Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На трыбуну – праз кабінэт Міхаіла Мясьніковіча?


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Менску пачынаецца І зьезд навукоўцаў Беларусі. Удзел у ім возьмуць 2,5 тысячы чалавек. Згодна з прэс-рэлізам, дэлегаты зьезду прааналізуюць выкананьне праграмных дакумэнтаў, “накіраваных на дасягненьне інавацыйнага разьвіцьця нацыянальнай эканомікі і падвышэньня яе канкурэнтаздольнасьці на рэгіянальных і глябальных рынках”. Аднак многія аўтарытэтныя прадстаўнікі беларускай навукі называць форум няйначай, як “прапагандысцкім шоў”.

Сабраць пад адным дахам навукоўцаў удалося толькі з трэцяй спробы. Папярэднія намаганьні плёну ня мелі – нягледзячы на тое, што ў 2002 і 2004 гадах былі надрукаваныя галяграфічныя знакі зьезду і праграмная літаратура.

Навуковы зьезд з элемэнтамі шоў

Арганізатарамі І зьезду навукоўцаў Беларусі выступаюць Нацыянальная Акадэмія навук (НАН) і Савет міністраў. З прэзыдыюму Саўміну рассылаліся рэкамэндацыі навуковым установам, каго менавіта пажадана абіраць дэлегатамі зьезду – перадусім дырэктара, ягоных намесьнікаў, загадчыкаў сэктараў. Але ў працэсе вылучэньня шмат якія вядомыя асобы апынуліся па-за бортам мерапрыемства. Адзін зь іх – член-карэспандэнт НАН, фізык-тэарэтык Леў Тамільчык:

“Фармаваньне складу адбываецца згодна з правіламі: кожны навуковы калектыў дэлегуе сваіх вылучэнцаў. Ад нашага інстытуту цэлы гурт і пайшоў туды. Ну, а я ў гэты гурт не патрапіў...”

Карэспандэнт: “На ваш погляд, практыка праводзіць зьезды навукоўцаў мае нейкі станоўчы эфэкт?”

“Нейкі эфэкт ён будзе мець. Але трэба дастаткова ясна ўяўляць сабе, што канструктыўныя пытаньні звычайна не вырашаюцца публічна. Тут збольшага элемэнты нейкага шоў і г.д. Але калі гэта добра падрыхтавана і пад гэтую справу яшчэ нейкія робяцца з боку кіраўніцтва жэсты добрыя, напрыклад, падвышэньне даплат за навуковыя званьні, – то гэта добра. Натуральна, нейкія выдаткі могуць быць з-за празьмернай заарганізаванасьці такіх мерапрыемстваў. Але гэта непазьбежна”.

У навуцы няма “прамежкавага зьвяна”

А вось кандыдат хімічных навук, загадчык лябараторыі Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі Аляксандар Шункевіч два дні будзе прадстаўляць на зьезьдзе інтарэсы сваёй установы. Цікаўлюся: ці верыць ён, што форум можа быць эфэктыўным спосабам заявіць аб праблемах беларускай навукі?

“Калі раптам выявіцца, што можна выступіць, – дык можа быць. Але сумняюся. Думаю, праграма ў якойсьці ступені пэўна што сфармаваная...”

Карэспандэнт: “А вам было б што сказаць? За сваю галіну ў прыватнасьці?”

“Ох, ня ведаю, гэта складанае пытаньне. Разумееце, мы ж вырашаем свае праблемы, рэальныя, якія яшчэ ёсьць. Але кожны ў вузкай вобласьці, бо ў кожнага яны свае. У кожнага свае задачы. А з гледзішча краіны – дык можа трэба шукаць людзей, якія больш ведаюць. Таму што тут дзе важнасьць? І сувязь з вытворчасьцю – ня толькі навука, проста голая, а менавіта з прыцэлам, што гэта дасьць для краіны. Якія на ўкараненьне, разьвіцьцё навукі далей. А так, канечне, праблемаў хапае. У нас імкліва старэе інстытут. І ня толькі інстытут, а ўвогуле акадэмія. Ёсьць сталыя людзі, і ёсьць моладзь. Прамежкавага зьвяна, на жаль, амаль няма”.

Прамежкавае зьвяно, паводле спадара Шункевіча, трэба шукаць ці ў замежных навуковых цэнтрах, ці ў іншых прафэсійных нішах. Нізкія заробкі прывабліваюць у навуку толькі сапраўдных “фанацікаў” сваёй справы.

Тэксты выступаў – пасьля рэзалюцыі Мясьніковіча

Былы кіраўнік НАН, акадэмік Аляксандар Вайтовіч, які застаўся па-за пулам вылучаных дэлегатаў, перакананы: нікому зь іх не дазволяць крытычных выказваньняў на стан навуковай галіны:

“Я ведаю, што прапануюць некаторым выступіць, дык неабходна было даць Мясьніковічу тэксты дакладаў. Таму што яны ня хочуць, каб гучалі ці ўздымаліся хоць нейкія праблемы. Зразумела, што ў такім выпадку гэта будзе цалкам прапагандысцкі сход. Праблемы, бачыце, ня будуць уздымаць, адфільтроўваюць – што гаварыць, а што не. Ну дык што гэта за зьезд такі? Толькі дзеля прапаганды будзе выкарыстаны! Дый чорт ведама колькі грошай зьбіраюцца ўкласьці – 1,5 мільярда рублёў! Разумееце, якія вялізныя грошы! А мы ня можам ня тое што купіць абсталяваньне, нават выпісаць часопісы патрэбныя няма за што. Лепш было б выкарыстаць гэтыя сродкі сапраўды на навуку, а не на такое “паказушнае” мерапрыемства”.

Напярэдадні зьезду ў навуковых колах зьявіліся чуткі пра магчымую адстаўку цяперашняга старшыні Акадэміі навук Міхаіла Мясьніковіча, які ўзначальвае структуру ад 2001 году. Маўляў, Савет Міністраў складае новы сьпіс прэзыдыюму НАН, і прозьвішча Мясьніковіча там ня значыцца. Аднак спраўдзіць такія зьвесткі пакуль ніхто не адважыўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG