабіць патолягаанатамічнае дасьледаваньне, якое ажыцьцявілі ў каралеўскім замку ў Горадні.

14 сьнежня 1794 году тагачасная сталіца Беларусі Вільня замест сталічнага атрымала статус губэрнскага цэнтру Расейскай імпэрыі. Адбылося гэта пасьля таго, як горад абкружылі і захапілі расейскія войскі, што вялі на тэрыторыі Беларусі вайну супраць паўстанцаў Касьцюшкі. Захапіўшы Вільню, яны прызначылі на пасаду кіраўніка краю генэрал-губэрнатара Рэпніна.

Наступная дата таксама зьвязаная з антырасейскім паўстаньнем – гэтым разам пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. 14 сьнежня 1862 году, калі ўся Беларусь рыхтавалася да выбуху новай вызваленчай вайны, у Менску было відаць ніколі дагэтуль ня бачанае паўночнае зьзяньне. Уладзімер Караткевіч назваў гэтую зьяву “прадвесьцем будучай бітвы”.

14 сьнежня 1957 году ў газэце “Літаратура і Мастацтва” зьявіўся артыкул студэнта факультэта журналістыкі БДУ Барыса Сачанкі “Шанаваць родную мову”. Сэнсацыя палягала на тым, што гэта быў першы публічны выступ супраць русыфікацыі ў савецкай Беларусі амаль што за трыццаць гадоў.

14 сьнежня 1989 году памёр Андрэй Сахараў, расейскі дысыдэнт і праваабаронца, які ў першай палове свайго жыцьця быў стваральнікам савецкай вадароднай бомбы.

Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 14 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня францускага астроляга і прадказальніка Мішэля Настрадамуса, а таксама ягонага земляка, паэта-сюррэаліста Поля Элюара.
XS
SM
MD
LG