Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто даў загад даставіць Шацікаву ў вар’ятню?


Іна Студзінская, Менск Грамадзкая актывістка Крысьціна Шацікава падала ў Магілёўскую пракуратуру скаргу на гвалтоўнае зьмяшчэньне ў псыхіятрычны шпіталь, дзе яе утрымлівалі зь вечара пятніцы, 23 сакавіка, да панядзелка, 26 сакавіка. Як тлумачаць прычыны прымусовай дастаўкі ў шпіталь і абыходжаньне там з Крысьцінай Шацікавай афіцыйныя прадстаўнікі?

Галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Беларусі Павал Рынкоў пра выпадак з Шацікавай ня чуў.

“Я пра гэта нічога ня ведаю. Дзе гэта было? Магілеўскі псыхіятрычны шпіталь? Трэба туды тэлефанаваць. Там ёсьць галоўны псыхіятар, галоўны лекар, яны павінны ведаць, што там адбылося”.
”Яна паступала з накіраваньнем на прымусовую шпіталізацыю...”
Да галоўнага псыхіятра Магілёўскай вобласьці і адначасова галоўнага лекара псыхіятрычнага шпіталю Валер’я Бяляніна датэлефанавацца не удалося – у яго два працоўныя месцы, і пастаянна ён быў у дарозе. Загадчыца восьмага аддзяленьня шпіталю, дзе цягам трох дзён знаходзілася Шацікава, Ала Уцёнышава пацьвердзіла, што Крысьціну прывезьлі ў пятніцу пасьля 18-й гадзіны:

“Яна была дастаўлена супрацоўнікамі міліцыі. Там была заява. Заява з подпісамі, але бяз прозьвішчаў. Але з подпісамі. Яна паступала з накіраваньнем на прымусовую шпіталізацыю”.

Прымусовая шпіталізацыя, згодна з Законам аб псыхіятрычнай дапамозе, ажыцьцяўляецца паводле трох пунктаў: калі чалавек уяўляе пагрозу для сябе альбо асяродзьдзя. Калі ён недзеяздольны. І калі неаказаньне псыхіятрычнай дапамогі прывядзе да пагаршэньня стану хранічнага хворага. Шацікаву даставілі як чалавека, які нясе пагрозу, патлумачылі лекары.

Прэс-сакратар Магілёўскага абласнога Ўпраўленьня КДБ Тацяна Шаўцова паведаміла, што 23 сакавіка сапраўды Крысьціну Шацікаву выклікалі ў КДБ, дапыталі як сьведку ў крымінальнай справе, заведзенай паводле артыкула 193 і адпусьцілі.
”Яе дапыталі як сьведку і адпусьцілі на усе чатыры бакі...”
“Што тычыцца іншай інфармацыі, то мы ёй проста не валодаем”, – заявіла Тацяна Шаўцова.

Карэспандэнтка: “КДБ ня мае дачыненьня да яе прымусовай дастаўкі ў шпіталь?”

Шаўцова: “Так, КДБ не валодае інфармацыяй пра гэта. Яе дапыталі як сьведку і адпусьцілі на ўсе чатыры бакі. А як там што было далей...”

Загадчыца аддзяленьня Магілёўскага псыхіятрычнага шпіталю Ала Ўцёнышава кажа: не шпіталізаваць Шацікаву лекары не маглі. Што тычыцца псыхіятрычнай экспэртызы, усё праведзена згодна з Законам:

“Мы абавязаныя цягам трох дзён яе правесьці. Што мы і зрабілі. Гэта з улікам выходных. Калі яна трапіла б да нас у будні дзень – мы паглядзелі б яе на наступны дзень”.
”У яе было ўзбуджэньне ў аддзяленьні, нематываванае, неабгрунтаванае...”
У панядзелак камісія з шасьці псыхіятраў прызнала, што Шацікава не ўяўляе пагрозы, і яе адпусьцілі са шпіталю. Што да выкарыстаньня так званай фіксацыі – прасьцей кажучы, прывязваньня пацыенткі да ложку, загадчыца аддзяленьня сказала:

“Ніякай фіксацыі не было. Так, у яе было ўзбуджэньне ў аддзяленьні, нематываванае, неабгрунтаванае. Але яе ніхто не фіксаваў. Калі б была фіксацыя, сьляды ад яе б былі. Як ад удаўкі сьляды”.

Што да ўвядзеньня лекавых прэпаратаў, псыхіятар Уцёнышава патлумачыла:

“Акрамя аднаго-адзінага сэбазону нічога яна не атрымоўвала. Гэта адносіцца да групы наркатычных прэпаратаў, але не наркотык. Ён проста выклікае залежнасьць, калі прымаць яго больш за месяц. Таму гэтыя прэпараты ў нас сьпісваюцца, і ампулы здаюцца. Уяўляеце, калі напісаць адно, а ўвесьці другое, то дзе узяць ампулу? Сэбазон – гэта лёгкі транквілізатар, а ня нейкі там псыхатропны забойны. Гэта не галюцынаген ні ў якім выпадку”.

Такім чынам, застаецца таямніцай, хто даставіў Шацікаву ў псыхіятрычны шпіталь.

Гл. таксама • Крысьціна Шацікава: мяне прывязалі да ложка і ўкалолі сэбазон
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG