Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыняцьце хрысьціянства: цывілізацыйны выбар ці здрада? (аўдыё)


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае этнакультуроляг Тодар Кашкурэвіч Эфір 8 лютага 2007 году

Слухаць:



Стары Жрэц-Крывец, стоячы па-над Валоваю азярынай у Полацку, глядзеў на сплюндраваны, спалены горад, на апаганенае капішча,горы камянёў, зь якіх паўставала дзіўная будыніна. Са сьлязамі і нянавісьцю апавядаў ён свайму вучню Вайдзілу праўду пра сьвятое мінулае і незразумелае,зь ягонага гледзішча, злачыннае – цяперашняе. Першымі былі рускія князі з дружынай, хто – сьвей, хто – славянін, хто – хазарын ці грэк, з усяго сьвету збродны ваярскі люд. Прыйшлі з агнём і мячом і вялікія няшчасьці тутэйшым людзям учынілі. Спалілі і апаганілі дзядоўскія сьвятыні, выразалі безьліч мужоў, згвалцілі жанок і нявестаў. Зь імі разам былі і сьвятары грэцкай, ці па іхняму – рускай веры, што ўсьлед несьлі збавеньне няшчасным і скрыўджаным ад вайны і гвалту, у веры Хрыстовай, веры ўсіх пакутных і абражаных. Ад чаго і сталі нашы сьвятыя землі не сьвятыя – Крыўскія, а – Рускія. Чые? Рускіх князёў. Якія? Рускай веры.

Было гэта тры лета ад апошняга наведваньня Гіпербарэі грэцкім Апалёнам.




Тодар Кашкурэвіч: “Насамрэч адбывалася больш складана, але факт ёсьць фактам – з прыняцьцем грэцкага рускага хрысьціянства нашы балцкія продкі -- крывічы, дрыговічы, радзімічы, літва, яцвягі, нальшчаны, дайнава – сталі адгэтуль рускімі, ды паступова зьмянілі свае мовы на славянскія, страцілі афіцыйна сваю дзядоўскую сакральную традыцыю”.

Вячаслаў Ракіцкі: “Лёгка ці складана беларусы пераходзілі ад паганства да хрысьціянства?”

Кашкурэвіч: “Паўтаруся: наш народ толькі пасьля хрышчэньня пачалі называць рускімі, альбо беларусамі. А пераход у новую веру адбываўся па-рознаму. У Полацку, напрыклад, дзе не было афіцыйна абвешчанага хрышчэньня, як у Кіеве, альбо Ноўгарадзе, хрысьціянства ўваходзіла паступова, хоць і не бяз гвалту. Вядомы факт, што славуты князь-чарадзей Усяслаў, калі якая прычына, клікаў да сябе да парады “всіх біскупы, волхвы і чародеі”, якіх меў пры сваім двары. Вялікі князь Міндоўг колькі разоў прымаў хрост, то з захаду, то з усходу, то зноў вяртаўся да старой веры. Ягайла зрабіў акт хрышчэньня гвалтам, злачынна запрасіўшы палякаў, вынішчыўшы віленскія Сьвятыя гаі, сплюндраваўшы Сьвяты агонь, забіўшы Сьвятых вужоў. Але гэта былі ўсё ж акты палітыкі панаванага стану. Вясковы люд працягваў заставацца пры сваёй старой веры, фармальна навесіўшы на шыю крыж”.



Ракіцкі: “Вы лічыце, што продкі сучасных беларусаў успрынялі хрышчэньне як крыўду, якая зь бегам часу для ідэолягаў паганства стала першакрыўдай? Але ж на ўзроўні фактаў гісторыя гэтага не зафіксавала, як, дарэчы, і гвалт, зьвязаны з хрышчэньнем Полацкай зямлі.”

Кашкурэвіч: “І першакрыўдай, і першаздрадай. Ад першакрыўды чамусьці ўласна беларуская гісторыя і пачынаецца -- ад факту гвалту над Рагнедай і забіцьцём ейнага бацькі князя Рагвалода, прадстаўнікоў сьвятарскай крыўскай язычніцкай дынастыі. А потым Рагнеда-Прадслава з сынам Ізяславам здраджваюць веры бацькоў і наладжваюць місіянэрскую дзейнасьць на нашых землях”.

Ракіцкі: “Наўрад ці была альтэрнатыва хрышчэньню. З прыходам хрысьціянства на кантынэнце зьмянілася цывілізацыйная прастора. Хіба мог заставацца ў яе цэнтры паганскі анкляў?”

Кашкурэвіч: “Альтэрнатыва хрышчэньню была – гэта фізычнае вынішчэньне тутэйшага люду. І гэта было б рэакцыяй цывілізаванага сьвету на інакшасьць.У пэўным сэнсе можна апраўдаць прагматычныя крокі ў гэтым напрамку нашых князёў, але застаецца нязьменным вострае пытаньне аб маральна-этычным баку справы -- аб здрадзе. Ніяк нельга апраўдаць здрады духоўным каштоўнасьцям бацькоў і дзядоў. Яшчэ болей -- нашая зямля і была сакральным цэнтрам старажытных індаэўрапейскіх народаў - Крывія, Гіпербарэя. І ці ж Ерусалім у цэнтры Эўропы?”

Ракіцкі: “Калі я вас дакладна разумею, дык вы лічыце, што хрысьціянская культура выціснула, вынішчыла архаічную (паганскую) традыцыю. З майго ж гледзішча, гэта не зусім так. Беларусы, можа найболей за іншыя эўрапейскія народы, стагодзьдзямі сумяшчалі і паганскія, і хрысьціянскія традыцыі. Пра што гэта сьведчыць? Хітры народ?”

Кашкурэвіч: “Хітры і мудры. Не ад шчасьця – ад бяды. А я скажу яшчэ больш хітра. Так, хрысьціянства сталася рэаліяй у асяродзьдзі элітаў, арыстакратыі, кліру, мяшчанства, але просты люд ня меў аніякага ўяўленьня аб складанасьці догмаў веры, тым болей, тэалягічных закалотаў. Ён захаваў свае старажытныя веды, абрады, касмалягічныя ўяўленьні, маральна-этычныя законы, ну, а на сьвяты наведваць бажніцы – гэта сьвятое. Але, паводле народных уяўленьняў, Хрыстос, як шаман, нарадзіўся на дрэве ў добрага гаспадара (валачобніцтва), сьвяты Пётра зямлю адмыкае, сьвяты Юр”я зямлю росіць-апладняе, ну, а на “Усекновение главы Иоанна Христителя” – Галавасек, па нашаму, трэба капусту зразаць. Але пададзеныя прыклады – ня ёсьць ілюстрацыяй непісьменнасьці. Гэта, з аднаго боку,-мудрасьць рэальнага жыцьця, з другога,-- іронія над чужынцамі і інстынкт самазахаваньня”.

Ракіцкі: “А ці можаце вы назваць, што з паганскіх традыцыяў захоўваецца ў беларускай культуры аж па сёньня? І ці маюць яны станоўчы плён? У чым ён?”

Кашкурэвіч: “Па-першае, паганская традыцыя ў канцы ХХстагодзьдзя выйшла зь вёскі і заняла месца ў асяродзьдзі сучаснай эліты. Даробак сучасных навукоўцаў (культуролягаў, філёзафаў, этнолягаў) у справе дасьледаваньня і рэканструкцыі старажытнай мадэлі сьвету – гэта сапраўдны рэнэсанс паганскай традыцыі тэалёгіі. Плён гэтай дзейнасьці у стварэньні фундамэнтальных каштоўнасьцяў нацыі, ніадкуль не імпартаваных на нашы землі. Што ж да вясковага асяродку, то тут – крыніца нашай спракавечнай эмоцыі, што паэтызуе, абагаўляе наш краявід і чалавека празь песьню, строй, арнамэнт”.

Ракіцкі: “Пэрспэктывы існаваньня паганства ў наш час здаюцца ўтапічнымі...”

Кашкурэвіч: “Яны ня больш утапічныя, чым у любых іншых рэлігіяў у эпоху тэхнакратычнай цывілізацыі. Стаць зноў багамі, а не рабамі божымі, будаваць наш сьвет паводле нашага сьвятога ладу, рабіць тое, шта багі рабілі на пачатку, калі стваралі сусьвет. У звароце да паганства ў наш мадэрны мэханістычны час было б вялікай памылкай бачыць рэканструкцыю нейкіх рэаліяў папярэдніх эпохаў, рамантызацыю каменнага веку, як гэта часьцяком робяць і прыхільнікі, і крытыкі. Традыцыйная культура, духоўнасьць прынцыпова ня могуць быць упісаныя ў лінейны час, яны заўсёды сучасныя. Сэнсам любой традыцыйнай рэлігіі ёсьць захаваньне вечных, а ня зьменлівых каштоўнасьцяў. А мэтай - гэтыя пракаветныя каштоўнасьці ўвасабляць у жыцьці”.

Ракіцкі: “Уявім сабе, што хрышчэньня не было б на беларускіх землях. Як разьвівалася б нацыя? Што зь ёй адбылося б?”

Кашкурэвіч: “Калі б хрысьціянства не было б такім нецярплівым да іншых канфэсіяў, то можна было б уявіць сабе сытуацыю, падобную зь Японіяй, дзе сынтаізм зьяўляецца нацыянальнай рэлігіяй зь вялікім культурным статусам. Дарэчы, прыхільнікі і сынтаізму і будызму не адмаўляюць сабе ў карыстаньні аўто ці кампутара”.

Ракіцкі: “Але ж гэта Азія. А беларусы – эўрапейцы...”

Кашкурэвіч: “А хіба асноўная рыса эўрапейскай цывілізацыі гэта здрада сваёй пракаветнай духоўнасьці? У пэўным сэнсе, безумоўна – так. Эўропа спачатку сама страціла свае традыцыйныя рэлігіі, а потым пачала рабіць гэта па ўсім сьвеце. Зруйнаваныя цывілізацыі Амэрыкі, дзеля прыкладу, ня вартыя, каб на іхніх месцах паўсталі мадэрныя мэгаполісы з аднастайным, уніфікаваным насельніцтвам”.

Ракіцкі: “Падсумуем. Што ў выніку факту тысячагадовай даўніны, мы маем? Плюсы і мінусы, з вашага гледзішча –прыхільніка паганскіх традыцыяў?”

Кашкурэвіч: “З вышэй сказанага трэба адзначыць, што па-за плюсамі захаванасьці паганскай традыцыі і сёньняшняя культурная сытуацыя ў краіне. Паглядзіце, зь якой зласьлівасьцю яшчэ нядаўнія вяскоўцы выракаюцца мовы бацькоў, выкідаюць, нішчаць усё зробленае рукамі іхных маці і бабуль. Дарэчы, гэтаксама, як палілі і апаганьвалі хрысьціянскія бажніцы, цяпер будуюць, што тыя грыбы, цэрквы ў жудасным, не ўласьцівым нашай традыцыі расейскім стылю”.

Ракіцкі: “Беларусь увайшла ў эўрапейскае цывілізацыю. На падставе ў тым ліку і хрысьціянскіх традыцыяў назапашаныя вялікія культурныя здабыткі, якія сталі фундамэнтальнымі, першатворнымі. Не пабаюся сказаць, што адной з вызначальных характарыстык беларускай культуры, мастацтва, літаратуры, побыту нарэшце – ёсьць хрысьціянскі пачатак. Ці варта ўвогуле сёньня гаварыць пра вяртаньне да таго, ад чаго адмовіліся, ці што адрынулі тысячу гадоў таму? Хрысьціянскі сьвет, а разам зь ім і Беларусь, тысячагодзьдзе ідуць ў пэўным накірунку”.

Кашкурэвіч: “На вашае пытаньне адкажу пытаньнем: калі ведаеш, што натоўп (або грамада) рушыць у накірунку прорвы, ці ёсьць сэнс імкнуцца разам зь ім, каб быць, як усе?”

Сілай духоўнай узвысіла Полацак высока. Тым, хто імкнуўся да кнігі, сьвяціла, як зорка. Мове, адзінай дзяржаве, шчэ толькі злучацца. Сьвет нас прымаў як народ па адной палачанцы.”

Данута Бічэль-Загнетава. Паэма “Эўфрасіньня Полацкая”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG