Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Віданава: "Галоўнае -- не баяцца задаваць пытаньні"


Радыё Свабода Госьця "Начной Свабоды", гісторык і аналітык моладзевых мэдыйных праектаў Ірына Віданава, разважае пра адукацыю ў Беларусі і ЗША, пра тое, чаго можна навучыцца ў амэрыканцаў і дзе павінна гадавацца беларуская эліта.

Каліноўскі: "Ірына, да якіх канкрэтна мэдыйных праектаў вы маеце дачыненьне?"

Віданава: "У асноўным я займаюся гэтак званымі "новымі мэдыямі" – усё, што зьвязана з інтэрнэт-выданьнямі, мультымэдыйнымі выданьнямі, блогамі. Гэта датычыць як беларускіх, гэтак і міжнародных праектаў".

Каліноўскі: Ірына, у сваім эсэ "Ў што я веру" вы пішаце пра сваё вяртаньне пасьля вучобы ў ЗША: "Мяне зьдзіўляла і нават крыўдзіла, што многія з маіх калег, сяброў і нават родзічаў верылі, што не вярнуся. Часам, гублялася і ня ведала, што на гэта адказаць. Вырывалася: “Як вы не разумееце? Там – цікава, камфортна, спакойна... Тут маё месца. Туды я буду з радасьцю вяртацца, сустракацца зь сябрамі, вандраваць, рэалізоўваць супольныя праекты. Сюды кліча сэрца. Там – гэта часова. Тут – назаўжды”. Ірына, скажыце, чаму вас зьдзіўляла тое, што людзі меркавалі, што вы застаняцеся ў ЗША? Каля паловы беларускіх студэнтаў (паводле сацапытаньняў) хацелі б зьехаць за мяжу. Ды і брат ваш, здаецца, застаўся ў Злучаных Штатах, калі я не памыляюся.

Віданава: Я была зьдзіўленая найперш рэакцыяй тых, хто мяне добра ведае. Бо калі я зьяжджала, тлумачыла чаму я вярнуся, на які час я ехала. Таму калі я вярнулася, мне здавалася, што бальшыня людзей памятае тыя словы, якія я казала перад ад''ездам. Тут вельмі цікава, цікава рэалізоўваць цалкам новыя праекты, новыя ідэі. Калі вы чалавек актыўны і сапраўды ведаеце, чаго хочаце ад жыцьця, іх можна рэалізоўваць як тут, гэтак і ў любой іншай краіне. Але я безумоўна належу да Беларусі. Таму людзі, якія мяне ведаюць, безумоўна павінныя былі б ведаць, што я вярнуся. Спачатку я нават крыўдзілася, але потым зразумела, што ў нас вельмі шмат стэрэатыпаў у меркаваньнях пра тое, што такое тут і што такое там. Напэўна трэба зьехаць на нейкі час, каб знайсьці сваё сэрца і зразумець сябе праз часовае незнаходжаньне ў сваёй краіне, на сваёй Радзіме. Але я добра пачуваюся і тут, і там. Майму пакаленьню падабаецца тое, што ў цяперашнім сьвеце ў прынцыпе даволі проста вандраваць паміж сваёй краінай ды іншымі краінамі, вывучаць розныя мовы, розныя культуры, але пры гэтым пачуваць, дзе твой кут".

Каліноўскі: "А чым дарэчы займаецца ваш брат у Злучаных Штатах?"

Віданава: "Мой брат (дарэчы таксама гісторык паводле адукацыі) там цяпер займаецца фінансавым аналізам. Ён цалкам зьмяніў кірунак дзейнасьці, але не губляе сувязі зь Беларусьсю -- піша артыкулы па эканамічным становішчы і разьвіцьці Беларусі для шэрагу нашых незалежных выданьняў".

Каліноўскі: "Ірына, а шмат вашых знаёмых пасьля адукацыі за мяжой вярнулася на Радзіму, каб знайсьці сабе месца тут?"

Віданава: "Сярод маіх знаёмых вярнулася большасьць".

Амэрыканскія веды ў беларускіх умовах

Каліноўскі: Ірына, у якім унівэрсытэце вы навучаліся, і чаму вам удалося навучыцца ў ЗША?

Віданава: "Гэта Ўнівэрсытэт Джонса Гопкінса, ён разьмешчаны ў двух штатах, у двух гарадах, Балтыморы і Вашынгтоне, і гэта вельмі тыпова для амэрыканскіх унівэрсытэтаў. Вучылася я там таму, чаму ў нас пакуль яшчэ ня вучаць – мая спэцыялізацыя тычылася некамэрцыйнага сэктару. Я спадзяюся, што якраз гэтыя веды на пэрспэктыву тут вельмі прыдадуцца. Другі мой дыплём – гэта міжнародныя адносіны, і я мела магчымасьць ня толькі атрымаць веды, але й вучыцца разам зь дзясяткамі выхадцаў з розных краінаў сьвету. Гэта таксама важны досьвед".

Каліноўскі: "Ці ўдалося вам знайсьці прымяненьне ведам, атрыманым у Амэрыцы, у цяперашніх беларускіх умовах?"

Віданава: "Безумоўна. Тая адукацыя, якая цяпер прапануецца ў ЗША, і ўвогуле тэндэнцыя пост-дыплёмнай адукацыі такая, што яна зьяўляецца ўнівэрсальнай у гэтым глябалізаваным сьвеце, як бы мя ня ставіліся да гэтай зьявы. Гэты мэтад адукацыі накіроўвае студэнтаў любога ўзросту на самастойнае аналітычнае мысьленьне. Там вучаць ня столькі канкрэтным ведам, якія даюцца ў гатовым выглядзе, колькі вучаць думаць, аналізаваць, выказваць сваё меркаваньне і абгрунтоўваць яго. У галіне грамадзкай палітыкі гэта па-мойму вельмі важна. Такога кшталту адукацыя можа выкарыстоўвацца і тут, і ў іншых краінах, і заўтра, і празь дзесяць гадоў".

Каліноўскі: "Што варта было б пераняць БДУ, ці іншым беларускім ВНУ ад амэрыканскіх унівэрсытэтаў?"

Віданава: "Для мяне гэта найперш акадэмічная свабода, тое што студэнты маюць магчымасьць выбіраць тыя прадметы, якія вывучаюць – безумоўна пры парадах навуковага кіраўніка, пры наяўнасьці рэкамэндацый з боку факультэту, пры наяўнасьці патрабаваньняў да першапачатковых ведаў, зь якімі вы прыходзіце вучыцца. Па-другое, тое што студэнт зь першага дня заняткаў скіроўваецца на самастойны пошук. Прафэсар у амэрыканскім унівэрсытэце не прыходзіць начытваць людзям веды як дадзенасьць. Там прафэсар прапануе ўжо да першай лекцыі прачытаць кніжачак пяць старонак па 200 кожная з тым, каб абмеркаваць нейкую тэму, справакаваць студэнтаў на мысьленьне. Гэта тое, чаго ў нашай адукацыйнай сыстэме папросту няма – самастойнага мысьленьня.

Апытаньне ў Магілёве: "Чаму беларусы могуць навучыцца ў амэрыканцаў?"



Каліноўскі: "Ірына, а на ваш погляд, чаму беларусы могуць навучыцца ў амэрыканцаў?

Віданава: "Зь вялікай усьмешкай слухала адказы, бо пад кожным зь іх напэўна магла б падпісацца. Сапраўды, першае ўражаньне -- гэта адкрытасьць і ўсьмешлівасьць. Па-другое, амэрыканцы вельмі добра ўмеюць самаарганізавацца для вырашэньня сваіх і чужых праблемаў. І таксама мяне ўразіла сярод маіх аднакурсьнікаў гатоўнасьць дапамагчы. гатоўнасьць дазнацца болей пра такую краіну, як Беларусь, пра мяне асабіста, пра нашу сытуацыю, пра нашу частку сьвету. Я б пажадала нам менш баяцца шукаць адказаў на пытаньні, а галоўнае не баяцца задаваць гэтыя пытаньні".

Каліноўскі: "У Польшчы сёньня стартаваў другі год праграмы імя Кастуся Каліноўскага. Яе дырэктар доктар Ян Маліцкі заявіў Радыё Свабода, што яе галоўная мэта – вучыць беларускую эліту. Спадарыня Ірына, дзе, на вашую думку, павінна вучыцца будучая беларуская эліта. Ці гэта ня важна, дзе?"

Віданава: "Я думаю, што будучая эліта павінна быць у стане самастойна выбіраць, дзе вучыцца. Вельмі важна, каб межы Беларусі былі адчыненыя, каб кожны малады чалавек -- пасьля школы, на ўзроўні ўнівэрсытэту, ці ўжо пасьля ўнівэрсытэту -- мог выбіраць з розных магчымасьцяў, дзе б ён хацеў атрымаць адукацыю. Я ня думаю, што эліта павінна выхоўвацца па-за межамі Беларусі. Веру ў тое, што адукацыя, выхаваньне пачынаецца з самых першых дзён жыцьця чалавека, нават не гадоў. Пагаджуся, што ў сёньняшніх умовах ня ўсе могуць атрымаць адукацыю тут, і гэта вельмі балюча. Але я думаю, што эліта выхоўваецца і тут ў Беларусі, але мы ня можам дакараць і тых маладых людзей, якія вырашылі зьехаць вучыцца. Тым больш, я спадзяюся, што тыя людзі, якія атрымаюць адукацыю ў Польшчы, у Літве, у ЗША ці ў нейкай іншай краіне, потым вернуцца ў Беларусь ці будуць працаваць на Беларусь з-за межаў нашай краіны".

Ірына Віданава нарадзілася ў Менску ў 1978 годзе. У 1999 годзе скончыла гістарычны факультэт БДУ. Пазьней займалася ў асьпірантуры, дасьледавала гісторыю Беларусі. З 1998 да па 2003 год была галоўнаю рэдактаркаю часопіса “Студэнцкая Думка”. Пяць гадоў выкладала гісторыю Беларусі ў Ліцэі пры БДУ, працавала выкладчыкам на катэдры “Гісторыі старажытных часоў і сярэдніх вякоў Беларусі” гістарычнага факультэта БДУ.

Два гады вучылася ў ЗША. У 2006 годзе скончыла там магістратуру па спэцыяльнасьці “Грамадзкая палітыка і міжнародныя адносіны”. Цяпер займаецца незалежнымі аналітычнымі праектамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG