Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балцкі сьлед у гісторыі Менску


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (Вячаслаў Ракіцкі: ) “Сёньня любы дарослы мянчук можа распавесьці, дзе тут і што было. Зьмянілася, здавалася, усё, што магло зьмяніцца. Але ж у Менску яно зьмяняецца нават і тады, калі і зьмяняцца нібыта і няма чаму. Зьнітаваны зь местам гэтым тысячамі пупавінаў, край і сам ня можа вытлумачыць — чым яно, места, нагэтулькі дарагое яму, краю. Любоўю да Менску і агортваецца гэтае несупыннае жаданьне яго ведаць. Пра Менск напісана багата, але недастаткова, каб зразумець яго сутнасьць. Дык што яшчэ не напісана пра Менск?”

(Сяргей Харэўскі: ) “Зусім мала напісана, напрыклад, пра балцкі сьлед у гісторыі Менску. Бо мы не былі тут першымі. Першымі былі акурат балты. Калматыя плямёны, што ўпляталі ў косы пер’е і аздаблялі махрамі свае скураныя апранахі. Першыя паселішчы ў раёне сучаснага Менску датуюцца ажно 3 стагодзьдзем да нашае эры. Варта толькі ўдумацца — і прыходзіш у захапленьне: больш як дзьве тысячы гадоў тут жывуць людзі! Болей як тысячу гадоў да зьяўленьня тут хрысьціянства мясцовыя плямёны ўраблялі тут зямлю, будаваліся, радаваліся і гаравалі.

Зьнікнуўшы дазваньня на абшарах нашага краю, балты, тым ня менш, як і індзейцы ў Амэрыцы, пакінулі нам безьліч словаў у нашай мове. Але, перадусім, яны пакінулі нам нашыя імёны: гарадоў, рэк і азёраў. Зь імі мы жывем і да сёньня”.

(Ракіцкі: ) “Так, сапраўды, многія назвы гарадоў у розных мовах гавораць і пра сутнасьць гэтых гарадоў. Юрка Віцьбіч у свой час зьвярнуў увагу на назоў Масквы, што азначае балотная, нячыстая вада. Лёгка можна разабрацца з назваю Рыгі, што па-латыску значыць проста “хата”. Паводля паданьня пра Кіеў, прыйшлі аднекуль тры браты — Кій, Шчэк, Харыў і сястра іхная Лыбедзь. Ад старэйшага брата горад і атрымаў назоў. Адкуль жа ўзялася назва Менску?”

(Харэўскі: ) “У любым разе не ад мены-абмену-гандлю, як нас вучылі ў БССР. Назва Менску паходзіць ад назвы рачулкі Менка, на якой узьнік той, першы горад. Сёньня нам пра яго нагадвае магутнае гарадзішча ля вёскі Строчыца. Гэтае старажытнае паселішча, за 15 кілямэтраў ад сёньняшняга гораду, належала спачатку балцкім плямёнам штрыхаванай керамікі і Банцараўскай культураў. Паступова да 11 стагодзьдзя гарадзішча на Менцы пры сутоцы з ручаём Дунай моцна разраслося. Вакол яго зьявіліся селішчы і магутныя пахавальныя курганы. Археолягі знаходзяць тут багата каштоўных скарбаў.

Без усялякіх пранонсаў “Менка” зь сёньняшняе літоўскае мовы перакладаецца як “другасная”, “маленькая”, “нязначная”, што цалкам адпавядае выгляду і значэньню гэтае рачулкі”.

(Ракіцкі: ) “Чакайце, Сяргей, але ў гэтым разе сэмантыка назвы Менску становіцца фатальнай”.

(Харэўскі: ) “Але ёсьць яшчэ адзін варыянт перакладу Менкі. У сучасных балцкіх мовах словам menke пазначаюць вялікую каштоўную рыбу, а калі дакладней, рыбаў сямейства трасковых. Менск ці ад Менкі, што гучыць як балцкі назоў вялікае рыбы? Калі так, то сакрамант паходжаньня замыкаецца ў коле асацыяцыяў ад астралёгіі да сэмантыкі першаснага хрысьціянства”.

(Ракіцкі: ) “А як жа ручай Дунай? Гэткае архетыповае праславянскае сакральнае слова! Хіба ня ёсьць яно сьведчаньнем праславяншчыны?”

(Харэўскі: ) “Лексэма “дунай” ёсьць і ў балцкіх мовах! Літоўскае dunas — “глей”, dunajus, dunojus — “вялікая вада”, латыскае dunuvas — “запруджаныя воды ракі”. Вялікую цікавасьць выклікае той факт, што ў старажытнаскандынаўскіх гісторыяграфічных творах Дзьвіна мянуецца як Duna (Дунай жа як Dun), прычым гэтая назва сустракаецца ў пісьмовых крыніцах, пачынаючы ад рунічных надпісаў. Беручы пад увагу архаічнасьць асобных “дунайскіх” тэкстаў беларускага фальклёру, можна казаць пра тое, што фактычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі склаўся мітычна-рытуальны комплекс, зьвязаны з культам Dunы як сакральнае ракі й як божышча, што мела дачыненьне, у першую чаргу, да жаночае абраднасьці. Таму сакрум гарадзішча між Менкай і Дунаем не выклікае сумневу”.

(Ракіцкі: ) “То бок, на тваю думку, Менск мог быць культавым, сакральным цэнтрам у старажытнасьці?”

(Харэўскі: ) “Безумоўна! Варта тут згадаць пра славутае Менскае капішча, што было зьнішчанае толькі на пачатку 1980-х гадоў! Нашая дахрысьціянская сьвятыня дзейнічала яшчэ ў апошнюю вайну і нават па вайне ледзь ня ў самым цэнтры вялікага места, у раёне колішняе Лодачнае вуліцы (яе дарэчы, цяпер “ліквідавалі”, далучыўшы да Чырвонаармейскай). Гэта было месца, дзе адбываліся адмысловыя рытуалы: ахвярапрынашэньне, розныя сьвяты. Яшчэ ў народзе гэтае месца называлі сьвяцілішчам, малельняй ці проста каменем. Гэта камень паўсфэрычнае формы, якога звалі “Дзед”, альбо “Стары”, якому таксама прыносілі ахвяры. Цяпер ён зьберагаецца ў Музэі камянёў.

Паводле сьведчаньняў дынастыя менскіх ведуноў, ці знахараў, датрывала да часоў сталіншчыны. Іхная хата была тутака ж, акурат насупраць капішча. Менавіта ў Менску, у параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі Беларусі, пагатоў Эўропы, найдаўжэй захавалася гэтая паганская традыцыя веры ў калдуноў і вешчуноў. Бадай, таямніца Менкі—Дунаю сягае куды глыбей, чым мы маглі б сабе ўявіць. Калі Менск быў цэнтрам, сярэдзінай велізарнага абшару балцкіх плямёнаў, то верагодна, ён мог быць і цэнтрам рэлігійным у дахрысьціянскі час”.

(Ракіцкі: ) “Нас вучылі ў савецкіх школах, што Менск быў гарадком Полацкага княства. А ты кажаш, што ён быў яшчэ больш старажытным цэнтрам ці не ўсяе Беларусі. Пагатоў, балцкім. Што ты маеш на ўвазе?”

(Харэўскі: ) “Усё проста! На беразе вадасховішча Дразды, пад Менскам, выяўлена самае старажытнае гарадзішча Банцараўшчына, што ўзьнікла тут яшчэ за 3 стагодзьдзі да нашае эры. Ад пазьнейшага насельніцтва гэтага гарадзішча, 6—8 стагодзьдзяў нашае эры, атрымала назву цэлая археалягічная Банцараўская культура. Няцяжка падлічыць, што гэтае паселішча праіснавала больш за тысячы гадоў! Яе носьбіты насялялі вялізарны абшар ад Нёману да Дзьвіны. Такім чынам, тэрыторыя сучаснага Менску здавён была цэнтрам беларускіх земляў. Яны ўжо займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, апрацоўкай жалеза і бронзы”.

(Ракіцкі: ) “Тут я згадаю беларускага этноляга Клімчука. Як на ягоную думку, дык плямёны Банцараўскай культуры зьяўляюцца непасрэднымі продкамі беларусаў”.

(Харэўскі: ) “Увогуле, у этнагістарычным працэсе антрапалягічныя рысы выяўляюць большую стабільнасьць у параўнаньні з культурна-гістарычнымі характарыстыкамі. Так, дасьледаваньне этнагенэзу і антрапалягічнага складу сучасных народаў паказала, што культурная і лінгвістычная роднасьць не заўсёды адпавядае роднасьці па паходжаньні, прычым, зьмена моўнае прыналежнасьці часьцей адбываецца бязь зьмены антрапалягічнага складу насельніцтва. Атрымліваецца літаральная пераемнасьць! Як і дзьве тысячы гадоў таму, у Драздах вырашаюцца беларускія лёсы! Гэта хіба што містыка.

(Ракіцкі: ) “А як быць з паданьнем пра легендарнага Мянеска, заснавальніка беларускай сталіцы?”

(Харэўскі: ) “Відавочна, і тут трэба шукаць не містычных, а рэальных каранёў. Зьвярніце ўвагу: адпаведна Roma (Рым) запачаткаваў Ромул, Кіеў — Кій, Менск — Мянеск. Ромула ўзгадавала ваўчыца, Кій лавіў зьвяроў у барах... Зьвярыны кшталт цёмных стагодзьдзяў. А наш волат Мянеск паставіў млын. Млынарства — нагэтулькі ж ясная сэмантыка, наколькі і чыстая. Мянеск быў ня з Каінавага племені. Дарэчы, малоў ён паводле паданьняў камяні і пек зь іх хлеб. І верціцца жоран, не спыняецца колазварот... Гэта і ёсьць Менскае сэрца, заведзенае ня намі. Па-над суплётам жылаў жывое і мёртвае вады. Над Нямігаю”.

(Ракіцкі: ) “Дарэчы, пра Нямігу... А як гэтую назву можна вытлумачыць? Бо гэта хіба самая значная са старажытных менскіх тапаграфіяў, што датрывала бязь зьменаў да нашых дзён”.

(Харэўскі: ) “Няміга” перакладаецца з сучасных балцкіх моваў як “няспаньне, бяссоньніца”. Калі гэты назоў прыўласьціла Няміга, то яно хаваецца ў таямніцы балцкага няспаньня. І гэты колазварот тапаграфіяў, найменьняў і імёнаў бясконцы, як само спасьціганьне веды”.

(Ракіцкі: ) “Яшчэ адна з найвялікшых таямніцаў, пра якую мала пішуць цяпер — гэта рэшты хрысьціянскае бажніцы на менскім Замчышчы над Нямігаю. Яе будову адносяць да 12, а магчыма, і да 11 стагодзьдзя. Але яна гэтак і засталася недабудаваная! Чаму? Мо яе будаўнікі загінулі пасьля сечы на Нямізе ў 1067 годзе?”

(Харэўскі: ) “Гэта сапраўды адна з найвялікшых таямніцаў Менску, што, бадай, гэтак ніколі й ня будзе разгаданая. Затым пры сьценах царквы, у 13 стагодзьдзі, утварыўся арыстакратычны нэкропаль. Сьвятыня на Замчышчы, што хавае ад нас сваё імя, угрунтаваная тут сто соцень гадоў таму. Менская недабудаваная бажнiца па тэхнiцы будаўнiцтва наагул ня мае аналягаў нi ў суседнiх краiнах, нi ў далёкай Бiзантыi. Не вядомае нам імя гэтага дзіўнага храма, не вядомыя нам яго дойліды, няведама, зь якіх прычынаў праглынула яго зямля”.

(Ракіцкі: ) “Трагедыя, што адбылася зусім нядаўна пры ўваходзе ў мэтро, калі людзі бяз дай прычыны падушылі адзін аднаго насьмерць таксама цяжка вытлумачальная, як і безьліч іншых вусьцішных таямніцаў нашае гісторыі. Гісторыі на Нямізе. Сапраўды суцэльнае няспаньне. Ні пачатку, ні канца колазвароту: зь зямлі ў зямлю...”

(Харэўскі: ) “Так, пакрысе забываецца і гэтая трагедыя, што адбылася літаральна на нашых вачах. За савецкім часам нас вучылі гісторыі ад 1917 году, а цяпер вучаць ужо ад 1941-га, неўзабаве, пэўна, пачнецца адлік ад 1994-га! Дзе тут ужо да дзьвюх тысяч гадоў таму! Хоць відавочна, балцкасьць Менску магла б стаць выбітным нацыянальным брэндам. Даўно маглі б аднавіць тое паганскае капішча над Сьвіслаччу і вярнуць на месца сьвяты камень “Дзед”, пасадзіць дуб дый паказваць ахвочым. Ніяк ня зрушылася справа з арганізацыяй музэю на гарадзішчы над Менкаю. Нават у самім Менску няма археалягічнага музэю. А было б цалкам справядліва стварыць музэй тутэйшых абарыгенаў-балтаў. Бадай, тады мы б ня гэтак тузаліся ад сваіх надзённых палітычных крыўдаў, пазіраючы на іх зь вяршыні дзьвюхтысячагадовае гісторыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG